Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

45

Вярнуцца дамоў здаровым

09.02.2012
Жыццё і здароўе работнікаў на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах у многім залежыць ад таго, наколькі там сур’ёзна адносяцца да аховы працы. Аб асноўных аспектах дзейнасці ў гэтым кірунку гутарка з вядучым спецыялістам аддзела сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Капыльскага райвыканкама Валерыем МАСКАЛІКАМ. — Валерый Міхайлавіч, якія лічбы і факты могуць ахарактарызаваць стан вытворчага траўматызму ў раёне ў мінулым 2011 годзе? — Пачнём з таго, што колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці летась крыху зменшылася і склала шэсць выпадкаў супраць сямі ў 2010 годзе. Як станоўчы факт трэба адзначыць адсутнасць выпадкаў са смяротным зыходам, аднак у КУП “Капыльская ЖКГ” быў дапушчаны няшчасны выпадак з цяжкім зыходам. У ліку прадпрыемстваў, якія, так бы мовіць, праштрафіліся, ДЛГУ “Капыльскі лясгас” (два няшчасныя выпадкі на вытворчасці), ААТ “П-з “Дусаеўшчына”, ДП “Грозава-агра”, СТАА “Капыльская вытворчасць будаўнічых сістэм” і ўжо вышэйпамянёнае КУП “Капыльская ЖКГ”. — І што ж становіцца асноўнай прычынай траўматызму? — Як ні парадаксальна — знаходжанне работнікаў у нецвярозым стане, нават няглядзячы на ўсе меры, якія прымаюцца па недапушчэнні гэтага. Менавіта па такой прычыне летась атрымаў цяжкую траўму работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у 2010 годзе знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення стала прычынай смерці работніка ф-ла “В. Раёўка”. Прыводзяць да няшчасных выпадкаў таксама недахопы ў арганізацыі аховы працы, эксплуатацыя няспраўных машын, механізмаў і абсталявання, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі. У працяг тэмы вытворчага траўматызму хачу адзначыць, што ўнесены змены ў Правілы расследавання няшчасных выпадкаў на вытворчасці. І калі ўстаноўлена, што адзінай прычынай з’явілася п’янка работніка, то няшчасны выпадак афармляецца як не вытворчы, а наймальнік не нясе адказнасці (акрамя маральнай). — Валерый Міхайлавіч, а якую персанальную адказнасць за ахову працы нясе кіраўнік прадпрыемства? — З кожным кіраўніком заключаецца кантракт, у якім запісана, што яго дзеянне спыняецца, у першую чаргу, за парушэнне правіл аховы працы і тэхнікі бяспекі, якія выклікалі смерць або калецтва работніка. Каб гэтага не адбылося, неабходна арганізаваць работу так, як таго патрабуе Закон “Аб ахове працы”. Для гэтага ў першую чаргу неабходна мець дасведчанага інжынера па ахове працы. Можна прывесці прыклад, калі ў 2008 годзе трактарыст-машыніст ААТ “Суворава-Агра” праводзіў заточванне нажоў падчас работы рухавіка на КЗР-10 і атрымаў цяжкую траўму. Падчас расследавання было ўстаноўлена, што работнік прайшоў навучанне ў вучэбна-курсавым камбінаце па рабоце на дадзеным агрэгаце, з ім быў праведзены інструктаж і праверка ведаў па пытаннях аховы працы. У выніку вінаватым прызнаны толькі пацярпелы, які сам парушыў інструкцыю па ахове працы. Наймальнік і службовыя асобы не панеслі адказнасці. Аднак здараецца і такое, што ў арганізацыі не выконваюцца самыя элементарныя правілы аховы працы, якія  нават не патрабуюць фінансавых затрат, а кіраўнік нават не ведае пра гэта. Кантралюючымі органамі выяўлена шмат такіх парушэнняў у ААТ “Мажа-Агра”, “Суворава-Агра”, “Праснакі”. — Наколькі важнай на прадпрыемстве з’яўляецца атэстацыя працоўных месцаў? — З 2009 года, згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 253 ад 22 жніўня 2008 года, дадатковыя адпачынак і пенсія, а таксама даплаты за шкодныя ўмовы працы праводзяцца толькі на падставе і па выніках правядзення атэстацыі працоўных месцаў, якое ўскладзена на наймальніка. Тым, хто своечасова гэтага не зрабіў, даводзіцца плаціць пенсію работнікам за шкодныя ўмовы працы за кошт прадпрыемства. — Актуальнымі застаюцца і перадрэйсавыя медыцынскія агляды вадзіцеляў і механізатараў… — Сапраўды, райвыканкамам двойчы прымаліся рашэнні аб арга-нізацыі і правя-дзенні медагляду. Большасць прадпрыемстваў іх выканала, і перадрэйсавы агляд праводзіцца з удзелам медработніка. Аднак некаторыя сельгасарганізацыі, у прыватнасці, ААТ “Малінава”, РСУП “С “Прамень”, пасля заканчэння пасяўных і ўборачных работ ад паслуг медыцынскіх работнікаў адмовіліся, а выконваюць перадрэйсавы агляд самастойна. У ААТ “Праснакі” медагляд вадзіцеляў і механізатараў зараз увогуле не праводзіцца. Аднак толькі за 2011 год работнікамі дзяржаўтаінспекцыі было затрымана 26 работнікаў за кіраваннем дзяржтранспартам у нецвярозым стане, з іх 24 — работнікі АПК. Таму ёсць пра што задумацца. Гутарыла Маргарыта САКОВІЧ  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей