Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

28

Нітачка да нітачкі...

08.03.2012
Яркія пунсовыя макі, сціплыя браткі, зграбныя лебедзі з доўгімі гнуткімі шыямі, задумлівыя вочы Божай Маці, якія зазіраюць, здаецца, у самае сэрца – усё гэта на вышыванках майстрыхі з Лоцвін Галіны Іванаўны Шыманскай. Жанчына, перад якой лёс выстройвае адно за адным самыя цяжкія выпрабаванні, здолела іх вынесці, магчыма, толькі таму, што трымае непарыўную сувязь з прыгажосцю, дзень і ноч жыве з ёю. Менавіта ў любімай справе яна знайшла выратавальную крыніцу, якая сілкуе яе жыццёвыя сілы. …А ўсё пачыналася вельмі цудоўна. Лоцвінская дзяўчына выйшла замуж за свайго аднавяскоўца Міхаіла, паехала з маладым мужам працаваць на шахту. На Смаленшчыне Шыманскія атрымалі кватэру, пачалі ўладкоўвацца. Але шахта хутка была зачынена, і перад маладой сям’ёй паўстала пытанне, што рабіць далей. Можна было па прыкладзе старэйшага Мішавага брата паехаць працаваць на іншую шахту, ужо на поўнач краіны, альбо вярнуцца дамоў у родныя Лоцвіны. Абралі апошняе. Уладкаваліся ў саўгас “Бабоўня” – ён вадзіцелем, яна – даяркай на ферму. Гаспадарка выдзеліла дом, нарадзіліся і выраслі чацвёра дзяцей – старанных і шчырых памочнікаў. Першая страшная бяда пастукала ў дзверы, калі Галіна Іванаўна адпрацавала на ферме 26 гадоў. Карова моцна ўдарыла жанчыну па назе, што прывяло да інваліднасці. Але яшчэ большае выпрабаванне было наперадзе. Распавядаючы пра гэту старонку свайго жыцця, Галіна Іванаўна не хавала слёзы. Яе адзіны сынок, яе Ванечка, вярнуўся дамоў з заробкаў з Расіі… у труне. А было яму толькі 32 гады. Колькі гора можа вытрымаць матчына сэрца, ведае толькі яно адно. Рана не загаілася і да гэтай пары. Струмень нястрымных слёз змог супыніць толькі сон, які ў адну з кароткіх начэй убачыла спакутаваная матуля. Нібыта  ідзе яна поруч са сваім Ванечкам, а той без сарочкі, толькі ў майцы. “Чаму ж ты не апранешся, сынок? Холадна ж”, — запытала. “Хачу крыху абсохнуць…” – пачулася ў адказ. Бацюшка, да якога па параду звярнулася жанчына, патлумачыў: “Гэта ён просіць, каб не плакала…” Каб неяк забыцца пра бяду, стала яшчэ больш вышываць. Часта нават начамі, калі ніяк не магла даклікацца сну. Нітак, самых розных колераў і адценняў, было шмат. Узоры брала з часопісаў. Ахвоты дадавала і тое, што яе творчасцю зацікавіліся іншыя. “Мае вышыванкі часта просяць на выстаўкі, — расказвае Галіна Іванаўна. – У нашым клубе паказвалі, у Лясное і Капыль вазілі. У мяне ёсць граматы і каштоўныя падарункі за гэта. Жанчына пачала перабіраць цудоўныя вышываныя ручнікі, просціны, абрусы, карціны, і яе вочы раптоўна заіскрыліся, нібы тыя краскі на работах. Было відаць, што яна добра памятае, калі і колькі часу было патрачана на кожную вышыванку, што для яе гэта — сапраўдны скарб, які яна старанна, нітачка да нітачкі, назапашвае для сваіх унукаў, праўнукаў… А яны таксама не забываюць пра бабулю з дзядулем. Праўда, Міхаіл Міхайлавіч можа цешыцца імі толькі лежачы на сваім ложку. Па ўсім відаць, сямейная трагедыя таксама нанесла сакрушальны ўдар па яго здароўі. Вадзіцеля з 47-гадовым стажам напаткаў інсульт. Затым быў другі, трэці… Апошні прыкаваў мужчыну да ложка і не адпускае ўжо 8 гадоў. “Дзякуй Богу, што ў нас такія клапатлівыя дзеці, — гаворыць Галіна Іванаўна. – А то што б я з ім рабіла! Сама хаджу толькі з дапамогай дзвюх палак. А так, дочкі прыбягуць, усё, што трэба, зробяць. Добрыя яны ў мяне”. Святлана і Жанна жывуць у Лоцвінах, абедзве працуюць у жывёлагадоўлі, сярэдняя Ірына таксама недалёка – у Нясвіжы. Не забываецца на свёкра і свякроў і нявестка Наташа. “Нам, калі на свята збіраецца ўся сям’я, іншых гасцей не трэба – сваіх поўная хата, — усміхаецца Галіна Іванаўна. – Вось гады тры таму адзначалі наша з мужам залатое вяселле…” Пры гэтых словах яе вочы зноў затуманіліся і пацягнуліся тонкай заслонай са слёз… Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара На здымку: Г. І. Шыманская  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей