У рэдакцыю “Слава працы” паступіў званок ад жыхаркі горада Наталлі Аляксандраўны Почапень, якая пражывае па вуліцы Камсамольскай, 87. Жанчына паведаміла, што непадалёк ад магазіна “Ивушка” ёсць мосцік, але знаходзіцца ён у небяспечным стане. Праз гэту “пераправу” бегаюць дзеці, а аднойчы сяброўка, якая ішла на работу, нават правалілася. Па словах Наталлі Аляксандраўны, з просьбай дапамагчы вырашыць праблему жыхары звярталіся да работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі (праўда, жанчына не змагла назваць, да каго канкрэтна), але там адказалі, што мосцік гэты не іхні (факт даволі дзіўны, таму што на прамую лінію з дырэктарам ЖКГ Георгіем Карэевым, якая праходзіла 13 лістапада 2009 года, з аналагічнай просьбай жыхары горада ўжо звярталіся. Ад мосціка Георгій Анатольевіч не адмахваўся і ўпэўнена заявіў тады, што днямі сітуацыю камунальнікі выправяць. Праўда, якімі днямі, цяпер не зразумела. – С. Л.). Не задаволена жанчына і станам дарожнага пакрыцця па Камсамольскай на ўчастку ад вышэйзгаданага магазіна да канца вуліцы.
Кіруючыся правілам, давярай, але правярай, пазнаёміліся з сітуацыяй, як кажуць, на месцы. Што датычыцца дарогі, то яе стан можна назваць здавальняючым, калі б не адно “але”. Месцамі ёсць вялікія выбоіны, і не факт, што, напрыклад, маці, якая выйшла з каляскай прагуляцца па вуліцы ці да таго ж магазіна па прадукты, размінецца з сустрэчным аўтамабілем. А вось мосцік… Сапраўды, рэч зручная, напрасткі ад магазіна па Камсамольскай да той жа вуліцы Энгельса ці Рамашкі за лічаныя хвіліны дайсці можна. Дарэчы, і школьнікі часта карыстаюцца гэтай дарогай, ідучы ў гімназію. А вось ісці па ім – справа рызыкоўная: што ні крок, то дзірка. Не надта ратуюць і дошкі, што набіваюцца зверху старых і збуцвелых.
На свае вочы бачыў, як “перапраўляліся” праз канаву людзі, моцна трымаючыся за поручні моста абедзвюма рукамі. Карціна, гледзячы збоку, можа і забаўная, але, калі ўспомніць, што тут праваліўся не адзін чалавек, смяяцца не захочаш. Праблема мае месца. Толькі хто яе вырашыць? Мост жа нічый!
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКУ: прамая дарога на той бок – мосцік.
Фота аўтара
Комментарии