Параўняўшыся са знаёмымі веснічкамі, я міжволі спыніла позірк на пяцікутнай зорцы на доме. Ведаючы, што мяне сустрэне не ветэран Вялікай Айчыннай вайны Баранчык Уладзімір Канстанцінавіч, а яго ўдава, з самотай у душы ступіла на падворак.
Стэня Аляксандраўна выйшла насустрач, запрасіла ўвайсці ў хату. Пагаварыўшы пра паўсядзённае, я доўга разглядала сямейныя альбомы, а пасля папрасіла гаспадыню расказаць пра ваенны лёс мужа і наогул пра сваю сям’ю.
Як аказалася, Валодзя нара-дзіўся 20 красавіка 1925 года ў пасёлку Якушоўшчына. Маці памерла, калі хлопчыку было 12 гадоў. Бацька, разумеючы, што аднаму будзе цяжка выгадаваць сыноў Сяргея, Аляксея, Валодзю і дачку Сафію, ажаніўся зноў. Нараджэнне зводнай сястры крыху аддаліла мачаху ад старэйшых дзяцей. Але, лічачы асноўным абавязкам працу, а бядой толькі смерць, сям’я аб’ядноўваецца, што прыдае ім сілу. Бацькі працуюць у саўгасе, дзеці – іх добрыя памочнікі дома.
Вайна пачалася, калі Валодзю ішоў 17-ы год. У канцы 1942 года юнак быў прымусова забраны ў капыльскую нямецкую камендатуру, і хутка цягнік ужо вёз ні ў чым не вінаватых маладых людзей у Германію.
І пачалася катаржная праца пад наглядам канваіраў. Зняволеныя выраблялі на заводзе запчасткі для лакаматыўных цягнікоў, спалі ў бараках канцлагера. Непасільная праца, баланда замест яды, недасыпанне, дубінкі назіральнікаў — усё забірала апошнія сілы. Старэйшыя падбадзёрвалі юнака, які па ўзросце быў самы малодшы.
— Трымайся, ты павінен выжыць!
Аднойчы ноччу ў барак пранік незнаёмец. Ён гаварыў, што Беларусь вызвалена, хутка вайне канец, бо савецкія войскі ўжо ідуць у наступленне.
— Нельга сядзець і чакаць, каб прыйшлі вас вызваляць. Згуртоўвайцеся, знішчайце ахову і вырывайцеся з пекла.
Незнаёмец знік, як невідзімка. Вестка аб угоне ім з тэрыторыі лагера нямецкага самалёта дала штуршок для дзеяння. Больш як 300 нявольнікаў голымі рукамі знішчылі вартаўнікоў казарм (і самі панеслі ахвяры, бо па ўцекачах стралялі з кулямётаў і самалётаў).
Уладзімір з двума хлопцамі, апынуўшыся на тэрыторыі нямецкага хутара, схаваўся ў закінутай старой студні, якая заставалася іх прыстанішчам некалькі дзён. Ноччу вылазілі, каб знайсці яду на полі: зерне, бульбу.
Аднойчы ноччу пачулі ціхія галасы (руская мова!). Паднялі на палцы над студняй шапку і пачулі стрэл у свой бок, на паднятую паўторна шапку зноў прагучаў выстрал. Савецкія разведчыкі забралі хлопцаў у штаб. Камандзір штаба, распытаўшы, даў загад накарміць іх.
У роце Уладзіміру далі амерыканскі аўтамабіль, які ён хутка навучыўся вадзіць. На баявой машыне з устаноўленымі “кацюшамі” салдат вызваляў гарады Венгрыі, Чэхаславакіі, Румыніі. Пасля вяртання на радзіму працягваў службу ў арміі ў г. Бабруйску.
Вярнуўшыся восенню 1951 года дадому, застаўся працаваць шафёрам. Праз год згулялі вяселле з прыгажуняй аднавяскоўкай Стэняй, якая працавала на палявых работах. Жылі ў саўгасных, пабудаваных да вайны, кватэрах, дзе нара-дзіліся два сыны Саша і Валянцін У пабудаваным ужо сваімі рукамі доме нарадзілася дачка Святлана.
Дзеці падрасталі, вучыліся добра. Старэйшы Аляксандр пасля заканчэння СШ № 2 г. Капыля ў 1971 годзе паступае ў Ленінградскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Праз год яго курсантам становіцца і малодшы Валянцін.
Аляксандр пасля заканчэння вучобы служыў у ваенных часцях у Мурманску, Бабруйску, Ельску. Два гады знаходжання ў афганскім катле камандзіру ўзвода Баранчыку нанеслі раны, але не зламалі, як і бацьку, і захавалі чысціню душы. За доблесную службу яму, пасля вываду войск з Афганістана, ордэн Чырвонай Зоркі ўручаў сам Л. І. Брэжнеў. Зараз палкоўнік запасу Баранчык на пенсіі, жыве разам з сям’ёй у Мазыры.
Валянцін Уладзіміравіч Баранчык да выхаду на пенсію перадаваў свае веды маладым салдатам у воінскіх часцях краіны.
Пры ўзвядзенні Кургана Славы ветэранам вайны Уладзіміру Канстанцінавічу Баранчыку і Івану Іванавічу Радкевічу, як прадстаўнікам ветэранскай арганізацыі Капыльшчыны, было даручана завезці і пакласці ля падножжа Кургана Славы прыгаршчы капыльскай зямлі, як знак памяці пра загінуўшых.
Бацька і сыны… Яны сваім служэннем Айчыне зрабілі ўсё, каб амаль 68 гадоў мы не ведалі жахаў вайны. Уладзімір Канстанцінавіч памёр у 1991 г., пахаваны на капыльскіх могілках. Няма ўжо і сына Валянціна.
Закончыўшы свой аповед, Стэня Аляксандраўна выцерла слёзы і пасля паўзы прадоўжыла: “Вайна забрала і майго брата Барысевіча Іосіфа, 1925 г. н. Аб яго франтавых дарогах расказаць няма каму. Але вялікай радасцю было тое, што на запыт сына Аляксандра 8 верасня 1999 г. прыйшоў адказ з ваеннага камісарыята за подпісам падпалкоўніка Ю. Рабко: “Высылаем фотакарткі з месца пахавання Вашага сваяка радавога Барысевіча Іосіфа Аляксандравіча, 1925 г.н., загінуўшага і пахаванага ў г. Калінінградзе”.
Вельмі хочацца Стэні Аляксандраўне прынесці кветкі да брацкай магілы ў в. Дусаеўшчына, дзе б да пералічаных загінуўшых на фронце былі дапісаны прозвішча і імя брата, які заслужыў гэта.
Ядвіга МАЛЕВІЧ,
ветэран працы, в. Дусаеўшчына
Комментарии