Моцныя працяглыя маразы сталі сур’ёзным выпрабаваннем для жывёлаводаў. Неабходна не толькі дасканала наладзіць работу ў гэтых умовах, але і прыкласці ўсе намаганні, каб не знізіць прадукцыйнасці ў галіне.
[caption id="attachment_16137" align="aligncenter" width="443" caption="В. Чаркас (загадчыца), І. Бякешка, Г. Лук’янчык, В. Русакевіч, З. Гаўрыленя"]

[/caption]
ААТ “Мажа-Агра” гэта няблага ўдаецца. Тут апошнім часам значна вырас валавы надой у параў- нанні з мінулым годам (склаў 134 %), практычна на тры кілаграмы павялічыўся і надой ад адной каровы. Адна з лепшых малочнатаварных ферм гаспадаркі — МТФ “Вусава”, якую ўзначальвае Вера Чаркас. За студзень бягучага года тут ад 183 кароў атрымалі 86 тон 300 кг малака (па 16 кг ад адной галавы).
Зімовыя цяжкасці аказаліся па плячы дружнаму калектыву. Валянціна Русаковіч, напрыклад, працуе на ферме толькі год, але ўжо здолела абысці сваіх больш вопытных калег, надаіўшы за студзень 26 тон малака. Стараюцца не зніжаць тэмпаў працы Ірына Бякешка, Ганна Лук’янчык, Зінаіда Гаўрыленя. “Вы пра нашу загадчыцу абавязкова напішыце, — у адзін голас па- прасілі жанчыны. — Гэта дзякуючы ёй у нас усё няблага атрымліваецца. Умее яна ўсё арганізаваць і як чалавек вельмі добры”.
Жывёлагадоўчыя памяшканні на ферме ўжо не новыя, таму ўсё наладзіць як след няпроста. Аднак калектыў імкнецца не дапусціць збояў. Тут ведаюць, што жывёле моцны мароз перанесці лягчэй, калі яна добра накормлена. У рацыён акрамя сенажу, сіласу і сена ўключаецца патака, канцэнтраты, бульба. Для хуткай і арганізаванай раздачы кармоў летась купілі пагрузчык, на якім, паводле слоў дырэктара сельгаспрадпрыемства Мікалая Гурыновіча, вельмі старанна працуе Анатоль Старавойтаў. Расчышчаны пад’езды да сянажных і сіласных траншэй, сенасховішча.
Вельмі ўважліва ў гаспадарцы сочаць за станам водаправодных труб. За МТФ “Вусава”, як і за кожнай фермай гаспадаркі, на зімовы перыяд замацаваны адказныя спецыялісты. У гэтую сцюжу яны — а гэта галоўны аграном Мікалай Цвірка і прараб Іван Кажанеўскі — працуюць без выхадных. Штодня, а то і некалькі разоў на дзень, наведваюцца на ферму зоаветспецыялісты, дырэктар сельгаспрадпрыемства. І, як адзначае Вера Чаркас, вялікіх праблем пакуль не было. Вельмі задаволена загадчыца слесарам Алегам Бякешкам, дзякуючы стараннасці якога без перабояў, нават у такі няпросты час, працуе сістэма гноевыдалення, няма збояў і ў рабоце іншага абсталявання.
Каб аблегчыць у марозныя дні ўмовы працы жывёлаводаў, сочаць за тым, каб пастаянна была напалена печка ў пакоі жывёлавода, мелася гарачая вада для мыцця малочнага абсталявання. На ферме ёсць электрачайнік, што дае магчымасць папіць гарачага чаю. На працу і з працы жывёлаводаў возяць на спецыяльна набытым аўтамабілі.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии