Сучасная школа павінна ствараць умовы для развіцця гарманічна развітой асобы, фарміраваць якасці грамадзяніна, патрыёта, працаўніка, сем’яніна. З мэтай павышэння якасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання, абмену вопытам сустрэліся члены гурткоў “Патрыёты Радзімы” (кіраўнік Барыс Дзенісюк) ДУА “Слабадакучынская СШ” і “Капыльшчыназнаўства” (Вадзім Салавей) ДУА “Пацейкаўская СШ”. Дадзенае мерапрыемства рэалізуецца ў рамках міжнароднага праекта “Захоўваючы гісторыю, ствараем будучыню”.
Ужо два гады доўжыцца сяброўства паміж дзвюма школамі. Супрацоўніцтва дае цудоўныя магчымасці для ўдасканальвання вучэбна-выхаваўчага працэсу, фарміруе ў дзяцей грамадзянскую пазіцыю і патрыятычную свядомасць. Падчас сустрэчы дырэктар школы Валянціна Кандыбовіч пазнаёміла гасцей з сістэмай работы педагагічнага калектыву, правяла экскурсію па кабінетах, спартыўнай зале, школьнай сталоўцы.
Затым члены гуртка “Капыльшчыназнаўства” наведалі гісторыка-краязнаўчы музей імя І. С. Трацэўскага, на базе якога і дзейнічае гурток “Патрыёты Радзімы”. Юныя экскурсаводы Слабадакучынскай СШ Крысціна Францкевіч, Крысціна Астрэйка, Яна Коршук, Таццяна Русаковіч, Ульяна Кунцэвіч, Кацярына Дайлід, Марына Міхайлоўская расказалі пра гісторыю в. Слабада-Кучынка, археалагічныя помнікі мясцовасці, заняткі насельніцтва, знакамітых землякоў.
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны краязнаўцам з Пацейкаўскай СШ было цікава пазнаёміцца з экспазіцыяй зброі Вялікай Айчыннай вайны: вінтоўкай Мосіна, рэвальверам сістэмы Нагана, станкавым кулямётам Максіма. Вельмі спадабалася, як юнакам, так і дзяўчатам, экспазіцыя “На службе Айчыне”, асабліва форма воіна-дэсантніка СССР: кіцель з аксельбантам, значкі, берэт. А Кацярына Гірко і Марыя Ганчар нават прымералі ваенную форму і зрабілі памятныя фота-здымкі. Гэта яны зрабілі з радасцю і задавальненнем, паколькі іх бацькі служылі ў Савецкай Арміі: Кацярыны – на граніцы, Марыі – у Афганістане.
Падчас сустрэчы гурткоўцы абедзвюх школ дамовіліся аб сумесных паходах, экскурсіях, турыстычных злётах па месцах баявой і працоўнай славы ў час летніх канікул.
Напрыканцы мерапрыемства да прысутных звярнуўся кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі Вадзім Салавей: “Беражыце, захоўвайце, перадавайце ў спадчыну самае найлепшае, што створана беларускім народам! Мае маладыя сябры, хочацца спадзявацца, што ў будучым вы станеце сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі нашай краіны.”
Барыс ДЗЕНІСЮК,
намеснік дырэктара ДУА “Слабадакучынская СШ” па вучэбна-выхаваўчай рабоце
На здымку: удзельнікі сустрэчы.
Комментарии