Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

63

На варце здароўя малышоў

22.06.2010

Дзіцячая паліклініка на ўжо звыклым для капылян месцы працуе два дзесяткі гадоў. Будынак не з’яўляецца тыповым, дзе ёсць два ўваходы: з аднаго боку – для здаровых дзяцей, з другога – для хворых. Але з гэтай праблемай педыятры стараюцца спраўляцца: малышам, якім неабходна зрабіць толькі прышчэпку ці прайсці  прафілактычны агляд, спецыяльна вызначаны два  дні на тыдні (аўторак і чацвер).

Як адзначыла загадчык дзіцячай паліклінікі Наталля Іскрыцкая, значна прасцей стала працаваць з уводам талоннай сістэмы. Для бацькоў гэта вельмі зручна: заказваеш талон, дзе дакладна ўказаны час і прозвішча спецыяліста, які вядзе прыём. Хаця ў большасці выпадкаў галоўная рэкамендацыя для мамаў і татаў – наведваць свайго ўчастковага ўрача. Дзякуючы такому падыходу спецыялістам лягчэй сачыць за здароўем дзяцей, арыентавацца, каму з іх удзяліць больш увагі.

Сёння ў Капылі функцыянуюць чатыры гарадскія педыятрычныя ўчасткі, дзе на варце здароўя хлопчыкаў і дзяўчынак стаяць урачы Наталля Іскрыцкая, Людміла Рымашэўская, Таццяна Васілеўская, Анжэла Пісарык, а работу медсясцёр трэці год узначальвае старшая медыцын- ская сястра Галіна Грышчук.

У гутарцы Наталля Міхайлаўна падкрэсліла, што ў апошні час колькасць дзяцей ва ўзросце да года пастаянна павялічваецца. Вялікую ўвагу медыкі надаюць прафілактычным мерапрыемствам, асабліва з маладымі матулямі. Добра вядома, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым яе лячыць.

Акрамя стацыянарнага прыёму ўрачы дзіцячай паліклінікі выязджаюць на дом, калі паступае выклік. Усе тэлефонныя званкі на працягу рабочага дня фіксуе ў рэгістрацыйным журнале вопытны спецыяліст Надзея Нікалаеня, якая ўсё жыццё прысвяціла педыятрыі. Уся нагрузка па абслугоўванні дзяцей на даму ўскладаецца на спецыялістаў дзіцячай паліклінікі. Акрамя гэтага, педыятры з’яўляюцца сумяшчальнікамі і для аказання кансультацыйнай дапамогі выязджаюць на сельскія ўрачэбныя ўчасткі – у Грозаўскую, Песачанскую амбулаторыі і Старыцкую ўчастковую бальніцу.

Адным з важных напрамкаў у дзейнасці дзіцячай паліклінікі з’яўляецца работа з сацыяльна небяспечнымі сем’ямі. Бацькі, якія не аказваюць належную ўвагу дзецям, не займаюцца іх выхаваннем, злоўжываюць спіртнымі напіткамі, маюць тэндэнцыю несвоечасова звяртацца па медыцынскую дапамогу. Таму практычна палова работы педыятра – работа з такімі дзецьмі. Падчас штодзённага наведвання спецыялісты дзіцячай паліклінікі сочаць за тым, каб у такіх хлопчыкаў і  дзяўчынак былі пастаянна прадукты харчавання, чыстае адзенне і г. д.

Капыльскія педыятры нясуць сваю службу і ў начны час. Калі дзіця паступае ў прыёмны пакой цэнтральнай раённай бальніцы, для аказання яму дапамогі туды спяшаецца дзяжурны ўрач. І такіх выклікаў можа быць некалькі за ноч.

Час не стаіць на месцы: з’яўляюцца новыя прэпараты, падыходы ў лячэнні разнастайных хвароб. Таму раз у тры гады медыцынскія работнікі павышаюць свой прафесійны ўзровень на курсах павышэння кваліфікацыі. Магчыма, дзякуючы гэтаму ў раёне не назіраецца рост узроўню дзіцячых захворванняў.

Карыстаючыся выпадкам, Наталля Міхайлаўна дзякуе калектыву за самаадданую працу, а ўсіх калег віншуе з прафесійным святам – Днём медыцынскага работніка.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКУ: Умее наладзіць кантакт з маленькімі пацыентамі Наталля Іскрыцкая.

Фота аўтара


Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей