Абласны семінар ідэалагічных работнікаў адбыўся на мінулым тыдні на базе Капыльскага раёна. Яго ўдзельнікі пабывалі ў некаторых арганізацыях і прадпрыемствах, дзе пазнаёміліся з сістэмай ідэалагічнай работы, якая там практыкуецца.
А пачалося мерапрыемства з круглага стала. Падчас яго госці пазнаёміліся з сацыяльна-эканамічнай характарыстыкай раёна, якую далі старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд і намеснік старшыні райвыканкама начальнік аддзела эканомікі Ала Раманоўская. Ад начальніка адзела ідэалагічнай работы Людмілы Камковай даведаліся пра арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах Капыльшчыны. Акрамя таго да іх увагі была прапанавана інфармацыя пра работу па фарміраванні здаровага ладу жыцця, ідэалагічным выхаванні моладзі, дзейнасці рэдакцыі раённай газеты “Слава працы”.
Не сакрэт, што адным з асноўных напрамкаў работы кожнай музейнай установы па сацыялізацыі асобы з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Як гэты прынцып рэалізуецца ў Капыльскім раённым краязнаўчым музеі, удзельнікі мерапрыемства змаглі даведацца з вуснаў старшага навуковага супрацоўніка Таццяны Варанцовай, з дапамогай якой яны здзейснілі экскурс у далёкае мінулае нашага гарадка, падымаючыся па віртуальных прыступках, зрабілі прыпынкі і ў мястэчку канца ХІХ стагоддзя, і ў Капылі ваенных гадоў, даведаўшыся, як нашы землякі кавалі перамогу на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у падполлі і партызанскіх атрадах. З вялікай цікавасцю госці слухалі расказ Таццяны Аляксандраўны пра музейныя ўрокі, што даўно ўвайшлі ў практыку гэтай установы.
Пра сучасныя падыходы ў арганізацыі ідэалагічнай работы ішла гутарка падчас наведвання ДЛГУ “Капыльскі лясгас”, дзе ўдзельнікаў мерапрыемства гасцінна сустракалі галоўны ляснічы Уладзімір Васількоў і намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Уладзімір Рымашэўскі.
Не менш запамінальным стала наведванне гімназіі № 1 г. Капыля, дзе адбылася сустрэча з дырэктарам Зінаідай Прыміч. Пасля музычнага прывітання ў выкананні юных гімназістаў удзельнікі семінара пазнаёміліся з кабінетам ідэалагічнай работы ўстановы, наведалі галерэю мастацтваў “Капыльская радзімая зямля”, бібліятэку, некаторыя вучэбныя кабінеты.
Не абышлі арганізатары мерапрыемства і сельскагаспадарчую галіну. Па ўсім было відаць, што і для яго ўдзельнікаў наведванне ААТ “Старыца-Агра” было вельмі цікавым, паколькі прагучала вельмі шмат пытанняў да дырэктара гаспадаркі Уладзіміра Рудакоўскага. Наведванне комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы, дома механізатара машынна-трактарнага парку і знаёмства з умовамі для працы і быту механізатараў і жывёлаводаў дало падставу зрабіць вывад: у адкрытым акцыянерным таварыстве вельмі многае робіцца для забеспячэння высокай якасці вытворчасці і наогул жыцця на вёсцы.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКАХ:1. Падчас наведвання музея; 2. Удзельнікі семінара.
Фота аўтара
Комментарии