Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

56

Вострым словам набліжаў перамогу

22.06.2010

24 чэрвеня 1941 года Кузьма Чорны пакінуў ахоплены пажарам Мінск. У Крычаве ён з’явіўся ў ваенкамат і стаў байцом Чырвонай Арміі. Але ў хуткасці быў адкліканы. У пасведчанні  чытаем:   “Военнообязанному   запаса  Романовскому Н. К. предоставлена отсрочка от призыва по мобилизации в Красную Армию на время войны как работающему при редакции ЦК КП(б) Беларуси в должности работника по выпуску агитплакатов”. К. Чорны прасіўся паслаць яго ў акупіраваную Беларусь, каб змагацца з ворагам разам з народнымі мсціўцамі, але просьба была адхілена: не тое здароўе.

Да жніўня 1941 года ў Гомелі К. Чорны ўдзельнічаў ў выданні малым фарматам газеты “Звязда”. Аднак у верасні 1941 года ў невялічкім горадзе Болхаў Арлоўскай вобласці, дзе стаялі цэлы месяц, у сувязі са складаным становішчам выданне газет “Звязда” і “Советская Белоруссия” спыняецца. Аб’яднаныя журналісцкія сілы двух калектываў пачалі выдаваць газету “Савецкая Беларусь” на беларускай мове для насельніцтва акупіраваных раёнаў рэспублікі.

Мікалай Карлавіч быў назначаны загадчыкам літаратурнага аддзела, сакратаром – Павел Кавалёў. Ён успамінаў: “З верасня 1941 года і да самага вызвалення Беларусі К. Чорны працаваў у газеце “Савецкая Беларусь”. І працаваў так старанна і сумленна, што можна было параўнаць яго працу з працаю салдата-франтавіка, рабочага каля станка. Супрацоўнікі не могуць прыпомніць ніводнага выпадку, каб Мікалай Карлавіч спазніўся на працу ў рэдакцыю, ці гэта гады, калі былі ў маленькім гарадку, ці тады, калі ў Маскве на плошчы Пушкіна, у будынку рэдакцыі газеты “Известия”, дзе рэдакцыі “Савецкай Беларусі” былі адведзены два невялікія пакойчыкі.

Прыйшоўшы ў рэдакцыю, К. Чорны з усімі ветліва вітаўся, быў з кожным уважлівым. Садзіўся за рабочы стол і схіляўся да матэрыялаў чарговага нумара газеты”.

Падрыхтаваныя К. Чорным матэрыялы да апублікавання ніколі не затрымліваліся і не вярталіся для дапрацоўкі. А на лятучцы адзначаліся як узорныя і па змесце, і па літаратурнай апрацоўцы. Асаблівую ўвагу праяўляў да дакументаў, расказаў відавочцаў, якія траплялі ў рэдакцыю з акупіраваных раёнаў Беларусі. А ў выніку адзін за адным пісаліся вострыя памфлеты аб “новым парадку”, аб гаспадаранні фашыстаў на нашай зямлі, аб нечувалых зверствах над малымі і старымі. Вось толькі некаторыя з іх “Душа в штанах”, “В разведке”, “Кружевное прикрытие”, “Как немец на свинье в вечный покой въехал”, надрукаваныя ў агітплакаце “Раздавим фашистскую гадину”, падпісаныя псеўданімам Ігнат Булава з-пад Турава.

Кузьма Чорны лічыцца самым буйным беларускім памфлетыстам. Публіцыстыка пісьменніка на старонках газеты “Савецкая Беларусь” і газеты-плаката “Раздавим фашистскую гадину” – гэта ўзор грамадзянскай пазіцыі пісьменніка, вострая зброя ў барацьбе за перамогу над азвярэлым ворагам.

К. Чорнаму належыць пастаянная рубрыка ў газеце “Каб хутчэй прыйшло на нашу вуліцу свята – забі немца-ката”.

Вельмі трапныя загалоўкі, якія выклікалі чытацкую цікавасць, аказвалі моцнае ўздзеянне. Артыкулы “Жыла і жыць будзе беларуская зямля!”, “Народная нянавісць”, “Дзеля будучыні”, “Блізкі час расплаты!”, “Перамога будзе за намі!” перадрукоўваліся ў партызанскіх выданнях.

Усяго за час вайны К. Чорны напісаў каля 60 апавяданняў. Выступленні на старонках “Савецкай Беларусі” “Супраць звера”, “Нямецкае вараннё над Случчынай”, “Нямецкая цаца шырокага спажывання” рабіў па-мастацку баявіта, бо дакладна ведаў становішча спраў у акупіраваных раёнах і ўсім сэрцам патрыёта далучыўся да ўсенароднай барацьбы – партызанскага руху. “Гнеў народа – пісаў К. Чорны, — разліваецца бурным акіянам і змяце з твару зямлі нямецкую погань і ўсіх, хто ёй служыць”.

У артыкуле “Нямецкае вараннё над Случчынай” другі яго загаловак такі “Акупанты ствараюць яшчэ 60 маёнткаў”.

К. Чорны вёў перапіску з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі. Засталося толькі некалькі лістоў К. Чорнага да П. Глебкі,  ліст К. Чорнага і П. Кавалёва да Я. Купалы і адказ Я. Купалы да іх. Супрацоўнікі рэдакцыі “Савецкая Беларусь” успамінаюць такі выпадак. П. Глебка прыслаў ім свой верш “Пасылка”. Калі К. Чорны прачытаў яго, ён заплакаў. У гэтым вершы ёсць такія радкі:

Хто ад маткі, хто ад жонкі –

Кожны вестку атрымаў,

Толькі мне з маёй старонкі

Ні пасылкі, ні пісьма.

К. Чорнаму таксама не даходзілі лісты ад родных, і ён вельмі хваляваўся, як там жонка з дачкой, што з роднымі ў Цімкавічах.

Публіцыстыка, фельетоны, памфлеты пісьменніка паклалі пачатак выдання літаратурнага дадатку да газеты – невялічкіх кніжачак. Першай была выдадзена яго кніжка пад назвай “Кат у белай манішцы”.

Пазней К. Чорны з П. Кавалёвым склалі і выдалі вершаваныя кніжкі “Адпомсцім” Я. Коласа і “Беларускім партызанам” Я. Купалы. Яны мелі вялікі поспех у партызан і насельніцтва. Сваім пафасам, вострынёю пісьмен-ніцкага  слова яны стралялі прама па акупантах. Рэдактарам усіх трох выданняў, якія яны рыхтавалі, быў Ц. С. Гарбуноў.

Творы К. Чорнага змяшчаліся не толькі ў друку. Ён выступаў на радыёстанцыі “Савецкая Беларусь”. Захаваўся толькі адзін заклік К. Чорнага “Да беларускага народа”. Запіс яго знаходзіцца ў музеі К. Чорнага.

18 студзеня 1942 года ў Казані адбыўся радыёмітынг прадстаўнікоў беларускага народа пад назвай “Ніякай літасці нямецкім акупантам!” Выступалі на ім Я. Купала, М. Танк і К. Чорны.

Трагедыю дзяцей у гады Вялікай Айчыннай вайны ўдалося паказаць у творы “Маленькая жанчына”, які, відаць, вырас з нарыса “Народная нянавісць”, а таксама ў “Расплаце”, “Фашысцкія зверствы ў Віцебску”.

У пачатку чэрвеня 1942 года К. Чорны сустракаўся з камандзірам партызанскага атрада Палесся Ц. П. Бумажковым. Бумажкоў прыязджаў у Маскву для атрымання ўзнагароды - Залатой Зоркі Героя Савецкага Саюза. У хуткім часе радыёстанцыя “Савецкая Беларусь” перадала нарыс пісьменніка “Бумажкоўцы – слаўныя сыны беларускага народа”.

