Ва ўстанове аховы здароўя “Капыльская ЦРБ” закончаны рамонт часткі першага і другога паверхаў старога будынку паліклінікі
[caption id="attachment_16064" align="aligncenter" width="443" caption="Старшыня райвыканкама А. Жданеня (злева) у абноўленай паліклініцы"]

[/caption]
Падчас правядзення работ адміністрацыя ўстановы аховы здароўя старалася ўлічваць пажаданні пацыентаў. Бясспрэчна, з-за таго, што будынак стары, узнікалі пэўныя цяжкасці ў рэалізацыі намечаных перамен. Даводзілася ўсё перарабляць. Так заменены сантэхніка, вокны, дзверы, электраправодка. Фактычна ад старога будынку засталіся толькі сцены.
Многія памятаюць, наколькі нязручным быў хол, дзе хворым практычна не было дзе нават і прысесці. Самі калідоры - цёмныя, а вялікія чэргі да ўрачоў стваралі пэўныя нязручнасці. Да таго ж, хірургічным і траўматалагічным хворым, каб трапіць на прыём, неабходна падняцца на другі паверх. А многім з іх гэта не так проста зрабіць. Яшчэ адна няёмкасць датычылася наведвання кабінета ўрача-гінеколага, які знаходзіўся насупраць хірургічнага кабінета, дзе заўсёды былі вялікія чэргі.
Дзякуючы таму, што гардэроб перанесены ў асобны пакой, цяпер у будынку ля рэгістратуры маецца шырокі хол, дзе можна будзе камфортна дачакацца сваёй чаргі. Адразу насупраць рэгістратуры размясцілі траўматалагічны кабінет. На першым паверсе асобна абсталявалі жаночую кансультацыю, дзе можна трапіць на прыём да акушэр-гінеколага, цяжарнай жанчыне тут жа зробяць КТГ (кардыятакаграфія плода) і іншае.
– Вялікую дапамогу, у тым ліку і фінансавую, па рамонце паліклінікі нам аказаў райвыканкам. Дзякуючы гэтаму набыта новае абсталяванне на суму 169 млн рублёў, закуплена новая мэбля, – тлумачыць галоўны ўрач Ірына Гулевіч. – Таксама хацелася б падзякаваць прадпрыемствам і арганізацыям раёна за фінансавую падтрымку. З іх дапамогай мы набылі лаўкі для наведвальнікаў, поўнасцю абсталявалі сталовую тэрапеўтычнага аддзялення.
Як адзначыла Ірына Уладзі- міраўна, не абышлося без пэўных цяжкасцей. Самым складаным стала тое, што адначасова неабходна было весці рамонт будынку і прыём хворых, не парушаючы санітарна-гігіенічных норм. Але дзякуючы разуменню пацыентаў з гэтай задачай калектыў спраўляецца.
Якасць праведзеных работ і камфорт, які чакае пацыентаў, змаглі ацаніць старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд, намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, начальнік фінансавага аддзела Галіна Міцкевіч, галоўны санітарны ўрач Капыльскага раёна Аляксей Кароль.
Ганаровыя госці прыехалі не з пустымі рукамі. Пасля агляду новых кабінетаў яны ўручылі калектыву каляровы тэлевізар, які размесціцца ў холе ўстановы здароўя, каб наведвальнікі яшчэ больш камфортна адчувалі сябе ў абноўленай паліклініцы.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии