Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

38

Добразычлівасць і прыгажосць Ліны Антонаўны

18.03.2012
Гледзячы на паслужны спіс урача Капыльскай ЦРБ Ліны Антонаўны Пуставой, цяжка зразумець, як такое магчыма – паспяваць усюды і пры гэтым заставацца прыгожай жанчынай. 19 сакавіка 1947 года ў вёсцы Дусаеўшчына ў сям’і Антона Вайкуль, дзе падрасталі 15-гадовая  дачка і 13-гадовы сын, нарадзілася дачушка Ліначка. Была такая маленькая і кволая, што адразу яе называлі божым анёлам. З ранняга дзяцінства дзяўчынка любіла гуляць ў “бальніцу”. Лялькі і плюшавы мядзведзь былі за хворых.  Уколамі  станавіліся тонкія палачкі з чароту. З узростам ёй захацелася даведацца пра ўнутраную будову мышэй і жаб. Ужо ў дзіцячыя гады Ліна марыла, што стане хірургам, каб дапамагаць людзям. Здольная да навукі дзяўчына скончыла СШ №2 г. Капыля з сярэбраным медалём. Можна было атрымаць і залатую ўзнагароду, але крыху не сябравала з фізкультурай – не дазваляла здароўе. У 1965 годзе мара дзяцінства збылася. Ліна паспяхова вытрымлівае экзамен у Гродзенскі медінстытут. У час вучобы  студэнтка-актывістка, камсамолка, першая прыгажуня курса сустрэла сваю другую палавінку: у яе закахаўся  стараста групы, кучаравы Пуставы Валерка. Ах, якая гэта была цудоўная пара! Спачатку паміж маладымі людзьмі ўспыхнуў невялічкі агеньчык кахання, а затым разгарэлася полымя. Вяселле адзначалі ўсёй групай. Перад дзяржаўнымі экзаменамі ў Пуставых нарадзілася дачушка Іначка. У 1971 годзе па размеркаванні сям’я Пуставых прыязджае на працу ў Капыльскую ЦРБ. Ліна Антонаўна працуе хірургам, а з 1976 года яшчэ і загадчыкам аддзялення пералівання крыві. Вялікай радасцю ў сям’і Пуставых стала нараджэнне сына Віталія. Няпроста было з двума дзеткамі: накарміць, памыць і папрасаваць адзенне, дапамагчы падрыхтаваць урокі і выправіць у школу. Частымі былі і начныя дзяжурствы. Не падлічыць, колькі разоў  прыходзілася падымацца ноччу, пакідаць  хворых дзетак і ісці выконваць свой прафесійны абавязак. І вось здарылася ў Пуставых бяда. Заўчасна пайшла з жыцця старэйшая сястра Ліны Антонаўны. І яна бярэ на выхаванне трох маленькіх дзяўчынак. Любові, ласкі і дабрыні хапала на   ўсіх. Ніколі яна не дзяліла дзяцей на сваіх і чужых, ніколі не пакрыўдзіла сірот. Праўда, бяда адна не ходзіць. У росквіце сіл памёр любы муж, клапатлівы бацька. Але  гора  не зламала гэту жанчыну. Яна і сёння па сваім жыццёвым шляху ідзе велічна і горда. А ганарыцца ёсць чым. Выхавала і дала вышэйшую адукацыю сваім дзецям. Сярод іх – урачы, педагог, юрыст і кандыдат гістарычных навук. Радуюць душу і сэрца ўнукі, асабліва самыя малодшыя – Сёмка і Лерачка. Жыццярадаснасць, камунікабельнасць дазваляюць Ліне Антонаўне лёгка кантактаваць з людзьмі. Яна   знаходзіць неабходныя словы спагады, каб зняць боль хвораму чалавеку.  На твары заўсёды ўсмешка і добразычлівасць. У яе шмат сяброў, у якіх яна цэніць індывідуальнасць, шчырасць і адкрытасць. За 41 год  працы Ліна Антонаўна Пуставая неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі, мела шматлікія падзякі ад кіраўніцтва бальніцы, Міністэрства аховы здароўя, неаднаразова заносілася на Дошку гонару. Урач-жанчына і сапраўдная маці з’яўляецца Ганаровым донарам Рэспублікі Беларусь. За  добрае сэрца, залатыя рукі, уважлівыя і чулыя адносіны да людзей яе сёння ведаюць  і  помняць ва ўсіх кутках Капыльшчыны і не толькі. На пытанне, што было галоўным за пражытыя гады, Ліна Антонаўна адказала: “Мой жыццёвы арыенцір – здароўе людзей! Калі бачу, што чалавек у настроі і з усмешкай, адчуваю натхненне і асалоду  ад  сваёй  любімай  справы”. Барыс Дзенісюк, намеснік дырэктара па  вучэбна-выхаваўчай рабоце  ДУА “Слабадакучынская СШ” На здымку: Л. А. Пуставая  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей