Рыхтуючыся да сустрэчы з галоўным бухгалтарам РСУП “Бабоўня” Аленай Тамашэўскай, уяўляла сабе строгую, паглыбленую ў лічбы жанчыну, з якой і лішняга слова выціснуць няпроста. Мяне ж сустрэла абаяльная, можна сказаць, прыгожая нейкай па-веснавому сціплай прыгажосцю жанчына.
[caption id="attachment_16494" align="aligncenter" width="443" caption="А. Тамашэўская."]
[/caption]
Родам Алена з Лаваў. “Гэта маленькая вёсачка, якая і сёння блізкая і дарагая майму сэрцу”, — расказвае Алена Уладзіміраўна, і пры гэтых словах у яе задрыжаў голас і больш вільготнымі сталі вочы. Саўгас “Бабоўня”, куды яна прыехала пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава — першае і адзінае месца яе працы. Бухгалтар, намеснік галоўнага бухгалтара, галоўны бухгалтар — паступова яна ўздымалася па службовай лесвіцы.
“Працаваць даводзіцца шмат, — працягвае Алена Уладзіміраўна. — І пасля работы застаюся, і дамоў часта паперы бяру, і выхадныя рэдка сабе дазволіць магу. Пра адно шкадую: ад маёй напружанай, але такой любімай працы церпіць мая сям’я. Безумоўна, я недагледзела, недалюбіла, недадала лішні раз сваю пяшчоту родным людзям — мужу, сыну, дачцэ. Добра, што яны мяне разумеюць. Дзеці ў нас ужо дарослыя: сын працуе ў Мінску, дачка вучыцца ў медыцынскім (гэта некалі была мая мара, якая не збылася)”.
А яшчэ Алена Уладзіміраўна ўдзячна лёсу, што ён звёў яе з такімі добрымі людзьмі, якія працуюць у іх калектыве. Магчыма таму ў яе ўсё складваецца добра.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии