Менавіта так можна назваць агляд мастацкай самадзейнасці калектываў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі Цімкавіцкага сельсавета, які прайшоў у Цімкавіцкім сельскім Доме культуры і быў прысвечаны 65 гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Адкрыў агляд калектыў Цімкавіцкага дзіцячага ясляў-сада. У канцэртнай праграме гучалі песні, прысвечаныя абаронцам нашай Айчыны. Акрамя работнікаў дашкольнай установы ў канцэрце прымалі ўдзел і бацькі маленькіх выхаванцаў: сямейны дуэт Аксаны і Уладзіміра Лосевых.
Напярэдадні жаночага свята сваю праграму, прысвечаную Міжнароднаму жаночаму дню, прадставіў калектыў самадзейнасці сельскага Савета дэпутатаў. У складзе калектыву былі работнікі сельвыканкама, а таксама жыхары сельсавета розных узростаў, дэпутаты. На адным дыханні праляцелі паўтары гадзіны выступлення самадзейных артыстаў, у выкананні якіх гучалі песні пра маці, каханне і сяброўства. Лэся Чаркас спявала на ўкраінскай мове. Добра ўспрымаліся песні ў выкананні жаночай і мужчынскай вакальных груп, Валянціны Корбут, Аляксандра Бычэнкі. А пенсіянерка Любоў Пінчук прачытала верш «Заболела мать». Маленькія артысты Надзея Острыкава і Мікіта Ермалінскі выступілі з песняй «Моя мама лучшая на свете». На працягу ўсяго канцэрта ў зале панавала атмасфера добрага настрою і ўтульнасці. Раўнадушных не было.
Наступным было выступленне самадзейных артыстаў ААТ «Аўтамабільны парк №21». Увогуле, калектыву прадпрыемства характэрна ладзіць канцэрты: там заўседы была добра развіта мастацкая самадзейнасць, якой у 60-70 гады кіраваў Леанід Язерскі. I на гэты раз калектыў не падвёў. На «ўра» ўспрымаліся гледачамі выступленні Валянціны Радкевіч, Алы Дайнэкі, Веры Ермалінскай. Незабыўным было выступленне сямейнага дуэта ў складзе дачкі і бацькі Гужавых.
Сваю эстафету калектыў аўтапарка перадаў самадзейным артыстам хлебапрыёмнага пункта, чыгункі, буракапрыёмнага пункта. Тэматыка канцэртнай праграмы была самая разнастайная. Узнімалі настрой гледачоў дуэт у складзе Алены Марук і Валерыя Булата, сольнае выступленне Галіны Дылеўскай. Атмасферу ўзнёсласці стварыла Верка Сярдзючка, ролю якой выконвала Наталля Парэйка. Не засталіся раўнадушнымі гледачы і да выступлення Марыны Баўтрук. Адзначу, што на працягу канцэрта ў глядзельнай зале знаходзіліся кіраўнікі амаль усіх гэтых прадпрыемстваў. А Клецкі камбікормавы завод прыслаў на канцэрт нават групу падтрымкі ў складзе шасці чалавек.
Напярэдадні свята гумару канцэртную праграму прадстаўлялі работнікі Цімкавіцкай участковай бальніцы. Яны на працягу гадзіны трымалі аўдыторыю ў атмасферы гумару і весялосці. Уся праграма была падрыхтава на медыцынскую тэматыку. Перакладзеныя тэксты песен, сцэнічнае прадстаўленне медыцынскіх працэдур, прыёму пацыентаў - вось невялікі пералік нумароў мастацкай самадзейнасці у выкананні медыцынскіх сясцёр Святланы Цераховіч, Алены Бенька, Марыны Холад, Жанны Маскалевіч. А зубны фельчар Яўген Канапелька паказаў сапраўднае майстэрства ў тэатральным жанры. Даспадобы прыйшліся выступленні Валянціны Бярновіч і Ірыны Жардзецкай.
Надоўга запомніцца жыхарам аграгарадка выступленне калектыву мастацкай самадзейнасці сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага ў складзе настаўнікаў і вучняў установы. На сцэне панавала атмасфера ўрачыстасці і ўзнёсласці ад тэматыкі, якая была абрана выступоўцамі: ад ваеннага часу да сучаснасці. Непаўторныя галасы Алены Гарбуз, Таццяны Максіменкі, Віталія Стрэлкіна, вакальнай групы, а таксама вучняў старэйшых класаў не маглі не ацаніць бурнымі апладысментамі ўдзячныя гледачы. З роляй вядучай добра справілася Таццяна Маляўка. А кадрыль у выкананні танцавальнай групы вучняў старэйшых класаў пад кіраўніцтвам Таццяны Хаўрэнкавай на імгненне перанесла ўсіх у мінулае. Людзі старэйшага ўзросту ўспомнілі той час, калі пад кіраўніцтвам заслужанай настаўніцы школ БССР, былога дырэктара школы Зінаіды Іосіфаўны Раманенкі працавала некалькі танцавальных калектываў, хор, домравы ансамбль і духавы аркестр, народны тэатр.
Выступленне калектыву мастацкай самадзейнасці ААТ «Капыльскае» выпала на самы разгар пасяўной кампаніі. Аднак, нягледзячы на такую гарачую пару, канцэрт атрымаўся на славу. Здавалася, што вядучыя Юля Прахарэня і Аляксей Сергіеня ніколі не сыходзяць са сцэны, бо выконвалі сваю ролю як прафесійныя артысты. Заварожвалі ўсіх сваімі спевамі сямейныя дуэты Чэмікавых і Лосевых, а таксама вакальная група.
Завяршыла фестываль выступленне калектыву дзіцячай школы мастацтваў мілагучнымі мелодыямі ў выкананні выкладчыкаў і самых маленькіх выхаванцаў. Удзячныя гледачы доўга не адпускалі са сцэны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Карповіча. Пабольш бы такіх талентаў! Цымбалы, акардэон, дудка, выступленне вакальнай групы - усё гэта яшчэ раз даказвае, што нам ёсць кім і чым ганарыцца.
У нас ёсць будучыня, хочацца верыць, што яна ў надзейных руках, што толькі прыгажосць і дабрыня выратуюць свет. Ад нас залежыць, куды мы накіруем і што пакінем нашым нашчадкам. Я ўпэўнена, што калі будзем сябраваць з песняй, мы зможам зрабіць гэты свет дабрэйшым, і ўсё задуманае ў нас атрымаецца.
Алена Острыкава,
старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама
Комментарии