Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

18

Доктар ад Бога

18.03.2012
Цвіцкая школа дала пуцёўку ў жыццё многім вучоным і спецыялістам розных галін народнай гаспадаркі. Не злічыць медыкаў, якія выратавалі і ратуюць ад хвароб тысячы людзей. Яркай зоркай на медыцынскай ніве ззяе імя доктара медыцынскіх навук Вальдэмара Віктаравіча Раманенкі. Нарадзіўся Дзіма, як мы яго называлі ў дзяцінстве, 15 сакавіка 1937 года ў мястэчку Цімкавічы. Ён быў другім у сям’і настаўнікаў Віктара Сяргеевіча і Зінаіды Іосіфаўны Раманенкаў. Маці выкладала рускую мову і літаратуру, а бацька да пачатку вайны быў дырэктарам рускай школы. У вайну было цяжка дзецям, але цяжэй было іх бацькам. Многае давялося перажыць: гібель сяброў і знаёмых, бамбёжкі, радасць вызвалення. А вось Віктару Сяргеевічу давялося яшчэ ваяваць да канца вайны. Як успамінала Зінаіда Іосіфаўна Раманенка, у верасні 1944 года забурліла жыццё ва ўцалелых хатах, дзе пачаліся заняткі ў тры змены. Як Дзіма радаваўся, што пайшоў у першы клас! Ён ужо ўяўляў сябе дарослым і ва ўсім стараўся дапамагаць маці, бо ў той было шмат клопату: і вучыць дзяцей у тры змены, таму што  настаўнікаў не хапала, і паралельна кіраваць драматычным калектывам. Ужо да канца года цімкаўляне паглядзелі спектакль “Харошая суседка”. Шквал авацый стаў “зялёным святлом” будучаму народнаму тэатру. Кларыса і Вальдэмар, а пасля і малодшая Вольга, неслі таксама цяпло сваёй маме шчырымі апладысментамі. А ў яе  знаходзіўся час для хора, струннага аркестра і аркестра народных інструментаў. Хлопчык сам прымаў актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці, іграў у ансамблі. У такім асяроддзі ў Дзімы і яго аднакласнікаў выхоўваліся самыя лепшыя чалавечыя якасці. І вучыўся ён на выдатна. Калі прыйшоў з фронту бацька, хлопчык адчуў сапраўднае шчасце. А як ганарыўся ён мамай, якая на дырэктарскай пасадзе выве-ла цімкавіцкую дзесяцігодку  ў лік лепшых на Міншчыне. Вальдэмар Віктаравіч у 1954 годзе заканчвае на выдатна 10 класаў і паспяхова паступае ў Мінскі медыцынскі інстытут. Пасля  атрымання дыплома яго накіроўваюць у  Капыль-скую раённую бальніцу, дзе ён спачатку будзе працаваць тэрапеўтам. — У тэрапеўтычным аддзяленні Вальдэмар Віктаравіч Раманенка зарэкамендаваў сябе выдатным спецыялістам.  Выпускніку медінстытута дапамаглі набрацца практычных ведаў і вопыту капыльскія ўрачы Аляксандр Сямёнавіч Грынюк, Вера Іванаўна Мрочак і Рыгор Самуілавіч Туроўскі, — успамінала былы ўрач райбальніцы Святлана Мікалаеўна Тамашэўская. Здольнага маладога ўрача прыкмеціў і галоўны ўрач райбальніцы Яўген Антонавіч Брыкальскі, які неўзабаве прызначыў яго сваім намеснікам. Але Вальдэмар Віктаравіч вырашыў прысвяціць сябе навуцы. І вось у 1964 годзе паспяхова здае экзамен у Беларускі інстытут ўдасканалення ўрачоў і паступае ў аспі-рантуру на кафедру тэрапіі. У 1968 годзе паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю. Давялося яму папрацаваць выкладчыкам у Гродзенскім медінстытуце і ў Мінскім педінстытуце на кафедры грамадзянскай абароны, намеснікам дырэктара па навуцы і навуковым кіраўніком тэрапеўтычнага аддзялення Беларускага навукова-даследчага інстытута экспертызы і арганізацыі працы інвалідаў. У 1981 годзе запрашаюць на працу ў Беларускі інстытут удасканалення ўрачоў, а праз некаторы час выберуць загадчыкам кафедры.  У 1990 годзе Вальдэмар Віктаравіч Раманенка паспяхова абароніць доктарскую дысертацыю, а ў 1991 — стане прафесарам. Ім напісана каля 200 навуковых работ, якімі карыстаюцца ўрачы-кардыёлагі і тэрапеўты, падрыхтавана 5 кандыдатаў навук. Акрамя выкладчыцкай і навуковай працы Вальдэмар Віктаравіч займаецца лячэннем лю-дзей. Ён лічыцца адным з лепшых урачоў Міншчыны і з’яўляецца кансультантам кардыялагічнага аддзялення Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Прафесар паспяхова ўкараняе ў работу медустановы сучасныя метады дыягностыкі і лячэння хворых. Шмат урачоў-тэрапеўтаў рэспублікі павысілі сваю кваліфікацыю, набраліся вопыту ў вучонага з Цімкавіч. Вальдэмар Віктаравіч з’яўляецца членам вучонага савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый пры Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Але б дзе не працаваў Раманенка, не забывае родную школу. Яму было прыемна ў розныя часы сустрэцца з выпускніком 1918 года пісьменнікам Міколам Хведаровічам, было аб чым пагаварыць з заслужаным урачом БССР Мікалаем  Марозам, з вядомым журналістам-публіцыстам Марыяй Варчэняй-Карпенка, з іншымі слыннымі выхаванцамі навучальнай установы. Любіць ён родную Капыльшчыну і стараецца прыехаць на юбілейныя святы нашага гарадка ці Цімкавіч. За гэта шчыры дзякуй яму. Мы зычым нашаму земляку плённай працы ў навуцы, моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту. Іван ІГНАТЧЫК, г. Капыль  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей