Пад такой назвай прайшла ў Бабаўнянскай сельскай бібліятэцы выстава работ па вышыўцы жыхаркі вёскі Рымашы Марыі Антонаўны Мяцельскай.
Сваё захапленне з юнацтва Марыя Антонаўна пранесла праз усё жыццё. Ніякія жыццёвыя цяжкасці не змаглі перабіць яе ахвоту да прыкладной творчасці.
Марыя Антонаўна родам з вёскі Юшавічы Нясвіжскага раёна, але так склаўся яе лёс, і яна пражывае ў вёсцы Рымашы. Сама Марыя Антонаўна выхоўвалася ў вялікай сям’і, таму з дзяцінства ведае цану хлеба, ніколі не цуралася сялянскай працы. У 14 гадоў пачаўся яе працоўны стаж. 28 гадоў яна добрасумленна адпрацавала даяркай на ферме мясцовай гаспадаркі РСУП «Бабоўня». У Марыі Антонаўны рана памёр муж, але, нягледзячы на гэта, яна выхавала добрых дзяцей, дапамагае ім гадаваць унукаў.
Праца, хатняя гаспадарка, выхаванне дзяцей — спраў хапала, але пра сваё захапленне Марыя Антонаўна не забывалася. Вышыўка ў большай ступені выражае жаночую душу і характар. «Калі садзішся за вышыўку, — кажа Марыя Антонаўна, — то ўкладаеш свае пачуцці і мары, стараешся прынесці радасць сабе і людзям». У доме Марыі Антонаўны шмат вышытых рэчаў: ручнікі, фіранкі, прасціны, сурвэткі, пакрывалы і інш. У кожным куточку дома бачны вынік працы яе залатых рук.
Дзверы дома Марыі Антонаўны Мяцельскай заўсёды адкрыты для гасцей. Вечарамі або проста калі ёсць вольная хвіліна ў яе збіраюцца суседкі пагаварыць, узгадаць сваю маладосць, абмеркаваць падзеі дня сённяшняга. Дзеліцца з усімі Марыя Антонаўна сваім майстэрствам — уменнем ствараць прыгожыя вышыванкі і ўтульнасць у доме. Дык няхай у вачах гэтай цудоўнай жанчыны гарыць агеньчык надзеі на свята, на радасць, на лепшае жыццё.
Марыя Антонаўна — актыўны чытач Бабаўнянскай сельскай бібліятэкі, менавіта таму тут і адбылася прэзентацыя яе выставы. Цяпер кожны наведвальнік бібліятэкі зможа пазнаё-міцца з яе творчасцю і пакінуць свае водгукі аб яе захапленні.
Святлана ГРУШЭВІЧ,
бібліятэкар Бабаўнянскай сельскай бібліятэкі
На здымку: М. А. Мяцельская
Комментарии