Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

52

Творчасць, непадуладная часу

22.06.2010

(да 110-годдзя з дня нараджэння Кузьмы Чорнага)

З творамі выдатнага беларускага пісьменніка Кузьмы Чорнага пазнаёміўся ў дзіцячым узросце, калі наведваў Цімкавіцкую сельскую бібліятэку. Яна тады мясцілася паблізу ад так званай грэблі, і загадвала ёю Вольга Маеўская. Менавіта яна прыцягнула ўвагу маю і маіх равеснікаў Віктара Паржына, Уладзіміра Марына, Віктара Мароза да кніжных скарбаў земляка. Кніг пісьменніка было сапраўды багата - у розных пераплётах і вельмі зачытаных. Было некалькі шматтомных збораў, але бібліятэкар дазваляла томнікамі карыстацца толькі ў чытальнай зале. У бібліятэку тады часта заходзіў вядомы цяпер краязнавец Фёдар Абрамчык. Ён, як прыязджаў у водпуск, так і не абмінаў кніжную скарбніцу. З кнігамі Чорнага Абрамчык  пасябраваў да вайны, калі вучыўся ў Цімкавіцкай дзесяцігодцы. Давялося аднойчы пабачыць самога класіка. Як потым успамінаў Фёдар Канстанцінавіч, яму здавалася, што чалавек, які так цікава апісвае жыццё ў сваіх аповесцях і раманах, падобны на Льва Талстога, такі ж стары і барадаты, а тут у школу зайшоў прыгожы малады чалавек, які цікава, з гумарам змог расказаць вучням пра персанажаў сваіх твораў.

Хоць і нарадзіўся Мікалай Карлавіч у маёнтку Боркі каля Жабчава, але на ўсё жыццё застаўся цімкавіцкім местачкоўцам. Ды і ўсе яго героі кніг выкрысталізаваліся ў Цімкавічах. Дарэчы, узятае другое прозвішча Чорны – вулічная мянушка яго дзеда Міхаіла Парыбка. Па бацьку ён Раманоўскі, і калі заглянуць у інвентары, то ўбачым, што продкі яго жылі ў засценку Волькі каля Руднага і былі земянамі, а гэта значыць, што ў жылах славутага цімкаўца цякла шляхецкая кроў. І таму, калі пра пісьменніка пішуць даследчыкі, што бацькі яго сяляне, – гэта не адпавядае рэчаіснасці. І хоць бацька пакаштаваў сялянскай працы ў Лапцічах, усё роўна застаўся местачкоўцам. Як ён сам успамінаў, “мае продкі па маці Парыбкі, а па бацьку Раманоўскія, як і ўсе мяшчане, займаліся рамяством, і для іх падспор’ем было земляробства, але тым не менш не з’яўляліся сялянамі”.

Паспяхова Мікалай закончыў гарадское вучылішча і паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Яна мясцілася ў цэнтры горада. Тут ён пасябраваў з Мікалаем Мікулічам з Пацеек, Канстанцінам Шкуцькам з Комсіч і Васілём Сянюком з Гулевіч. Хлопцы жылі разам на прыватнай кватэры. Мікола часта смяшыў сяброў, артыстычна, з мімікай перадаваў розныя прыгоды з жыцця цімкаўцоў. Таму невыпадкова Кузьма Чорны быў адным з першых стваральнікаў народнага тэатра ў 1918 годзе. Разам з сынамі цімкавіцкага святара Жалезніковіча Мікалай Карлавіч ставіў на сцэне п’есы вядомых беларускіх пісьменнікаў Качанца, Купалы.

Белапольская акупацыя Нясвіжа не дала магчымасці Мікалаю Раманоўскаму закончыць семінарыю. Хлопец  перажываў, а тут яшчэ маці Гліцэрыя Міхайлаўна цяжка захварэла. Не дапамаглі і лекі, якія ёй з цяжкасцю даставаў сын. І ў 1921 годзе, перад Тройцай, яна памерла.

Мікола ў той час працаваў у Цімкавіцкім валасным рэўкоме, пазней давялося быць настаўнікам у местачковай сямігодцы. У школе яго апаноўвае творчы парыў. Ён часта заседжваецца за сталом і піша, піша, піша. Спачатку завастрыў увагу на вершах, але зразумеў, што лепш атрымоўваюцца сюжэты ў прозе.  У маі 1923 года першае апавяданне “На граніцы” з’явілася ў газеце “Савецкая Беларусь”. Пра поспехі сына бацьку Міколы  расказалі  дзяўчаты суседа Дамені. Каралёк спачатку не паверыў, а потым, калі ўзяў газету ў рукі, узрадаваны абняў хлопца.

Гэта падштурхнула настаўніка Раманоўскага схадзіць у Мінск і падаць дакументы на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага універсітэта. Тут ён добра вучыцца (1923-1925 гг.), а з-пад яго пяра выходзіць шмат апавяданняў, якія змяшчаюцца ў перыядычным друку. Літаратурны заробак так-сяк падкарміў цімкаўца, бо стыпендыі ён не атрымліваў. Даводзілася нават ноччу са студэнтамі разгружаць вагоны. А за кватэру плаціў пуд мукі, які з горам папалам праз балаголаў дастаўляў бацька. Калі ж улетку прыязджаў на канікулы, то прывозіў шмат рукапісаў, якія хацеў давесці да толку, бо лічыў, што некаторыя творы павінны вылежацца і выспець. Усё складваў у куфэрак, але ў 1933 годзе на Капыльскай вуліцы мястэчка ўзнік пажар, які знішчыў шмат дамоў і літаратурныя схованкі пісьменніка.

У апавяданнях і аповесцях Чорнага пазнаюцца выпісаныя постаці землякоў. Напрыклад, дзядзька Язэп у творы “Хвоі гавораць” – гэта сваяк пісьменніка Адамовіч. Дарэчы, унукі гэтага Адамовіча па прозвішчы Бука  жывуць сёння ў Цімкавічах і ганарацца, што з’яўляюцца сваякамі беларускага класіка.

Суседзі пісьменніка Касікоўскія, Кастэцкія, Яроцкія сталі прататыпамі герояў у многіх яго апавяданнях. Кузьма Чорны любіў Цімкавічы, любіў пахадзіць па ваколіцах і пагаварыць з местачкоўцамі. Летам 1937 ён прыехаў у любыя і дарагія родныя мясціны. Хату бацька ўжо адбудаваў на новым месцы ў так званых  прысадах. Настрой падняўся, але, калі вярнуўся ў Мінск, у душы пасялілася трывога, бо над літаратарамі завіс молах рэпрэсій, а ён працаваў загадчыкам кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Нездаровілася  жонцы, незда-ровілася  самому.  Пайшоў К. Чорны па лекі ў аптэку 14 кастрычніка 1938, а вярнуўся дадому 8 чэрвеня 1939 года. Як страшны сон, яму на ўсё жыццё запомніліся турэмныя пакуты.

Заспакаенне прыносілі сустрэчы ў Доме пісьменніка, дзе наладжваліся розныя выставы і выступленні пісьменнікаў. Прыемна яму было сустрэцца з Янкам Купалам, з якім ён пасябраваў у 1925 годзе. Пясняр любіў Кузьму Чорнага і  часта бываў у доме нашага славутага земляка. Дачка пісьменніка Рагнеда Мікалаеўна ўспамінала: “Дом наш быў хоць і не багаты, але гасцінны, вакол бацькі заўсёды раіліся людзі… Наведваліся да нас Купала, Броўка, Глебка, Кучар, Зарэцкі, Хадыка…”

Кузьма Чорны працаваў вельмі плённа, з-пад яго пяра выходзіла шмат раманаў і аповесцей, але вайна парушыла планы, у яе полымі за-гінула шмат рукапісаў: раманы “Вялікае выгнанне”, “Простыя людзі”, “Судны дзень”. Сям’я пісьменніка жыла тады каля вакзала. Бомба фашысцкага сцярвятніка абваліла першы пад’езд пяціпавярховага дома, чацвёрты не закранула - так лёс пашкадаваў Чорных.

Затым будзе Масква. Чорны ўдзельнічае ў выданні газеты-плаката «Раздавим фашистскую гадину».

У 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі Кузьма Чорны вярнуўся з сям’ёй у Мінск, а восенню яго гарачае сэрца спынілася. Шмат задум засталіся не здзейсненымі.

А як ён марыў пабываць у родных мясцінах і пабачыць Цімкавічы! З імі ў пісьменніка былі звязаны мары і задумы.

Дзякуючы намаганням тадышняга дырэктара Цімкавіцкай СШ Зінаіды Іосіфаўны Раманенкі ў 1950 годзе школьнай установе было прысвоена імя слыннага беларускага класіка. 24 чэрвеня 1964 года каля школы быў адкрыты мемарыяльны музей Кузьмы Чорнага. Карэспандэнт райгазеты “Слава працы” Усевалад Гурыновіч пра гэтую важную падзею даў свой рэпартаж. На ўрачыстасць прыехалі народны мастак БССР Заір Азгур, беларускія  пісьменнікі Анатоль Астрэйка, Сцяпан Александравіч, Іван Кудраўцаў, а таксама сёстры класіка Марыя Карлаўна і Ганна Карлаўна Раманоўскія і яго дачка Рагнеда Мікалаеўна.

Дапамаглі сабраць матэрыялы сёстры пісьменніка, жонка Рэвека Ізраілеўна Раманоўская, дачка Адама Бабарэкі Алеся, сябар пісьменніка Уладзімір Дубоўка і многія літустановы.

Святкаванні юбілеяў слыннага земляка праходзілі ў музеі. З 1994 года яго ўзначальвае Людміла Іосіфаўна Ніжэвіч (Камінская), якая шмат робіць па прапагандзе творчасці беларускага класіка.

Цімкаўляне шануюць і зберагаюць памяць пра свайго слыннага земляка.

Іван ІГНАТЧЫК


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей