Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

44

Через историю - к народному единству

17.09.2023
Што мы ведаем пра жыццё заходніх беларусаў пад прыгнётам Польшчы? Шчыра скажам, не так ужо і многа. Гэтая тэма доўгі час не мела шырокага асвятлення. Аднак зараз усё перамянілася. І даведацца пра тое, што перажылі продкі, наш абавязак. Спачатку звернемся да… карыкатуры. Гэты жанр быў запатрабаваны нават і ў пачатку 20 стагоддзя, а дакладней — амаль у перыяд зараджэння Савецкага Саюза. Як доказ — цікавыя малюнкі пра жыццё ў Заходняй Беларусі, змешчаныя ў некалькіх нумарах часопіса «Чырвоная Беларусь» за 1930 год пад рубрыкай «Гумар Заходняе Беларусі». Ды так сабе гумар, скажу я вам. Вясёлага амаль нічога няма. Адзін здзек з чалавека. Асабліва як журналіста мяне зацікавілі тры малюнкі, прысвечаныя менавіта дзейнасці тагачасных калег. Іх аб’ядноўвае назва «Як выглядае «свабода» рабоча-сялянскага друку для: чытача-працоўнага, рэдактара і журналіста». Што мы бачым? Чытача-працоўнага за кратамі, які нешта спрабуе разгледзець. Рэдактара, якому вельмі перашкаджае маска-рашотка на твары. І нарэшце — журналіста, з навясным замком на роце.  Пра якую свабоду слова тут можна казаць? А тэму гэтую мы працягнем крыху ніжэй. Наступныя малюнкі аб’яднаны загалоўкам «Што дала фашысцкая дыктатура працоўным масам Заходняе Беларусі». Паглядзім, што ж яна дала? Свабоду: на выяве просты селянін, які самазабыўна каўтае гарэлку з пляшкі, а на заднім плане — хатка з шыльдай, дзе на польскай мове напісана пра водку і спірытус. А вось яшчэ адна карыкатура. На ёй вялікім мехам з зернем прывалены зноў-такі просты селянін з сярпом у руцэ, а на мех умасціўся пан. І называецца гэтая «свабода» — «Падаткі». «Школа» —  пад такой назвай гумарыст часопіса намаляваў здаравенны драўляны крыж над магілкай таго, хто хацеў атрымаць адукацыю.  І заключны малюнак уяўляе сабой турэмную камеру, на падлозе якой уладкаваўся ўсё той жа беларускі мужык-гаротнік, а перад ім стаіць нейкі збанок і бегае  гаспадыня-мыш. Дык якімі ж былі свабода слова, грамадскія абавязкі, адукацыя, зямля для жыхароў Заходняй Беларусі? А ніякімі. Бо рабам свабода не патрэбна. А менавіта на правах рабоў пад польскай уладай і жылі простыя беларускія людзі. Да вызвалення жыхароў Заходняй Беларусі заставалася яшчэ доўгіх дзевяць гадоў… У кнізе «Польская акупацыя Беларусі», якая пабачыла свет у 1920 годзе,  яе аўтар  Антон Луцкевіч між іншым піша (правапіс мы захавалі тагачасны): «…Як менскіе, так і віленскіе беларускіе арганізацыі падалі цьвёрды пратэст. Сабраўшыся на сход 30 красавіка 1920 году прадстаўнікі Рады Віл. і Горадз. і ўсіх беларускіх устаноў места Вільні аднагалосна заявілі, што 1) Беларускі народ і ўсе прадстаўляючые яго арганізацыі цьвёрда стаяць, як і да гэтай пары, за дзяржаўную незалежнасць і непадзельнасьць Беларусі згодна з актам Рады Беларускае Народнае Рэспублікі з 25 марца 1918 г. 2) Ніякіе «самаупраўленьні» без дзяржаўнае незалежнасьці беларускага народу не здаволяць… …Каб апраўдаць перад Эўропай свае захватніцкіе пляны, польскаму ўраду трэба было за ўсялякую цану паказаць, быццам насяленьне окупованых зямель само — з вольнай і непрымушонай волі — хоча прылучэньня да Польшчы. А як гэтага папраўдзі хацела адно толькі маленачкая частка насяленьня Беларусі — жменя тутэйшай польскай буржуазіі, а ўсе няпольскіе элемэнты, становячы прынамсі 90 прац. агульнага ліку жыхараў краю, цьвёрда бараніліся ад польскага захвату, — дык начальнік дзяржавы і яго ўрад, нарушаючы абвешчаную грамадзянам колішняга В. Князьства Літоўскага «свабоду» ў разьвязаньні іх унутраных спраў, пачалі барацьбу з беларускім народам ня толькі ў межах дзяржаўнасьці, але і ў межах чыста ўнутранага жыцьця. І вось ад першага дня прыходу польскіх войск на Беларускую зямлю окупанты заводзяць нябывалы, нікім дагэтуль тут не практыкаваны, белы тэрор. …Польскіе аружные банды ўрываліся гвалтам да сялянскіх рад, білі іх членаў і працаўнікоў, зьдзекаваліся ўсяляк над імі, арыштоўвалі  і гналі з сабой, кіруючыся да Польшчы. Касы рабавалі. Дакумэнты нішчылі. Спакойнае насяленьне тэрорызіравалі. Па вёсках і мястэчках бралі ўсё, што папала пад рукі: хлеб, адзежу, вобуў, грошы, скаціну. У траскучы мароз лавілі сялян на дарозе, адбіралі каней з санкамі, сьцягавалі кажухі, зьнімалі боты і голых і босых гналі прыкладамі да хаты. … А вось найнавейшае здарэньне — бадай ці не апошняе перад выхадам польскіх войск з Беларусі. Шырока вядомы беларускі працаўнік, Янка Станкевіч, на аснове паразуменьня з Цывільным Упраўленьнем Усходніх Зямель, маючы ўсе патрэбные паперы і пазваленьні, прыехаў быў у Ашмяну выкладаць беларускую мову, літэратуру, географію і гісторыю — на летніх вучыцельскіх курсах. Вось-жа тамтэйшые польскіе ўласьці як стой арыштавалі яго і пасадзілі ў вастрог, а ўсе яго рукапісы і беларускіе вучэбнікі зніштожылі. Толькі ўцечка ўласьцей перад прыходам чырвонае арміі вярнула Станкевічу волю. Адначасна з беларускай школай окупанты прасьледавалі і беларускую мову. 0фіцыяльна яна была прызнана роўнай другім краёвым мовам. Але на практыцы гэнае прызнаньне было толькі пустым словам». Вось мы і звяртаемся да самай першай тэмы — свабоды слова. За дзесяцігоддзе, якое мінула з 1920 па 1930 гады, у гэтым кірунку нічога не змянілася. Журналісты як былі за духоўнымі кратамі, так і засталіся. Мяркуйце самі: «Каб народ ня мог быць павядомлены аб усіх вышэйсказаных фактах, окупанты зрабілі зусім немагчымым істнаваньне беларускае прэсы. Мала было вострае вайсковае цэнзуры: адна за аднэй былі зусім закрыты ўсе часопісы на беларускай мове ў Вільні і Горадні. Бязмала ўсе рэдактары іх за найдрабнейшые правіннасьці пападалі ў вастрог, калі не паспявалі ўцячы ў свой час заграніцу. Па беларускіе кніжкі і газэты, хаця яны друкаваліся з пазваленьня польскае цэнзуры, окупанты ўглядаліся, як на «нелегальную літэратуру» Шмат яшчэ якіх прыкладаў можна прыводзіць, каб убачыць, што наш беларускі народ не меў аніякага роўнага права з польскім панствам. І толькі пасля ўз’яднання дзвюх частак адной краіны народ па-сапраўднаму ўзмацнеў. Нельга не пагадзіцца са словамі нашага Прэзідэнта пра тое, што «першая ўмова суверэнітэту і незалежнасці — народнае адзінства». А адзінства — значыць разам, у міры і згодзе будаваць нашу краіну на радасць дзецям і ўнукам. Дзіяна ТКАЧЭНКА

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей