Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

38

Душа яго заўсёды рвецца сюды...

22.06.2010

24 чэрвеня спаўняецца 110 год з дня нараджэння Кузьмы Чорнага, аднаго з выдатных прадстаўнікоў беларускай літаратуры, пісьменніка вялікага таленту. Кузьма Чорны - аўтар раманаў «Зямля», «Бацькаўшчына», «Трэцяе пакаленне», «Сястра», «Ідзі, ідзі», «Пошукі будучыні», аповесцей «Лявон Бушмар», «Вясна», «Люба Лук’янская», «Насцечка», «Скіп’еўскі лес», п’ес «Базылевічава сям’я», «Ірынка», шматлікіх апавяданняў, публіцыстычных і крытычных артыкулаў і многіх іншых твораў.

Пісьменнік жыў і гадаваўся ў асяроддзі простых людзей. Усім сваім жыццём і ўсёй творчасцю ён быў звязаны з гэтымі людзьмі, служыў ім, горача любіў свае родныя мясціны - Цімкавічы. «... Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма,» - так пісаў Кузьма Чорны ў артыкуле «У імя будучыні» ўвосень 1941 года. Згадваюцца і словы Гётэ, які ў свой час казаў: «Калі хочаш зразумець паэта, пабывай на яго радзіме». 3 бацькоўскай зямлёй, з роднымі, мілымі сэрцу мясцінамі звязаны былі творчыя і жыццёвыя памкненні пісьменніка, з яго Цімкавічамі і цімкаўлянамі, у жыцці якіх, як у кроплі расы, адлюстроўвалася жыццё ўсёй краіны ў даваенныя і пасляваенныя часы. У вобразах і характарах яго твораў цімкаўцы пазнавалі сябе,  а сам Кузьма Чорны прызнаваўся, што матэрыялаў пра землякоў яму хапіла б на ўсё жыццё. Усё ў гэтых творах асветлена замілаваннем да родных людзей, балючай памяццю аб родных мясцінах. Слуцк, Лядна, Гулевічы, Браткава, Комсічы, Піліпавічы, Сіняўка - усе гэтыя, як і многія іншыя, назвы ў чорнаўскіх творах гучаць сапраўды музыкай, якая ідзе ад самага сэрца, ад душы. Неяк хораша становіцца ад усведамлення, што і ён, незабыўны Кузьма Чорны, колісь ішоў гэтымі мясцінамі, каб пазней ужо, стаўшы пісьменнікам, перадаць усю вабнасць гэтую ў сваіх творах. Ды як перадаць!

На беразе невялічкай рачулкі, якая цякла ў ваколіцах Цімкавіч, любіў пасядзець у засені дрэў, марыў аб дні заўтрашнім, аб тым, як будуць жыць новыя, трэція пакаленні. Памяць гэтую аб сваім земляку ў Цімкавічах і раёне дбайна захоўваюць. I вось зноў дата, звязаная з яго імем, - 110-я гадавіна з дня нараджэння. «Магутны талент» - кніжная выстава з такой назвай, прысвечаная яго жыццю і творчасці, аформлена ў Цімкавіцкай сельскай бібліятэцы, «Летапісец бурлівага часу» - у  цэнтральнай раённай бібліятэцы імя А. Астрэйкі.

Каб ушанаваць памяць славутага земляка, у Дзяржаўным літаратурным музеі Кузьмы Чорнага, што ў Цімкавічах, плануецца правесці літаратурна-музычную кампазіцыю «I плыве твой радок,  і гучыць тваё слова» з удзелам знакамітых людзей, землякоў Кузьмы Чорнага, жыццё якіх звязана з роднымі мясцінамі пісьменніка, - Алеся Марціновіча, Алеся Бельскага.

У рамках тыдня краязнаўства плануецца таксама правесці літаратурную кампазіцыю «Святло яго таленту» ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя А. Астрэйкі і літаратурнае падарожжа «3 думкаю пра народ» у Цімкавіцкай сельскай бібліятэцы. Цэнтральнай раённай бібліятэкай імя А. Астрэйкі надрукаваны інфармацыйна-краязнаўчы даведнік «Магутны талент», прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка, які змяшчае творы Кузьмы Чорнага, літаратуру аб ім, верш Мікалая Майсюка, прысвечаны пісьменніку, пад назвай «Славутаму земляку».

Таццяна Астрэйка,

загадчыца аддзела бібліятэчнага

маркетынгу Капыльскай ЦБС


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей