У рэгіянальным адборачным туры рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча прымалі ўдзел юныя музыканты з дзіцячых школ мастацтваў Капыля, Клецка, Нясвіжа, Снова, Аножак і Гарадзеі.
У мерапрыемстве, што прайшло ў Клецку, удзельнічалі сем юных капылян. Малодшую ўзроставую групу прадстаўлялі Валерыя Лазарэвіч (кл. цымбалаў, настаўнік С. В. Радзюкевіч, акампаніятар М. П. Сільвановіч), якая атрымала грамату за лепшае выкананне сваіх твораў, і Вера Васілеўская (кл. гітары, настаўнік Л. М. Канаплянік). Сярэднюю групу прадставілі Павел Луцэвіч, Андрэй Вайцяховіч (кл. гітары, настаўнік Л. М. Канаплянік), Вераніка Дарашэвіч, Валерыя Кахановіч (кл. цымбалы, настаўнік С. В. Радзюкевіч, акампаніятар А. М. Мельнік), Настасся Лушчыцкая (кл. домра, настаўнік Т. А. Новік, акампаніятар А. М. Мельнік). Усе канкурсанты атрымалі падзяку за ўдзел у конкурсе. Чароўныя гукі цымбалаў, баяна, акардэона, гітары, балалайкі, домры ўсіх гасцей і ўдзельнікаў конкурсу зачаравалі. І, здавалася, кожны быў дастойны прадстаўляць раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу. Пераможцамі музычнага спаборніцтва сталі цымбалістка Валерыя Кахановіч і Настасся Лушчыцкая па класе домра.
Ужо ў канцы лютага капыляне прынялі ўдзел у II абласным туры, які прайшоў у г. Салігорску.
– Стаць пераможцамі – гэта нялёгкая праца, — дзеляцца сваімі ўражаннямі выкладчыкі Капыльскай ДШМ Святлана Радзюкевіч і Тамара Новік. — Мы па-сапраўднаму крануты тым, што дзеці з вялікай адказнасцю рыхтаваліся да конкурсу, старанна працавалі над уменнем трымацца на сцэне.
Па выніках абласнога тура капыляне адзначаны граматамі ўпраўлення культуры аблвыканкама.
Таццяна БОХАН
Фота з архіва ДШМ
На здымку: В. Кахановіч і Н. Лушчыцкая
Комментарии