У лістападзе 1942 года быў надрукаваны нарыс К. Чорнага “Подзвіг ціхага чалавека” ў газеце “Савецкая Беларусь”. Пад тэкстам рукапісу гэтага матэрыялу быў зроблены надпіс: “Славянскім камітэтам паслана ў Амерыку для славянскіх газет”.

У час вайны К. Чорны напружана працаваў. Нейкі час жылі ў гасцініцы “Масква” ў Маскве на дзевятым паверсе. М. Танк, Ісак Шмефер (намеснік рэдактара газеты “Савецкая Беларусь”), Павел Кавалёў жылі ў адным пакоі, а насупраць у маленькім - К. Чорны.

Вось што ўспамінае П. Кавалёў: “Калі не зойдзеш, абавязкова ўбачыш яго за сталом. К. Чорны не губляў дарма часу, працаваў адначасова над некалькімі творамі. На стале ў яго ляжалі некалькі разгорнутых агульных сшыткаў. Пасядзіць некалькі гадзін над адным, потым устане, паходзіць з кута ў кут па пакоі, а потым зноў ідзе да стала і бярэ ў рукі другі сшытак. Творчая актыўнасць К. Чорнага захапляла ўсіх нас, заклікала працаваць па законах ваеннага часу.

У тыя месяцы, калі жылі ў гасцініцы “Масква”,  немцы  часта бамбілі горад. Па радыё аб’яўлялі аб палётах і загадвалі спускацца ў бомбасховішча. Некалькі разоў спусціўся Мікалай Карлавіч. А потым адмаўляўся і жартаваў: “Мы ж на дзевятым небе… Ад бомбы схаваліся… А там, унізе, і засыпаць можа, ды так, што і не выберашся…” Уначы лажыўся спаць, а днём у час палётаў садзіўся да стала і працаваў”.

І яшчэ адна з вясёлых дэталей, якая таксама раскрывае нам характар К. Чорнага. У канцы 1942 года П. Кавалёў жыў з ім у маленькім пакойчыку гасцініцы “Якар”. Было вельмі холадна, амаль не распраналіся. У гасцініцы не было гарачай вады, каб папіць чаю. І вось што рабіць К. Чорны. Знайшоў недзе кавалкі электрычнага проваду. З аднаго канца зрабіў вілку, а да другога далучыў пласцінку белай бляхі, нібыта кіпяцільнік. Кавалёў выходзіў у карыдор і сачыў, каб ніхто з адміністрацыі не захапіў іх на месцы “злачынства”, а ў кубку закіпала вада.

У лістападзе 1942 года К. Чорны перанёс інсульт. Страчвае зрок і не можа пісаць. Але ён не можа і ляжаць, нічога не робячы, бо ведае, што ўвесь народ змагаецца з лютым ворагам, які топча родную зямлю. К. Чорны прыдумвае зрабіць трафарэт і, намацаўшы рукой лінейку, піша, працягвае ствараць свае неўміручыя творы.

Пазней у сваім дзённіку ён напіша: “Хвароба мая пакрысе пакідае мяне. Не было яшчэ такога, каб мая паправа спынілася. Увесь час павольна сочыцца ачуньвацца. Ужо і цяпер як мае быць, лёгка і многа, як і да хваробы, працую. Якое гэта шчасце! Гэтымі днямі я заўважыў, што ўжо добра бачу ліст паперы ўвесь так, каб пісаць на ім роўным радком, які б шырокі ліст паперы не быў. Я пішу, бачу з акна мокры дах, і ў душы маёй ціхая радасць вялікая: як добра я ўжо бачу!”

Улетку 1943 года, калі хвароба адступіла і мог хадзіць, на некалькі месяцаў К. Чорны перабраўся ў Пушкіна, пад Масквой, дзе размя-шчаўся шпіталь Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Сюды прыводзілі раненых партызан. Пісьменнік шмат размаўляў з імі, збіраў матэрыял.

К. Чорны знаходзіць час для сустрэчы з маладымі пісьменнікамі. Іван Мележ прынёс прачытаць яму сваё першае апавяданне. К. Чорнаму яно спадабалася. Ён пахваліў маладога пісьменніка, падбадзёрыў, даў свае парады. Мележ у сваю чаргу прысвяціў К. Чорнаму апавяданне “У завіруху”.

Калі пачынаецца вызваленне Беларусі, у друку з’яўляюцца яго артыкулы “Варочаецца жыццё”, “Настаў вялікі дзень”, “Ваўкі ратуюць скуру”. Нават па назвах артыкулаў можна адчуць, якая радасць напаўняла К. Чорнага, калі пачалі вызваляць яго родную зямлю.

Вось толькі некалькі радкоў з артыкула “Настаў вялікі дзень”: “Мы любім сваю родную зямлю чыстай душой і вялікім сэрцам. Не прагнасць на чужое, а творчасць і праца дзеля бацькаўшчыны – гэтым жыве чалавек.

Нашай роднай беларускай зямлі давялося перанесці першы ўдар ад нямецкай зграі. Прыйшоў дзень расплаты і вызвалення. Блізка той дзень, калі ўстане з руін і Гомель, і Мінск, Віцебск і Магілёў… Блізка дзень мірнай працы на вольнай беларускай зямлі”.

К. Чорны заканчвае работу над самым буйным творам перыяду Вялікай Айчыннай вайны раманам “Пошукі будучыні”. Піша сваю аўтабіяграфію. Працуе над раманамі “Млечны шлях”, “Вялікі дзень”, піша “Сумліцкую хроніку”.

Пад вялікім уражаннем, што Чырвоная Армія ўзяла Мінск, пачынае весці дзённік. Гэта быў яго не першы дзённік. К. Чорны вёў іх і раней, але толькі ён адзін захаваўся, астатнія згарэлі ў пажарах у Цімкавічах у бацькавай хаце (1933 год) і ў доме ў Мінску.

Вось некалькі радкоў з дзённіка: “Самае важнае – маё пяро і раманы. Пакуль жыў – дзяўбу пяром камень. Пяро трывалае”.

К. Чорны марыць увесь час, каб вярнуцца ў сваю родную сталіцу. “Каб хоць у Мінск, цішыня і спакой, хоць і на папялішчы. Абы ціхі кут і штодзень спакойна пісаць”, — чытаем у дзённіку.

І мара яго збываецца. Калі вызвалілі Мінск, К. Чорны прыязджае і пасяляецца на вуліцы Савецкай у паўразбураным доме. У яго дзённіку ёсць такія радкі: “Учора ўночы паведамілі ў зводцы, што ўзялі Цімкавічы, Вялікую Раёўку, Жавалкі… Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў, гэта ўсё адтуль, сапраўднае…”

Пра яго настрой выразна гаворыць артыкул “Дзень добры, Беларуская зямля!”, які быў надрукаваны ў першым нумары літаратурнага часопіса “Беларусь”.

З верай у будучае К. Чорны піша артыкул “Будучыня сталіцы”, які быў надрукаваны ў газеце “Звязда” 9 кастрычніка 1944 года. Гэта была апошняя прыжыццёвая публікацыя пісьменніка. У яго было шмат задум. Пісаў аповесць “Скіп’ёўскі лес”, распрацоўваў план напісання новага рамана.

Але здароўе рэзка пагоршылася. 22 лістапада 1944 года перастала біцца сэрца вялікага пісьменніка. На стале застаўся ляжаць рукапіс незакончанай аповесці “Скіп’ёўскі лес” і апошнія словы ў дзённіку: “Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?”

А ў 1945 годзе была выдадзена кніга “Вялікае сэрца”, куды ўвайшлі апавяданні ваеннага часу.

К. Чорны так і не дажыў да Вялікай Перамогі, у  якую верыў і прыбліжаў сваёй працай, сваімі творамі.

Людміла НІЖЭВІЧ,

дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея К. Чорнага


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей