Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

58

Узорны аркестр з капыля пацвердзіў свае мастацтва

10.06.2010

Зусім нядаўна г. Салігорск стаў сталіцай неардынарнага і прыцягальнага для аматараў музыкі дзейства. Горад шахцёраў другі раз сустракаў адкрыты дзіцячы фестываль-конкурс джазавай і эстраднай музыкі “Jazz-Time”(час джаза), які становіцца папулярным далёка за межамі Беларусі.

“Ці будзе Капыль на конкурсе?” – пацікавіўся прэзідэнт асацыяцыі музычных дзеячаў паўднёвай акругі Швецыі, кіраўнік некалькіх эстрадных аркестраў, дырэктар музычнага фестывалю ў горадзе Крысціян-Стад, член журы салігорскага фестывалю Ёні Янгус (Швецыя), як толькі прыбыў на конкурс. Бясспрэчна, Капыль быў. Узорны эстрадны аркестр дзіцячай школы мастацтваў, які на першым фестывалі атрымаў гранд, проста не мог не быць.

Яшчэ задоўга да музычнага форуму аркестр пад кіраўніцтвам Льва Канапляніка адточваў майстэрства і ў раёне, і за яго межамі, знаёмячы публіку са сваім надзвычайным мастацтвам. Усяго трэці год існуе калектыў, але за гэты кароткі час здолеў дасягнуць значных поспехаў на культурнай ніве: гранд у конкурсе “Jazz-Time”, перамога на “Пружанскім блюзе”. Цяпер аркестр – жаданы госць на савеце дырэктароў дзіцячых школ мастацтваў і дзіцячых музычных школ Мінскай вобласці, дзе права на ўдзел маюць найлепшыя музыканты.

На фестывалі-конкурсе ў Салігорску і члены журы, і аматары музыкі чакалі ад капылян адмысловага і запамінальнага выступлення. Ня-гледзячы на тое, што за апошні год склад калектыву змяніўся, усё ж такі з’явілася большая ўпэўненасць у сваіх сілах. Да таго ж, дзякуючы Капыльскаму райвыканкаму аркестр закупіў сучасныя музычныя інструменты – таксама немалаважны факт на шляху да поспеху. А поспех не прымусіў чакаць сябе. Па словах відавочцаў, нельга перадаць таго, што рабілася ў зале, калі на сцэне выступаў капыльскі аркестр: апладысменты, бура авацый суправаджалі кожны іх музычны твор.

І хаця гранд у гэтым годзе паехаў у Растоў-на-Доне (джазавая школа расійскага калектыву адшліфоўвалася на працягу 40 гадоў), капыльскія музыканты, іх выканальніцкае майстэрства запала ў душы слухачоў і членаў журы, сярод якіх аўтарытэтныя музыканты, крытыкі, кампазітары. Аркестр дзіцячай школы мастацтваў атрымаў дыплом першай ступені, а Леў Канаплянік – у падарунак плазменны тэлевізар.

Пасля фестывалю капыльскі калектыў радаваў публіку падчас справаздачнага канцэрта Дзіцячай школы мастацтваў, які адбыўся на мінулым тыдні. І ўпэўнены, што гэта сустрэча капыльскай публікі з майстрамі джаза была далёка не апошняй.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

На здымКУ: Узорны эстрадны калектыў ДШМ пад кіраўніцтвам Л. Канапляніка.

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей