Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

50

13 октября мы отмечаем 110-летие со дня рождения нашего знаменитого земляка Ромашки Николая Васильевича

13.10.2023

Сёлета 13 кастрычніка мы адзначаем 110 гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка, Героя Савецкага Саюза Мікалая Васільевіча Рамашкі.

Жыхарка в. Дусаеўшчына Ядвіга Малевіч успамінае, што кастрычнік 1913 года на сваім 13-ым дні гучным голасам немаўляці абвясціў сусе-дзям, а пасля і жыхарам вёскі Рымя (з канца 60-х гадоў ХХ стагоддзя — Дусаеўшчына), што ў сям’і Рамашкаў, Васіля і Акуліны, нарадзіўся першынец-сынок.

Дом Рамашкаў стаяў на дзядзінцы цяперашняй сядзібы фермера Сяргея Бердніка — невялічкі (сенцы і жылы пакой), нізенькі, драўляны домік. Але ў ім хапіла месца люльцы, шчасцю, радасцям. Да 1922 года (да ўтварэння саўгаса) сям’я жыла бедна. Бацькі працавалі на пана Аколава, які выкупіў рыменскія землі. Двое дзетак: Міколаі малодшая дачушка Ганна радавалі бацькоў. Сын, як дрэўца, цягнуўся да неба – быў рослы, шыракаплечы, са светлымі валасамі і блакітнымі, колеру пагодлівых нябёс, вачамі.

Сям’я рана страціла бацьку, маці часта хварэла… Колю прыходзілася даглядаць сястру, працаваць па гаспадарцы. Ім яшчэ пашчасціла, што пасля пажару ў 1929 годзе (са слоў сведак, якія чулі аповед ад сваіх бацькоў) толькі дамы Рамашкаў і Карабейкаў засталіся цэлымі.

Хлопчык добра вучыўся, многа чытаў, меў выдатную памяць… Пасля заканчэння сямі класаў у 1932 г. сярэдняй беларускай школы Капыля (цяпер гімназія №1) Мікалай па вечарах загадваў клубам у вёсцы (была заўважана працавітасць, а таксама стараннасць, добрасумленнасць і здольнасць юнака). Сястра Ганна працавала выхавацельніцай у дзіцячым садзе імя Сталіна тут жа ў вёсцы. Стала жыць лягчэй.

У 1935 годзе Мікалай Рамашка быў прызваны на службу ў рады Чырвонай Арміі, служыў у зенітным артылерыйскім дывізіёне. Юнак палюбіў армейскую службу і застаўся служыць у войску. У 1939 годзе быў прыняты ў рады КПСС. З 22 чэрвеня (з самага пачатку вайны) 1941 года па 4 студзеня 1943 г. Рамашка служыў на Паўночна-Заходнім фронце на пасадзе намесніка камандзіра зенітнага артылерыйскага дывізіёна па палітчасці.

Як расказала  настаўнік гісторыі гімназіі №1 г. Капыля Святлана Кубрак, вайна для Рамашкі стала выпрабаваннем на вынослівасць. Ад Масквы да роднай Беларусі ён прайшоў з баямі ў складзе 1359-га зенітна-артылерыйскага палка. Сэрца рвалася сустрэцца на вызваленай радзіме з роднымі і блізкімі ў вёсцы Дусаеўшчына. Заставалася пераадолець нейкіх сто кіламетраў – і можна было завітаць у мясціны свайго маленства.

Фашысты шпарка ўцякалі, але на водным рубяжы, рацэ Беразіне, яны затрымаліся, бо на іх шляху сталі байцы маёра Рамашкі. 30 чэрвеня 1944 года падраздзяленні палка абаранялі чыгуначны мост і пераправу праз раку ад нападу авіяцыі праціўніка. Нашы наземныя войскі вялі бой побач, у раёне вёсак Кастрычнік і Свіслач, дзе трапілі ў акружэнне нямецкія салдаты. Разведчыкі паведамілі: калона  фашыстаў выйшла  з лесу і спрабуе прарвацца праз мост. Маёр  Рамашка  аб’явіў  трывогу.

Зенітчыкі накіравалі буйнакаліберныя кулямёты ў бок ворага. Немцы любой цаной стараліся падмяць пад сябе кулямётныя разлікі, аднак іх атака захлынулася, і на мосце засталіся дзясяткі трупаў фашыстаў. Але гітлераўцы перагрупаваліся і, здавалася, зноў пайшлі непераадольнай хваляй. Загінулі ўсе камандзіры рот і ўзводаў, а таксама большасць байцоў. У крытычны момант бою намеснік камандзіра палка па палітычнай частцы маёр Рамашка замяніў загінуўшага камандзіра кулямётнай роты, а пасля сам лёг за кулямёт і страляў па ворагу. Калі скончыліся патроны, ён загадаў сяржанту паслаць байцоў па боепрыпасы.

Пакуль вярнуліся пасланцы з патронамі, загінулі і кулямётчыкі, таму Рамашка, перабягаючы ад аднаго кулямёта да другога, бесперапынна страляў па фашыстах. Падчас бою ён быў паранены, а другая рана аказалася смяротнай. Немцы страцілі больш за 200 чалавек. За гэты подзвіг 26 кастрычніка 1944 года Мікалаю Васільевічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Мужны афіцэр быў пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Нясята Магілёўскай вобласці, пазней — перазахаваны ў г. Магілёве, у брацкай магіле на Вайсковых могілках, дзе ўстаноўлены помнік. Адна з вуліц горада носіць імя М.В. Рамашкі.

На радзіме героя, у вёсцы Дусаеўшчына Капыльскага раёна, каля будынка былой базавай школы таксама ўстаноўлены помнік у гонар славутага земляка. У 1969 годзе яго імя занесена ў раённую Кнігу народнай славы, імем героя названа адна з вуліц Капыля.

Вялікі ўклад ва ўвекавечанне памяці М.В. Рамашкі ўнесла ветэран педагагічнай працы Анна Іосіфаўна Арлоўская, якая доўгі час працавала намеснікам дырэктара школы №1 па выхаваўчай рабоце.Яна вяла перапіску з жонкай і сястрой Мікалая Рамашкі. Дзякуючы намаганням педагога, ўдалося сабраць матэрыял і стварыць экспазіцыю, прысвечаную М.В. Рамашку, пагутарыць са сваякамі Мікалая Васільевіча, з’ездзіць на месца апошняга бою, наведаць магілу героя ў Магілёве.

— Капыльская гімназія №1 (былая СШ №1) памятае свайго знакамітага вучня, — адзначае намеснік дырэктара ўстановы адукацыі Валянціна Балажынская. — У гімназічным музеі дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная М.В. Рамашку. Захоўваюцца цікавыя і змястоўныя ўспаміны аднапалчан героя — Д.В. Жуйко і М.I. Пурыгіна, якія ўзгадваюць свайго камандзіра як справядлівага і патрабавальнага, заўсёды гатовага прыйсці на дапамогу. У 2015 годзе рашэннем Капыльскага райвыканкама гімназіі №1 г. Капыля прысвоена імя М.В. Рамашкі. На будынку навучальнай установы ў 2001 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар славутага выпускніка.

У сувязі з 110-гадовым юбілеем у гімназіі гэтымі днямі праходзяць тэматычныя мерапрыемствы: класныя і інфармацыйныя гадзіны, выставы, экскурсіі па мясцінах, звязаных з імем героя, урачысты збор піянерскай дружыны. Вучні разам з настаўнікамі наведваюць музейную экспа-зіцыю, прысвечаную М.В. Рамашку.

Чалавекам шчырай душы, чыстага сумлення, вялікім патрыётам, грамадзянінам быў Мікалай Васільевіч Рамашка. Такім ён застаўся назаўсёды ў памяці кожнага з нас — яго землякоў і суайчыннікаў.

Падрыхтаваў  Сяргей КОЗЕЛ

Фота з архіва гімназіі


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей