Наўрад ці думала Валянціна, калі ўладкоўвалася на працу на Мінскі гадзіннікавы завод, што праз нейкі час, пакутуючы ад тугі па родных мясцінах, яна дыяметральна пераменіць кірунак сваёй жыццёвай дарогі. Вернецца са сталіцы ў свае Нізкавічы і, паспрабаваўшы сябе ў якасці піянерважатай Камсамольскай СШ, спыніць выбар на здавалася б сціплай пасадзе вясковага бібліятэкара.
[caption id="attachment_16504" align="aligncenter" width="443" caption="В. Шыманская."]
[/caption]
“Я ўдзячна Богу, што вакол мяне заўсёды былі і ёсць добрыя людзі, — распавядае Валянціна Шыманская, бібліятэкар Лоцвінскай сельскай бібліятэкі. — Гэта дзякуючы настойлівасці колішняга дырэктара Капыльскай ЦРБ Ідаліі Канстанцінаўны Чаркас я паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і закончыла яго. Побач са мной працуюць таленавітыя, адданыя сваёй справе Галіна і Уладзімір Дрожжы. Штодня я сустракаю на парозе бібліятэкі сваіх чытачоў, а да многіх еду і сама. Нам заўсёды ёсць аб чым пагутарыць, што абмеркаваць, параіцца”.
Валянціна Антонаўна расказвае, а перад вачыма ўсплываюць карціны: вось яна едзе на веласіпедзе ў адну з аддаленых вёсачак, каб даставіць любімыя кнігі і часопісы сваім пастаянным чытачам; вось яна на сцэне ў складзе вядомага далёка за межамі раёна гурта “Лоцвінскія ўдалухі” — і зала не можа стрымацца ад смеху ад яе жартаў; вось яна крочыць па вуліцы на працу, спыняецца ля адных, ля другіх веснічкаў, дзе яе з радасцю сустракаюць лоцвінцы — да вясковага старэйшыны заўсёды знойдуцца пытанні.
Энергічная, добразычлівая, адданая сваёй справе, з вялікім пачуццём гумару — такую характарыстыку Шыманскай дала Галіна Дрожжа, мастацкі кіраўнік Лоцвінскага СДК, побач з якой Валянціна плённа працуе не адзін год.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии