Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

47

«Жыву iх радасцямi i бедамi»

27.02.2012
Да 25-годдзя ветэранскай арганізацыі. “Шукаеце хату Мікалая Мартынчыка, — перапытала жанчына, да якой мы звярнуліся з просьбай падказаць, дзе жыве старшыня адной з пярвічных ветэранскіх арганізацый ААТ “Капыльскае”. — Едзьце далей і амаль у пачатку вёскі ўбачыце два прыгожыя дамы. Адзін з іх — Мартынчыкаў. Адразу пазнаеце — там парадак адмысловы”. І сапраўды, першае, што кінулася ў вочы, калі адчыніла веснічкі, — можна сказаць, узорны парадак у двары. Акуратныя пабудовы выстраіліся нібы ў дзве шарэнгі, а паміж імі — ні сняжынкі. Здавалася, што па двары не тое што шуфлём, а нейкім пыласосам прайшліся. “Гэта ўсё мой Мікалай, яго абавязак, — з нейкім нават гонарам паведаміла Нэла Іванаўна. — Акураціст  яшчэ той!” Гасцінныя гаспадары запрасілі ў хату, і паціху пачалася гутарка. Яны нібы вярнуліся ў сваю маладосць. З затоенай радасцю і нейкім замілаваннем расказвалі, як вучыліся разам, сябравалі, як чакала Нэла свайго каханага тры гады з арміі, як пажаніліся на Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ў далёкім 1958 годзе. Разам Мартынчыкі ўжо жывуць 53 гады, выгадавалі трох цудоўных дачок, цешацца шасцю ўнукамі і маленькай праўнучкай. Таццяна, Галіна і Ганна, мабыць, узялі ад сваіх бацькоў усё самае лепшае, паколькі і самі годна ідуць па жыццёвай дарозе. Старэйшая і малодшая — настаўніцы, Галіна працуе на Бабруйскім шынным камбінаце. Мікалай Мікітавіч больш за 20 гадоў аддаў выхаванню падрастаючага пакалення. Мажліва, гэтыя навыкі і даюць магчымасць сёння знаходзіць поўнае ўзаемаразуменне з ветэранамі вайны і працы. “На жаль, тых, хто прайшоў ваеннымі дарогамі, засталося ў нашай арганізацыі толькі шэсць, — расказвае Мікалай Мікітавіч. — А калі ў 1995 годзе я быў абраны яе старшынёй, іх было 87. І тым большай увагі яны патрабуюць. Я стараюся некалькі разоў на год наведацца да кожнага дадому (трэба абысці шэсць населеных пунктаў), пастаянна трымаю з імі сувязь па тэлефоне, жыву іх радасцямі і бедамі”. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара На здымку: М. М. Мартынчык  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей