13 лютага 1957 года ў Капылі ў сям’і Алены і Дзям’яна Лісіцыных нарадзілася дзяўчынка. Складана было падымаць на ногі надзвычай кволае немаўля. Матуля, якая ўжо была немаладая (46 гадоў), паклала дачушку ў пухавую падушачку. І так дзень за днём, месяц за месяцам падрастала Зінулька (так яе назвалі, бо акушэрка была Зіна) на радасць сваім бацькам.
У 7 гадоў Зіна пайшла ў 1-ы клас. Партфелік цягнуўся па зямлі, калі яна крочыла ў школу. Дзяўчынка была кемлівай і вельмі дружалюбнай. Дзеці яе любілі, сябравалі з ёй, а настаўнікі заўсёды ставілі ў прыклад іншым вучням.
У 8 класе паўстаў выбар: “Куды пайсці вучыцца?” Яна вельмі любіла спяваць, займалася танцамі, але заўсёды памятала, як цяжка хварэў яе тата, а фельчар хуткай дапамогі па два разы на дзень прыязджаў, каб зрабіць уколы і аблегчыць пакуты хвораму.
Таму Зіна Лісіцына паступіла ў медвучылішча, але на фельчара не прайшла па конкурсе і падала дакументы на лабарантку. Пасля заканчэння навучальнай установы дзяўчына працавала ва Уздзенскай ЦРБ. Заўсёды была наперадзе, арганізоўвала “агеньчыкі” і вяла іх, спявала, танцавала. Аднагалосна актыўную дзяўчыну абралі камсоргам.
У 1977 годзе Зіна пазнаёмілася з братам сяброўкі, які прыехаў у госці, і адразу ж сказала: “Гэта будзе мой муж”. Праз паўгода яны ажаніліся і пераехалі жыць у Капыль. Тут нарадзілася першая дачушка Леначка, якая цяпер працуе ў нашай бальніцы. Праз 5 гадоў з’явілася на свет Наташка. 35 гадоў жывуць у ладзе і згодзе муж і жонка Рымковічы. На радасць ім падрастаюць два ўнукі і ўнучка, для якіх бабуля самая ласкавая, любімая, добразычлівая.
35 гадоў працуе Зінаіда Дзям’янаўна ў Капыльскай ЦРБ, з іх чвэрць стагоддзя шчыравала ў аддзяленні пералівання крыві. Звыш 40 разоў яна аддавала сваю кроў для выратавання хворых — гэта больш за 16 літраў. Зінаіда Дзям’янаўна — ганаровы донар Рэспублікі Беларусь.
Яна добрасумленна адносіцца да сваёй справы і сапраўдны прафесіянал. Калі Зінаіда Рымковіч зробіць біяхімічны аналіз крыві, вызначыць яе групу і рэзус-прыналежнасць, сумнення ва ўрачоў ніколі не ўзнікае.
Наша Зінаіда Дзям’янаўна сёлета адзначае сваё 55-годдзе. Віншаваць яе прыйдуць калегі, дзеці, унукі, пляменнікі. І па тэлефоне яна атрымае з паўсотні віншаванняў.
Дарагая Зіначка! Ад сябе асабіста і ад калектыву былога аддзялення пералівання крыві прымі шчырыя віншаванні з юбілеем. Ад усяго сэрца жадаем шчасця, здароўя, кахання, поспехаў у працы, дабрабыту і ўзаемаразумення ў сям’і, усяго самага добрага і светлага. Няхай твая энергічнасць і абаяльнасць, жыццярадаснасць і аптымізм ніколі не растрачваюцца. Няхай радуе сям’я, і ў доме будзе цёпла і ўтульна! Хай дзеці і ўнукі будуць здаровыя і шчаслівыя! Няхай усе твае мары спраўдзяцца. Хай заўсёды будзе з табою твой Анёл-ахоўнік!
Ліна ПУСТАВАЯ,
былая загадчыца аддзялення пералівання крыві Капыльскай ЦРБ
Комментарии