Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

73

Мастера Копыльщины вновь подтвердили свой талант

27.09.2023
На гэты раз Дыплом І ступені па выніках свята рамёстваў «Слуцкія паясы» за лепшую тэкстыльную ляльку, за асабісты ўклад у адраджэнне і развіццё традыцый лялечнага мастацтва атрымала народны майстар Беларусі, загадчык раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава (на здымку). А яе сын Раман Волкаў, выхаванец гуртка па ткацтве «Школа ткачоў», што працуе пры цэнтры ткацтва, узнагароджаны Дыпломам I ступені за лепшую тэкстыльную ляльку ў этнаграфічным ці гістарычным касцюме. Увогуле абласное свята рамёстваў «Слуцкія паясы» – гэта шырокія магчымасці для народных майстроў з усёй Міншчыны, каб паглыбіць творчыя і дзелавыя зносіны паміж установамі культуры для далейшага творчага росту адоранай моладзі. Выступаючы на адкрыцці, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Таццяна Хмель адзначыла, што яшчэ ў 2013 годзе Мінаблвыканкамам было прынята рашэнне аб правядзенні абласнога свята народных мастацкіх рамёстваў у Слуцку на пастаяннай аснове. І сёлета Случчына прымала свята ўжо ў чацвёрты раз. Асабліва прыемна, што яно пашырае свой фармат: у гэтым годзе акрамя ўсіх рэгіёнаў Мінскай вобласці ў ім удзельнічалі  Віцебская, Магілёўская, Брэсцкая вобласці. На фестываль у Слуцк прыехалі і беларусы замежжа, якія ўдзельнічаюць у IV Фестывалі беларусаў свету. Таццяна Мікалаеўна падкрэсліла, што важна захоўваць і прымнажаць культурныя традыцыі, каштоўнасці роднай зямлі. [caption id="attachment_139846" align="alignnone" width="840"] Журы ацэньвае работы Таццяны Волкавай[/caption] Напярэдадні кожнаму раёну было дадзена заданне саткаць традыцыйны для свайго рэгіёна пояс даўжынёю адзін метр і шырынёю 24 сантыметра. Затым усе паясы сшылі ў адзін агульны, які выкарысталі на закрыцці свята. Пояс Капыльскага раёна выткалі супрацоўніцы цэнтра ткацтва метадыст Ала Ладыга і загадчык установы Таццяна Волкава. А ў абласным конкурсе «Беларуская лялька», які праводзіцца ў чацвёрты раз, прадстаўнікі Капыльшчыны прымалі ўдзел упершыню. Таццяна Волкава разам з сынам Раманам прадставілі на конкурс лялек у этнаграфічных касцюмах: жаночым і мужчынскім. Дарэчы, на суд кампетэнтнага журы конкурсу, якое ўзначаліў прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута, было падстаўлена шмат цікавых работ. Сваю творчасць на мерапрыемстве прадстаўлялі майстры раённага цэнтра традыцыйнай культуры з аг. Мажа. Майстар народных промыслаў Бернарда Леаненка ў намінацыі «Этна-стыль» прэзентавала сваю калекцыю адзення «Натхненне». [caption id="attachment_139848" align="alignnone" width="500"] Юны майстар Раман Волкаў і яго лялька[/caption] – Выраб беларускай лялькі – вельмі цікавы кірунак у творчасці, – дзеліцца ўражаннямі Таццяна Волкава. – Яны розныя: і абярэгавыя, і гульнёвыя, і  абрадавыя. У маіх планах – стварыць калекцыю лялек у традыцыйных народных строях рэгіёнаў Беларусі. Першы крок да гэтага ўжо зроблены. На свяце, якое прайшло ў Слуцку, разам з сынам Раманам мы прадставілі на суд журы лялькі ў мужчынскім і жаночым строі вёскі Семежава. Перш, чым зрабіць ляльку, мы цікавіліся тым, як жылі нашы продкі, вывучалі іх традыцыі і веру, промыслы. А потым замацоўвалі веды вырабам лялькі, якая ўжо становіцца здабыткам сучаснай матэрыяльнай культуры. Часу на стварэнне конкурсных работ было затрачана шмат, бо ўсё зроблена ўласнымі рукамі, пачынаючы ад каркаса і манекена, заканчваючы апошняй нітачкай. Ведаеце, зрабіць лялечны касцюм няпроста: вельмі складана ў мініяцюры выпрацаваць кожную дэталь, каб яна была і дакладнай, і заўважнай. А чаго толькі каштуе наша традыцыйная для Семежава вышыўка насцілам! Яна і раней бытавала толькі ў Капыльскім, Клецкім і на частцы Слуцкага і  Салігорскага раёнаў. А зараз і зусім вельмі рэдкая з’ява. Усе семежаўскія кашулі ўпрыгожаны менавіта вышыўкай насцілам. Паважанае журы гэты момант таксама адзначыла. За дапамогу я ўдзячна народнаму майстру Валянціне Міхайлаўне Кіені, якая з’яўляецца маёй настаўніцай у ткацкай справе. Да яе я звярталася з рознымі пытаннямі, бо вельмі хацелася зрабіць як мага дасканала. Таксама мне дапамагаў і спецыяліст па народнай творчасці з Любанскага раёна Сяргей Георгіевіч Выскварка, які навучыў мяне некалькім спосабам павязвання традыцыйнага для Беларусі галаўнога  жаночага ўбору наміткі, які раней насілі і ў Семежаве. Я ўвогуле люблю, каб было няпроста, каб трэба было папрацаваць, бо лічу, што тое, што зроблена з лёгкасцю, не цэніцца. А калі яшчэ працуеш разам з прадстаўніком юнацтва – сынам, то ў поўнай меры адчуваеш сувязь пакаленняў. Таму вельмі прыемна, што наша праца была вельмі высока ацэнена. Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота Капыльскага раённага цэнтра ткацтва

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей