У Капыльскай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся раённы конкурс дзіцячага малюнка “Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды!..», прысвечаны 110-й гадавіне з дня нараджэння Кузьмы Чорнага і 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Як паведаміла выкладчык гэтай навучальнай установы Святлана Сямашка, у конкурсе ўзялі ўдзел навучэнцы Капыльскай і Цімкавіцкай ДШМ, агульнаадукацыйных школ горада і раёна, а таксама выхаванцы раённага Цэнтра дзіцячай творчасці. На выставу было прапанавана больш за 80 работ, выкананых у розных відах тэхнікі: гуаш, графіка, акварэль.
— Арганізатары гэтага мерапрыемства, — расказала Святлана Станіславаўна, — ставілі перад сабой задачу павысіць узровень інтарэсу хлопчыкаў і дзяўчынак да асобы беларускага празаіка і драматурга Кузьмы Чорнага. Па вялікім рахунку, мы гэтага дабіліся, паколькі перш, чым распачаць работу над малюнкам, кожны з юных мастакоў з цікавасцю чытаў аповесці і апавяданні пісьменніка.
Больш за тры тыдні работы ўдзельнікаў конкурсу дэманстраваліся ў раённым краязнаўчым музеі, дзе з імі маглі пазнаёміцца ўсе жадаючыя. Мяркуецца, што ў будучым яны зоймуць дастойнае месца ў Літаратурным музеі К. Чорнага.
Як і ў кожным спаборніцтве, вызначыліся пераможцы. Першае месца журы прысудзіла Інзе Пятроўскай (работа “Маленькая жанчына”), Уладзіславу Каваліу (“Буры”) і Сяргею Панасчыку (“Як Талаш напужаў воўка”) — выхаванцам выкладчыка Капыльскай ДШМ С. К. Швайбовіч. Другое падзялілі Марыя Була (“На пыльнай дарозе”) і Зарына Пархімовіч (“Матчына бласлаўленне”), якія таксама займаюцца ў Святланы Канстанцінаўны. На трэцяй пазіцыіі апынуліся Вікторыя Коршук з работай “Насцечка” (Капыльская ДШМ, выкладчык Г. А. Нічыпаровіч) і Таццяна Давідовіч (Цімкавіцкая ДШМ, выкладчык К. М. Барысевіч). Прыз глядацкіх сімпатый атрымалі вучаніцы Быстрыцкай СШ Валерыя Давідоўская і Іна Шаравар. Усе пераможцы і прызёры будуць узнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі ў дзень святкавання юбілею К. Чорнага — 19 чэрвеня ў аг. Цімкавічы.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии