Да Дня народнага адзінства работнікі культуры раёна падрыхтавалі тэматычны канцэрт. Падчас праграмы ўзгадваліся гістарычныя падзеі, гаварылася пра дасягненні дня сённяшняга.
Вядучая
Людміла Давідоўская падкрэсліла, што ахова свайго дома і сваёй зямлі заўсёды была ў аснове жыцця беларусаў. Так ужо павялося здаўна: талака на полі ці на вайне, няма розніцы – адзінства ў нашай крыві. Без адзінства не было б вялікай перамогі. Адзінства звязвае сем’і, пакаленні, івёскі, гарады. Мірны беларускі народ ніколі не пасягаў на чужое, але аддана абараняў сваё. Людзі, што жылі на гэтай зямлі многа стагоддзяў таму, пранеслі любоў да сваёй зямлі. Ад вытокаў і да сённяшняга дня.
Усе нумары канцэрта былі прасякнуты любоўю да Радзімы, да роднага краю, гераізмам нашага народа. Распачалі святочны вечар шоў са сцягамі выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна. У выкананні народнага ансамбля народнай песні «Спадчына» прагучалі песні «Мы – беларусы» і «Земля родная». Назвы наступных твораў гавораць самі за сябе: «Радзіма – гэта…», «Я – беларус маленькі», «Беларусь – мой дом», «Зямля з блакітнымі вачыма», «Если б камни могли говорить…» Гэтыя і іншыя песні, вершы, інструментальныя і харэаграфічныя кампазіцыі выканалі выхаванцы ўзорнай студыі эстраднага вакалу «Клио», салісты Дзяніс Сельвановіч, Багдан Змітровіч, Вікторыя Сініцына, Вячаслаў Курчык, Наталля Віцебская, народны ансамбль народнай музыкі «Капыляне», народны жаночы вакальны ансамбль «Алира», харэаграфічны калектыў Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў.
Ці спадабаўся вам канцэрт? З такім пытаннем мы звярнуліся да некаторых гледачоў.
Ганна ТАРОЦЬКА, спецыяліст па кадрах ААТ «ПМК-11 г. Капыль»:
— Канцэрт мне вельмі спадабаўся, усе нумары адпавядалі тэматыцы. Асабліва ўразілі юныя артысты. Бачна, што ў нас ёсць будучае. Толькі хацелася б, каб гледачоў на такія мерапрыемствы збіралася больш. Тым больш напярэдадні Дня народнага адзінства.
Наталля ЛАГАВАЯ, намеснік дырэктара фізкультурна-аздараўленчага цэнтра:
— Па меры магчымасці стараюся бываць на мерапрыемствах такога кшталту. Прыемна, што ў нас ёсць свае таленты, на якія прыемна паглядзець. Як заўсёды, канцэрт быў добра сюжэтна пабудаваны. Словам, час быў марна не патрачаны.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии