Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

62

Чалавек з вялікім сэрцам

24.06.2010

У мінулую суботу ў аграгарадку Цімкавічы ўрачыста адзначылі 110-ю гадавіну з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, нашага земляка, чалавека з вялікім сэрцам, як называлі яго сучаснікі, Мікалая Карлавіча Раманоўскага, якога сусветная культурная грамадскасць ведае пад імем Кузьма Чорны.

Выдатны мастак беларускай прозы, дзіцячыя і юнацкія гады якога прайшлі ў Цімкавічах, за дваццаць адзін год нястомнай літаратурнай дзейнасці напісаў дзесяць кніг апавяданняў, пятнаццаць раманаў і аповесцей, некалькі п’ес, вялікую колькасць нарысаў, фельетонаў, публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў. Усім сваім жыццём і творчасцю Кузьма Чорны быў звязаны з простымі людзьмі, служыў ім, горача любіў свае родныя мясціны і часта ў думках вяртаўся туды.

Менавіта таму так ашчадна захоўваецца на Капыльшчыне памяць пра знакамітага земляка: у Цімкавічах яго імя носіць агульнаадукацыйная школа, гасцінна сустракае наведвальнікаў Дзяржаўны літаратурны музей Кузьмы Чорнага. А на месцы маёнтка, дзе нарадзіўся пісьменнік — у в. Жабчава — стаіць помнік, з наведвання якога і пачалася святочная праграма. Ушанаваць памяць знакамітага празаіка прыехалі вядомыя дзеячы літаратуры і мастацтва, мовазнаўцы, паэты і пісьменнікі. Яны ўсклалі кветкі да помнікаў, якія з’явіліся тут яшчэ 10 год таму, да 100-гадовага юбілею К. Чорнага. Карзіна з кветкамі да падножжа помніка — разгорнутай кнігі — была ўстаноўлена і ад Капыльскага раённага выканаўчага камітэта.

А ў літаратурным музеі Кузьмы Чорнага гасцей свята ўжо чакалі сюрпрызы: выстава лепшых работ юных мастакоў, якія працавалі над ілюстрацыяй твораў знакамітага земляка, і экспазіцыя, створаная па выніках фота- пленэра, што адбыўся ў маі. Як расказала дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч, у пленэры ўзялі ўдзел фотамайстры з фотаклуба “Мінск” і грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва”, якія праехалі па мясцінах, звязаных з імем К. Чорнага і свае адносіны да асобы майстра слова перадалі праз фотаздымкі, што нарадзіліся пасля гэтай паездкі. Пасля экскурсіі па музеі, якую правяла яго дырэктар Людміла Ніжэвіч, адбылося ўручэнне ўзнагарод пераможцам конкурсу юных мастакоў.

А ў Цімкавіцкім сельскім Доме культуры ўдзельнікаў свята ўжо чакалі мясцовыя жыхары. Перш чым распачаць святочную імпрэзу, сталічныя госці пазнаёміліся з вельмі цікавай выставай майстроў народнай творчасці, якія жывуць на тэрыторыі Цімкавіцкага сельскага Савета. І трэба сказаць, паглядзець было на што. Вышыванкі, вязаныя і тканыя рэчы, карціны, вырабы з саломкі, бісера, нітак і іншых матэрыялаў былі выкананы досыць прафесійна і прымушалі прыпыніцца і яшчэ і яшчэ раз палюбавацца іх прыгажосцю і непаўторнасцю.

Амаль дзве гадзіны доўжылася вечарына, насычаная ўспамінамі пра велічную постаць пісьменніка, разважаннямі пра ролю яго творчасці для сучаснікаў і наступных пакаленняў і проста словамі захаплення і замілавання той вобразнасцю, тымі характарамі, якімі насычаны творы К. Чорнага. Сярод выступоўцаў быў і ўнук Мікалая Карлавіча — Мікола Алегавіч Раманоўскі, які падзяліўся сваім бачаннем захавання духоўнай скарбніцы знакамітага дзеда. Дарэчы, з вялікім жалем прысутныя даведаліся, што некалькі тыдняў таму пайшла з жыцця дачка Кузьмы Чорнага — Рагнеда Мікалаеўна, якая знайшла свой апошні прытулак тут, на цімкавіцкай зямлі.

І апошнім, бадай, самым яркім акордам святочнай імпрэзы стаў канцэрт, падрыхтаваны выкладчыкамі Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў. Выступленні народнага ансамбля народнай музыкі “Капыляне”, вакальнага квартэта “Ілона”, сольныя спевы Аксаны Мельнічэнкі, Вячаслава Курчыка, Льва Канапляніка, танцавальныя нумары неслі толькі станоўчы зарад энергіі, яшчэ і яшчэ раз пацвярджаючы думку, што капыльская зямля багатая на таленты.

Маргарыта САКОВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: 1. Ускладанне кветак; 2. Выкладчык ДШМ С. Швайбовіч уручае дыплом прызёра конкурсу юнай мастачцы Машы Була; 3. Выступае ўнук К. Чорнага Мікола Раманоўскі;. 4. На сцэне Цімкавіцкага СДК - “Ілона”.

Фота аўтара


Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей