Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

32

Суровая крытыка

16.02.2012
прагучала ў адрас кіруючых кадраў ДУП “Капыльскае ПМС” і філіяла ПМК-11 ААТ “Салігорскводбуд” на пазачарговым пасяджэнні райвыканкама, дзе было разгледжана пытанне аб іх рабоце па выкананні мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Захаванне і выкарыстанне меліярыруемых зямель” у 2009 – 2011 гг. Першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу І. М. Кісляк у сваім выступленні адзначыла некаторыя станоўчыя моманты. Так, летась меліярацыйнымі арганізацыямі выкананы работы па рэканструкцыі і рамонце меліярацыйнай сеткі агульнай плошчай 130 га на  суму 747 млн рублёў, праведзены аграмерапрыемствы на 184 га (357 млн), ачыстка каналаў ад драўнінна-кустарнікавай расліннасці выканана на 103,6%, абкошванне, ачыстка сеткі ад заілення – на 100%. З планавым заданнем па аб’ёмах падрадных работ справілася толькі ДУП “Капыльскае ПМС” – на 102,7%, а вось філіял ПМК-11 ААТ “Салігорскводбуд” – усяго на 78,4%. На пасяджэнні выканкама, у якім прынялі ўдзел генеральны дырэктар ДУ “Аб’яднанне Мінскмеліяводгас” М. М. Грыцук і генеральны дырэктар ААТ “Салігорскводбуд” У. У. Валетка, была агучана не зусім радасная статыстыка. Напрыклад, па выніках работы за мінулы год Капыльскае ПМС ад рэалізацыі прадукцыі, работ і  паслуг панесла страты на 291 млн рублёў, мае крэдыторскую запазычанасць у суме 1922 млн рублёў, дэбіторскую – 732 млн. У ПМК-11 страты яшчэ большыя – 419 млн, хаця за 2010 год атрыманы прыбытак у суме 75 млн рублёў. Крэдыторская запазычанасць – 995 млн, дэбіторская – 492 млн. Нізкая і сярэднямесячная заработная плата за 2011 г.: ПМС – 1137 тыс. рублёў, ПМК-11 – 1117 тыс. Філіялам ПМК-11 не распрацавана пытанне дадатковага заключэння дагавораў на падрадныя работы, што не забяспечвае поўную занятасць рабочых. У арганізацыях адзначаецца скарачэнне колькасці рабочых масавых прафесій. Начальнік землеўпарадкавальнай службы Л. В. Матусевіч, выступаючы з дакладам, адзначыла, што за апошні год і ПМС, і ПМК-11 з меліярацыйных арганізацый практычна ператварыліся ў будаўнічыя, хаця сёння ў раёне налічваецца 6 тысяч гектараў сельскагаспадарчых зямель, якія не даюць патрэбную аддачу. Адзначана і нізкая якасць выконваемых работ, адсутнасць патрэбнай колькасці тэхнікі. У ходзе абмяркоўвання пытання члены выканкама выказалі пэўныя прапановы і ў адрас вышэйстаячых арганізацый, каб сумеснымі намаганнямі паўплываць на станоўчае развіццё і ПМС, і ПМК-11. Дарэчы, былі заслуханы і кіраўнікі гэтых арганізацый  Л. І. Тароцька і Л. Л. Фянюк. Раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне прызнаць работу кіруючых кадраў ПМС  недастатковай, а ПМК-11 – нездавальняючай. За дапушчаныя недахопы ў арганізацыі вытворчай дзейнасці вырашана хадайнічаць перад генеральным дырэктарам ДУ “Аб’яднанне Мінскмеліяводгас” М. М. Грыцуком аб прыцягненні дырэктара ДУП “Капыльскае ПМС” Л. І. Тароцькі да дысцыплінарнай адказнасці ў выглядзе вымовы з пазбаўленнем прэміяльных даплат. Рэкамендавана генеральнаму дырэктару ААТ “Салігорскводбуд” У. У. Валетку разгледзець пытанне аб умацаванні кіруючых кадраў ПМК-11. Упраўленню райсельгасхарчу ўказана на недастатковы кантроль за работай абслуговых ме- ліярацыйных арганізацый. У мэтах стабілізацыі работы неабходна забяспечыць аб’ёмы работ, а таксама заключэнне дагавораў з сельскагаспадарчымі арганізацыямі на вывазку арганічных угнаенняў і рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў. Марыя ШЭІНА  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей