У Дзень 8 Сакавіка Наталля Калевіч з Бабоўні атрымае словы віншавання і сціплыя, але такія дарагія яе сэрцу падарункі ад двух самых любых і галоўных мужчын у яе жыцці – сыноў Аляксандра і Кірыла. А сама, каб надаць падзеі ўрачыстасць, паставіць на стол набытыя ў магазіне торт і іншыя пачастункі. “Спячы што-небудзь не змагу, проста часу не хапае, — дзеліцца Наталля. – Падчас перапынку паміж ранішняй і вячэрняй дойкамі трэба па гаспадарцы ўправіцца, абед дзецям прыгатаваць, прыбрацца і памыць бялізну. Ды і стамляюся вельмі…”
Сапраўды, жанчыне адной у вёсцы, жывучы ў прыватным доме і меўшы гаспадарку, няпроста спраўляцца з усімі хатнімі справамі. Так сталася, што сумеснае жыццё з мужам не заладзілася. Засталася адна з двума сынамі на руках. Гэта цяпер, калі хлопцы падраслі – старэйшы Саша заканчвае 9 клас Лясноўскай СШ, а гарэза Кірыл вучыцца ў 4 класе Бабаўнянскай школы-сада – у яе з’явіліся добрыя памочнікі. А спачатку было вельмі складана. Атрымаўшы чатыры гады таму добраўпарадкаваны катэдж, Наталля імкнулася, як і ўсе навасёлы, абжыцца, набыць мэблю, бытавую тэхніку. Каб расплаціцца з крэдытамі, згаджалася на ўсе падработкі, што ёй прапаноўвалі на ферме. Спраўляецца з усім, і самае галоўнае, што не дае ёй зламацца, – валявы характар, упартасць і імкненне дабіцца пастаўленай мэты.
Усяму гэтаму яе, можна сказаць, навучыла жыццё. Наталля пасля заканчэння школы выйшла замуж і прыехала за мужам на яго радзіму ў Бабоўню. Сама родам са Стаўбцоўшчыны, расла ў шматдзетнай сям’і, акрамя яе было яшчэ шэсць сясцёр і братоў. Ёй добра знаёма праца ў жывёлагадоўлі – і маці, і бабуля ў свой час рупіліся на ферме. Таму ў снежні 2004 года яна з ахвотай прыняла прапанову загадчыцы МТФ “Бабоўня” Ганны Кручок пайсці працаваць даяркай. Альянс аказаўся ўзаемавыгадным. Ганна Станіславаўна абгрунтавана лічыць, што ў кожнай справе перш за ўсё павінна быць дысцыпліна. Тады і рэзультат з’явіцца. А Наталлі ў большай ступені ўласціва гэта рыса характару. Магчыма таму і справы ў яе ідуць на лад. Штогод яна з’яўляецца адной з лепшых даярак гаспадаркі. Так атрымалася і летась: Наталля Калевіч надаіла па 6400 кг малака ад кожнай каровы сваёй групы. Менавіта за стараннасць і выніковую працу на сёлетнім раённым злёце перадавікоў яна атрымала заслужаную ўзнагароду ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК.
Кожны чалавек жыве прадчуваннем нейкай радасці. У бліжэйшы час Наталлю чакае яшчэ адна: Аляксандр, які стаіць на парозе базавай школы, мяркуе ступіць у дарослае жыццё і прысвяціць свой лёс адной з будаўнічых спецыяльнасцей. Што да Кірыла, то ў гэтага хлопчыка ўсе мары яшчэ наперадзе. І адна з іх, напэўна, — бачыць сваю маму заўсёды шчасліваю. Бо без шчасця чалавек, як птушка з падбітым крылом – здаецца і жыве, але лунаць у небе не можа.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
На здымку: Н.Г Калевіч
Комментарии