Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

78

Захаваць непаўторнасць семежаўскага ручніка

22.06.2010

У рамках рэалізацыі сумеснага пілотнага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН «Трывалае развіццё на мясцовым узроўні» па ініцыятыве Капыльскага райвыканкама на базе раённага Цэнтра ткацтва ў аграгарадку Семежава будзе створана «Школа ткачоў».

Адбор праграм праводзіўся на конкурснай аснове.  Ужо  аформлена і падпісана  Дэкларацыя партнёрства. Мэта гэтай ініцыятывы - развіццё рамяства і прапаганда ткацтва, як мясцовага віду народнай творчасці, садзейнічанне актыўнаму ўдзелу мясцовых жыхароў у павышэнні турыстычнай прывабнасці мясцовасці. Праект будзе садзейнічаць прыцягненню ўвагі да культурных традыцый рэгіёну, развіцця рамяства. Нагадаю, што адметнасцю семежаўскага ткацтва застаюцца знакамітыя і непаўторныя чырвона-белыя ручнікі, выкананыя закладной тэхнікай ткацтва, якая па-мясцоваму называецца «ў матрушы». Закладное ткацтва ў пачатку XX стагоддзя было ўжо рэдкай з’явай на Беларусі, і толькі ў Семежаве і бліжэйшых вёсках (Макраны, Лешня, Жыліхава, Гулевічы) гэтай тэхнікай майстрыхі ткалі ручнікі амаль да 90-х гадоў. Буйны геаметрычны арнамент мае больш за 20 мясцовых назваў.

Такі арнамент з’явіўся тут невыпадкова. Майстры з Семежава вазілі прадаваць свае вырабы не толькі ў бліжэйшыя гарады Слуцк, Нясвіж, Клецк, Капыль, але па рэках Морач, Случ, Прыпяць, далей па Дняпры плылі ва Украіну, прадавалі свой тавар, закуплялі мясцовы і вярталіся назад. Менавіта таму ўкраінскія матывы можна сустрэць у семежаўскіх ручніках, што ў спалучэнні з мясцовымі ўзорамі і закладным ткацтвам робяць іх надзвычай адметнымі.

На жаль, зараз традыцыі ткацкага рамяства страчваюць сваю папулярнасць сярод маладога пакалення. Носьбітаў унікальных традыцый народнага ткацтва становіцца ўсё менш. Таму ўзнікла вострая неабходнасць у распрацоўцы і прыняцці мер па перадачы гэтага рамяства маладому пакаленню.

У рамках праграмы па зберажэнні і развіцці народных промыслаў і рамёстваў у 2005 го-дзе ў Семежаве быў адкрыты раённы Цэнтр ткацтва. Майстры-метадысты ўстановы працуюць над выпускам сувенірнай прадукцыі, абараняюць гонар раёна на розных фестывалях, святах і конкурсах, вучаць дзяцей свайму майстэрству.

Падчас рэалізацыі новага праекта для турыстаў і ўсіх зацікаўленых ткацтвам будуць арганізаваны трохдзённыя майстар-класы «Тканыя вырабы сваімі рукамі», якія пройдуць пад кіраўніцтвам народнага майстра Беларусі Валянціны Міхайлаўны Кіені. Для падтрымкі зацікаўленасці дзяцей і падлеткаў  да гісторыі рэгіёну ў мясцовай школе ўводзіцца цыкл пазакласных заняткаў «Семежавазнаўства», у тым ліку раздзел «Гісторыя развіцця ткацтва в. Семежава. Асновы ткацтва». Зараз у раённым Цэнтры ткацтва вядуцца работы па  абсталяванні вучэбнага класа для заняткаў ткацтвам, пашыраецца і абнаўляецца дзеючая экспазіцыя.

У рамках ажыццяўлення праграмы «Школа ткачоў» плануецца правядзенне інфармацыйнага семінара для жыхароў Семежаўскага сельсавета па арганізацыі агратурызму і патрабаванням да стварэння аграсядзіб. Інфармацыя аб рабоце «Школы ткачоў» размесціцца на сайце Капыльскага райвыканкама.

А ў цэлым праект будзе садзейнічаць развіццю турыстычнай інфраструктуры зялёнага маршрута «Міжрэчча Мажы і Морачы», які будзе праходзіць па тэрыторыі Семежаўскага   сельсавета.

Наталля ХОЛАД,

дырэктар раённага Цэнтра ткацтва


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей