29 кастрычніка спаўняецца 105 гадоў ВЛКСМ – легендарная дата, якую адзначаюць камсамольцы ўсіх пакаленняў былога СССР.
У гэты дзень у 1918 годзе пачаў работу І Усерасійскі з’езд саюзаў рабочай і сялянскай моладзі. Святкаванне юбілею – гэта даніна памяці гераічнаму мінуламу патрыятычнай арганізацыі і тым, хто праяўляючы мужнасць і адвагу, абараняў Айчыну і назаўсёды застаўся верны светлым ідэалам.
Першыя камсамольцы
Адным з першых камсамольцаў вёскі Слабада-Кучынка быў
Якім Пятровіч Салановіч, які ў 17 гадоў уступіў у Чырвоную гвардыю, ваяваў з белагвардзейцамі і інтэрвентамі. У 1919 го-дзе арганізаваў партызанскі атрад для барацьбы з белапалякамі. Ён быў па-зверску закатаваны польскімі акупантамі на вачах бацькоў і аднавяскоўцаў.
Да 1923 года на тэрыторыі Слабада-Кучынскага сельсавета не было маладзёжнай арганізацыі. Усё пачалося, калі ў вёску завіталі таварышы з пагранатрада, сабралі моладзь, расказалі аб міжнародным становішчы, падзеях у краіне, заклікалі ўступаць у камсамол, каб удзельнічаць у будаўніцтве новага жыцця. Мабыць, і слухалі ўсе ўважліва, але жадаючых уступіць у арганізацыю не аказалася. Чаму? Для гэтага трэба было прыняць на сябе абавязацельствы: быць прыкладным грамадзянінам, не хуліганіць, не піць гарэлку, не гуляць у азартныя гульні, праводзіць асветніцкую работу сярод насельніцтва, быць бязбожнікам і весці барацьбу з самагоншчыкамі.
Трое аднавяскоўцаў пачалі наведваць камсамольскія сходы ў саўгасе імя Дзяржынскага (в. Рымя), дзе была адна з першых арганізацый на Капыльшчыне. У два бакі – 12 кіламетраў. Пасяджэнні праходзілі позна вечарам.
Сяргей Гурыновіч і Канстанцін Длугашэўскі ішлі прамой дарогай праз Падгорцы дамоў.
Люба Кандыбовіч магла ісці з хлопцамі толькі два кіламетры, а затым прадаўжала свой шлях адна і праз лес на хутар Гарадок. Дзяўчыне прыходзілася выстаўляць рукі ўперад, каб не сутыкнуцца ў цемры з дрэвамі і не выкалаць аб галіны вочы.
Іспыты на трываласць
Да прыняцця ў свае рады камсамольская арганізацыя саўгаса імя Дзяржынскага давала будучым членам розныя даручэнні, якія выконваліся бездакорна. Першым прынялі Сяргея Гурыновіча, а праз два месяцы і астатніх. Ён жа стане першым кіраўніком Слабада-Кучынскай ячэйкі. Крыху пазней членамі арганізацыі стануць
Дзмітрый Клюйка і яшчэ 11 чалавек. З асаблівым гонарам яны насілі значкі з надпісам «КІМ» (Камуністычны інтэрнацыянал моладзі), вывучалі Статут і праграму камсамола і партыі, вучыліся выступаць перад аднавяскоўцамі. Першы даклад «Жыццё і дзейнасць У.І. Леніна» з хваляваннем і настолькі пранікнёна прачытаў Канстанцін Длугашэўскі на агульнавясковым сходзе, што ў мужчын і жанчын на вачах з’явіліся слёзы.
Спачатку не было памяшкання. Дапамог
Дзмітрый Ясінскі, які вылучыў вялікі пакой (называлі клубам) у сваёй хаце-карчме. Там праводзілі сходы.
Камсамольцы могуць усё!
Галоўнымі задачамі камсамольцаў была ліквідацыя непісьменнасці сярод дарослых, антырэлігійная работа і грамадская дзейнасць. За кожным членам замацавалі непісьменнага, якога неабходна было навучыць чытаць і распісвацца. Пазней у членскім білеце будзе ўведзены спецыяльны ўкладыш, у якім фіксавалі колькасць навучаных грамаце. Паміж арганізацыямі раёна разгорнецца сацыялістычнае спаборніцтва. Сяргей Гурыновіч стаў сапраўдным лідарам і добрым кіраўніком. У час грамадзянскай вайны яго сям’я пера-ехала з горада ў вёску. Бацька быў выпускніком Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Таму кожны вечар у клубе чыталі лекцыі, даклады, займаліся самаадукацыяй і развучвалі рэвалюцыйныя песні – «Марсельезу», «Смело, товарищи, в ногу» і інш.
[caption id="attachment_141488" align="alignnone" width="840"]
Камсамольцы Антон і Аляксандр Коршукі[/caption]
Вельмі захапілася вясковая моладзь мастацкай сама-дзейнасцю. Для пастановак спектаклей выкарыстоўвалі хлебны свіран, які называлі «магазін». Сцэнарыі бралі з часопіса «Малады араты», дзе друкаваліся вершы, песні, прыпеўкі і абавязкова п’есы для пастаноўкі ў сельскім клубе. На выручаныя грошы набывалі газеты, часопісы, кнігі і плакаты. Так узнікла першая бібліятэка, загадчыкам якой стаў
Феадосій Гурыновіч. Карэспандэнцыю атрымлівалі з тыднёвай затрымкай, але яна заўсёды карысталіся попытам. Да дзірак сяляне зачытвалі газеты «Бедната» і «Вёска», а моладзь любіла «Камсамольскую праўду». Для тых, хто не ўмеў чытаць, праводзілі чытанні ўголас. Праходзілі дні палітвучобы, сумесна з камсамольскай арганізацыяй саўгаса імя Дзяржынскага – палітбаі.
Вечарам у клубе было не прабіцца. Нават сталыя мужчыны прыходзілі паслухаць лекцыі, пачытаць насценную газету ў чырвоным кутку. Усе камсамольцы з’яўляліся членамі сельсавета, які праз некалькі гадоў узначаліць Канстанцін Длугашэўскі (а затым і калгас «Зара свабоды»). Удзельнічалі ў кампаніях хлебанарыхтовак, самаабкладання, пазык і сяўбы. Для прыцягнення моладзі ў арганізацыю праводзілі сходы ў вёсках Вялешына, Горыцы, Крыніца, Свідзічы, а затым перад вяскоўцамі выступалі артысты з гуртка мастацкай самадзейнасці. Людзей прыходзіла столькі, што многія назіралі за пастаноўкай спектакля праз вокны, стоячы на ўваходзе і вуліцы. Выдатна праяўлялі свае творчыя здольнасці сакратар, яго намеснік, а таксама загадчык магазіна
Рыгор Юшкевіч.
Камсамольцы сталі ініцыятарамі спартыўна-масавых мерапрыемстваў, але ўмоў для іх правядзення не было. Тады вырашылі правесці нядзельнік. Недалёка ад царквы ўкапалі ў зямлю два слупы з перакладзінай, прымацавалі да іх кольцы і вяроўкі, а таксама ўстанавілі турнік. Райкам камсамола ў гэтай справе дапамог, выдзяліў дзве жалезныя трубы, якія былі канфіскаваны ў самагоншчыкаў. Адказным за спартыўны гарадок прызначылі
Яўгена Гурыновіча.
З камсамольцамі сустрэўся марак Балтыйскага флоту
Іван Рыбак, які папрасіў дапамагчы нарыхтаваць дровы для старой маці. Нядзельнік прайшоў на выдатна: усе дровы былі распілаваны, пасечаны і складзены. У Свідзічах на актывістаў глядзелі «коса»: як яны не баяцца грахоў, працуюць у нядзелю. Бралі таксама шэфства над адзінокімі аднавяскоўцамі.
Будні і святы
Першамайскія і каст-рычніцкія святы пачалі праводзіцца арганізавана з 1924 года. Усе збіраліся каля сельсавета (хата Іосіфа Салановіча), а затым калонай ішлі ў цэнтр вёскі на рынкавую плошчу, дзе была ўстаноўлена трыбуна. З прамовай выступалі: старшыня сельсавета
Гурскі, настаўнік
Пётр Коршук, ад камсамола –
Уладзімір Салановіч. Праз два гады ўсе камсамольцы і вясковая моладзь пайшлі ў Рымя, а адтуль са сцягамі і транспарантамі ў Капыль на першамайскі парад. Актыў праходзіў кароткачасовыя курсы. Канстанцін Длугашэўскі быў накіраваны нават у Ленінград. Пасля ад’езду на вучобу Сяргея Гурыновіча, камсамольскую арганізацыю, адну з буйнейшых у раёне, узначаліў
Дзмітрый Клюйка, пазней – Феадосій Гурыновіч.
[caption id="attachment_141487" align="alignnone" width="500"]
Клюйка Дзмітрый Андрэевіч, сакратар 1925-1927 гг.[/caption]
Камсамольцы разам з аднавяскоўцамі будавалі новую школу, дапамагалі настаўнікам у арганізацыі навучання і выхаванні дзяцей, праводзілі сумесныя пасяджэнні. Да 10-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі прайшоў Усесаюзны суботнік рабочай і сялянскай моладзі. Заробленыя сродкі былі накіраваны на барацьбу з безнадзорнасцю, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і дапамогу бядняцкім гаспадаркам.
Значнай падзеяй для моладзі стала «камсамольскае вяселле» Дзмітрыя Салановіча, які першым у вёсцы аформіў свой шлюб не ў царкве, а ў органах мясцовай улады. Арганізоўваліся і «камсамольскія хрэсьбіны». Нованароджаным дзецям пачалі даваць рэвалюцыйныя імёны. Напрыклад, сыну Ясінскага далі імя
Кім, дачку
Ігнася Бабарэкі назвалі
Акцябрынай. Члены ячэйкі набылі сціплыя падарункі і павіншавалі маладых бацькоў.
Важная работа была з дапрызыўнай моладдзю: праводзіліся Дні чырвонай казармы, дапрызыўніка, сустрэчы з чырвонаармейцамі, спаборніцтвы па стральбе, урачыстыя провады на ваенную службу. Збіралі сродкі на будаўніцтва самалётаў «Камсамол Беларусі», «Беларускі селянін» і інш.
Лёс выбраў лепшых
Многія актывісты пайшлі служыць у Чырвоную Армію, паехалі на камсамольскія будоўлі, атрымліваць адукацыю (ФЗА, рабфакі, ВНУ) і вылучаліся на новыя пасады.
У той час ніхто не мог прадбачыць, што ў будучым Длугашэўскі К.Н. узначаліць камунальную гаспадарку рэспублікі, будзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР. Гурыновіч С.М. – навуковец, будзе працаваць у Акадэміі навук, на жаль у 1938 годзе – рэпрэсіраваны. У гады Вялікай Айчыннай вайны Клюйка Д.А. мужна змагаўся з гітлераўцамі ў шэрагах партызан злучэння Сабурава, у мірны час працаваў у палітаддзелах Азоўскага, Заходняга і Дняпроўскага параходстваў, а затым – у Наркамрачфлоце СССР. Пражыве Дмітрый Андрэевіч 103 гады і пакіне свае ўспаміны. Кандыбовіч Л.С. – у час акупацыі – сувязная брыгады імя Фрунзе, пасля вайны працававала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, чатыры гады ўзначальвала прафсаюз работнікаў народнай асветы Капыльшчыны.
Барыс ДЗЕНІСЮК, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии