Другая зімняя раённая спартакіяда арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў прайшла на фізкультурна-аздараўленчым комплексе г. Капыля ў мінулую суботу. Пад сваімі сцягамі спартыўнае першынство сабрала 23 каманды.
[caption id="attachment_16361" align="aligncenter" width="443" caption="Паклiкала другая спартакiяда"][/caption]
На цырымоніі адкрыцця ўдзельнікаў спартакіяды віталі старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк, намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Віктар Васілеўскі.
Права ўзняць дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было дадзена мінулагодняму чэмпіёну - камандзе беларусбанка.
[caption id="attachment_16362" align="aligncenter" width="443" caption="Спаборніцтвы па дартсе"]
[/caption]
Ужо праз некалькі хвілін аматары спорту выйшлі на плаванне. Па два плыўцы (мужчына і жанчына) зараблялі першыя ачкі ў залік сваіх каманд. Жанчыны пераадольвалі дыстанцыю 25 метраў. Самай хуткай тут была Вікторыя Рудая з каманды ЖКГ. Ёй спатрэбілася на гэта ўсяго 19,3 секунды. Другой стала Ганна Абрамчык з ЦРБ (20,13). А трэці час паказала Аляксандра Майсюк з РБУ (21,28). У мужчын мацнейшым аказаўся Юрый Раманейка, які прадстаўляў раённы аддзел адукацыі. Ён праплыў 50 метраў за 33,15 сек. Толькі 0,84 секунды саступіў яму Яўген Чыркун з каманды РАНС, які ў выніку стаў другім. Барыс Талейка з ЦРБ з адставаннем крыху больш за паўтары секунды ад лідара стаў трэцім. У агульнакамандным заліку па плаванні першае месца дасталося ЖКГ, другое – ЦРБ і трэцяе – РАНС.
У спартыўнай зале тым часам прадстаўніцы прыгожага полу спаборнічалі ў скачках на скакалцы. Больш удала тут выступіла Наталля Гарбацэвіч з каманды райвыканкама. За 30 секунд яна выканала 78 скачкоў. Другі вынік паказала Алена Малеж з каманды беларусбанка (77). Трэцяе месца – у Святланы Горбач з аўтапарку №21 (74). Жанчыны запісалі адпаведныя месцы і ў камандны залік.
[caption id="attachment_16363" align="aligncenter" width="443" caption="Пераможцаў віншуе І. М. Кісляк"]
[/caption]
У гіравым спорце тэхнічнасць і моц прадэманстраваў Віктар Бычэнка, які выступаў за каманду цэха прыроднага і звадкаванага газу. З вынікам 56 пад’ёмаў ён стаў лідарам гэтага віду, запісаўшы першае месца і ў актыў каманды. Аляксандр Руды з ЖКГ, які завяршыў выступленне крыху раней з вынікам 55 пад’ёмаў, заняў другое месца. Трэці вынік (44) паказаў Віталь Чаркоўскі з каманды раёна электрычных сетак.
З цікавасцю прысутныя назіралі і за чацвёртым відам праграмы - дартсам. Першымі дэманстравалі ўменне кідаць дроцікі ў цэль жанчыны. Самай удалай тут аказалася Кацярына Тароцька з рэдакцыі газеты «Слава працы» (23 ачкі). Другое месца заняла Ала Уэльская з каманды раёна электрасетак. Трэці вынік – у Святланы Лазарэвіч з аддзела культуры. У мужчын месцы на п’едэстале гонару з першай папыткі выявіць не ўдалося – тры аматары спорту набралі аднолькавую сумму (па 25 ачкоў). Пасля паўторнай спробы ў лідары выбіўся Віталь Ластачкін з ЖКГ. Другім стаў Андрэй Лагута з беларусбанка, а Іван Янаў з каманды дзяржстраха – трэцім. У камандным заліку перамаглі прадстаўнікі рэдакцыі газеты “Слава працы”, другое месца – у ЖКГ і трэцяе – у раёна электрасетак.
Заключным этапам была кам-бінаваная эстафета. Хутчэй за ўсіх яе пераадолелі аматары спорту, якія прадстаўлялі аддзел па надзвычайных сітуацыях (1.28). Усяго пяць секунд саступіў ім квартэт аддзела адукацыі. Замкнула тройку лідараў каманда ЦРБ (1.42).
Падвёўшы вынікі агульнакаманднага заліку, судзейская калегія вызначыла пераможцу і прызёраў спартыўнага першынства. Першае месца і кубак дасталіся камандзе ЖКГ. На другую прыступку п’едэстала гонару ўзняліся прадстаўнікі РАНС і зборная беларусбанка стала трэцяй.
На жаль, сёлета не змаглі сабраць каманды такія арганізацыі, як ДРБУ-124, раённыя вузлы электра- і паштовай сувязі. Будзем спадзявацца, што ў наступным годзе яны не толькі прымуць удзел, але і будуць прэтэндаваць на самыя высокія месцы ў выніковым пратаколе.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии