Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

39

Партнёрства для будучыні

17.06.2010

З 8 па 11 чэрвеня Беларусь прымала ўдзельнікаў пятага Міжнароднага медыяфоруму “Партнёрства ў імя будучыні”. Больш за 100 журналістаў з 19 дзяржаў пабывалі ва ўсіх рэгіёнах краіны, на свае вочы ўбачылі, як жывуць беларусы, развіваюцца прамысловасць і сельская гаспадарка рэспублікі.

11 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося пленарнае пасяджэнне. Праграма была падзелена на тры блокі, у якіх вяліся дыскусіі па наступных тэмах: “Інтэграцыя на постсавецкай прасторы. Праблемы і перспектывы сучаснага этапа саюзнага будаўніцтва”, “Беларусь у глабальных працэсах. Адкрытасць і мадэрнізацыя як фактары інавацыйнага развіцця краіны”, “Сродкі масавай інфармацыі як фактар кансалідацыі эканамічнай  і гуманітарнай прасторы СНД”.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім прывітанні ўдзельнікам медыяфоруму адзначыў, што журналістаў нездарма называюць чацвёртай уладай. “Ад вашага прафесійнага майстэрства і таленту, а галоўнае, прынцыповасці і праўдзівасці, залежыць і развіццё цэлых дзяржаў, і дасягненне ўзаемаразумення паміж рознымі нацыямі і народамі”.

Ніхто з нас 20 гадоў назад і ў страшным сне не мог уявіць інфармацыйныя войны на абсягах некалі адзінай дзяржавы. Як адзначыў генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў Ашот Джазаян, дзе-нідзе журналістыка стала “сферай абслугоўвання”. Выконваючы палітычны заказ, СМІ не задумваюцца над той разбуральнай сілай, якую нясуць у сабе матэрыялы, што прыніжаюць і зневажаюць народ другой краіны. Асабліва крыўдна, калі гэтыя публікацыі і рэпартажы выходзяць з-пад пяра расійскіх журналістаў. Некалькі такіх яркіх прыкладаў прывёў у сваім выступленні галоўны рэдактар “СБ” Павел Якубовіч.

Сіла слова – магутная зброя. Карыстаючыся ім, не маючы выразных маральных унутраных абмежавальнікаў, можна не толькі развязаць войны, але і ўвагнаць увесь свет у эканамічны хаос, адзначыў глава Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Макей.  “Сёння з асаблівай вастрынёй стаіць пытанне аб экалогіі інфармацыйнай прасторы. Свабода павінна быць не “ад”, а “для”, — лічыць ён. У якасці класічнага негатыўнага прыкладу ўплыву СМІ і лабіравання імі чужых інтарэсаў Уладзімір Макей прывёў сітуацыю са “свіным грыпам”, якога, па-сутнасці, і не было.

Цікавым было выступленне Анатоля Лысенкі, прэзідэнта Міжнароднай акадэміі тэлебачання і радыё, заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі, які адзначыў, што “мы павінны дабівацца самага галоўнага – захавання ўсяго лепшага, што было, і развіваць гэта. І ў СНД, і ў іншых інтэграцыйных праектах няма гуманітарнага складальніка. А нам патрэбна такая праграма на дзяржаўным узроўні. Медыяфорум у Мінску – гэта частка, важная частка такой гуманітарнай праграмы”, — лічыць выступоўца.

Па выніках пленарнага пасяджэння ўдзельнікі медыяфоруму прынялі “Мінскую ініцыятыву”, у якой адзінадушна выказаліся рашуча змагацца з пераўтварэннем СМІ ў інструмент нагнятання напружанасці, раздзімання рознагалоссяў і канфліктаў, распаўсюджвання чутак, рыторыкі нацыянальнага эгаізму, а таксама за павышэнне адказнасці журналіста за рэзультат сваёй прафесійнай дзейнасці. Журналісцкае слова павінна садзейнічаць паступальнаму развіццю і працвітанню дзяржаў, культурнай шматвобразнасці свету і ўзаемаразуменню паміж народамі.

Таццяна РАІЦКАЯ


Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей