Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

39

Спачатку было слова

30.01.2012
30 снежня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №618 «Аб аб’яўленні 2012 года Годам кнігі». Гэта рашэнне было прынята з мэтай павышэння ролі кнігі і чытання ў сучасным грамадстве, выхавання ў маладога пакалення любові да мастацкага слова, развіцця айчыннай літаратуры, забеспячэння дзяржаўнай падтрымкі нацыянальнага кнігавыдання. Кніга займае важнае месца ў жыцці кожнага чалавека, гэта  падмурак, на якім будуецца культура нацыі. Спачатку з’явілася слова, пасля яно было запісана і ўвасоблена ў кнізе. Шлях да пісьменнасці быў доўгім і складаным. Прынята лічыць, што пачатак яму быў пакладзены каля шасці тысяч гадоў таму, прыкладна, у чацвёртым тысячагоддзі да нашай эры. Кніга ж на Беларусі з’явілася ў Х стагоддзі, разам з хрысціянствам. Яна прыйшла ўрачыста, на самае пачэснае месца. Якія б высокія, мураваныя ці драўляныя ні былі дамы ў горадзе і вёсцы – над  кожным паселішчам велічна ўзвышаўся храм. А ў цэнтры храма, на адмысловым пасадзе, было месца кнігі – Евангелля. Яго ўрачыста выносілі, яго цалавалі, як ікону, на ім прысягалі сведкі на судах. Еўфрасіння Полацкая... Без гэтага імя не толькі не магчыма ўявіць духоўнае жыццё на Беларусі ў ХІІ стагоддзі, але і ўсю шматвякавую гісторыю нашай Радзімы. Беларуская друкар- ская справа звязана з іменем першага беларускага друкара Францыска Скарыны, менавіта ён прынес друкаваную кнігу на Беларусь, магната Храптовіча, чыя бібліятэка склала аснову маскоўскай «ленінкі». Калі гаварыць пра гісторыю бібліятэк на Капыльшчыне, то трэба адзначыць, што кніжны фонд наша бібліятэка атрымала ад бібліятэк, у розны час існаваўшых у Капылі на грамадскіх пачатках яшчэ ў дарэвалюцыйны час. У фондзе былі сабраны выданні на рускай, яўрэйскай мовах, сустракаліся нават надрукаваныя старой арфаграфіяй. Самай буйнай была бібліятэка хатняга настаўніка Шафрановіча, якой у свой час карысталіся Ц. Гартны і яго паплечнікі. Напачатку 20 ст. у Капылі ў хаце Рыгора Чарнушэвіча існавала тайная бібліятэка сацыял-дэмакратаў. Так паступова капыляне знаходзілі шлях да кнігі, да ведаў, да палітычнай барацьбы. 3 устанаўленнем савецкай улады Наркампросам прымаецца рашэнне стварыць пры пазашкольным аддзеле секцыю для кіраўніцтва бібліятэчнай справай. I вось на Капыльшчыне пачынаюць з’яўляцца першыя бібліятэкі і хаты-чытальні, пункты па ліквідацыі непісьменнасці. Вечарамі тут станавілася мнагалюдна. Пісьменныя чыталі, а хто яшчэ не ўмеў чытаць – прыходзілі  паслухаць. I ўжо ў сярэдзіне 30-х гадоў у раёне мелася 39 бібліятэк з кніжным фондам у 66 тысяч экзэмпляраў. Трывала ўвайшоў у быт і перыядычны друк. Жыхары раёна выпісвалі звыш 13 тысяч газет і часопісаў. Можна з упэўненасцю сказаць, што кнігу ў нас на Капыльшчыне любілі і яна была заўседы ў пашане. I сёння наша бібліятэка імкнецца да арганізацыі найбольш поўнага забеспячэння запытаў карыстальнікаў у сучасных сацыяльна-эканамічных умовах. Мы вывучаем і ўкараняем новыя формы абслугоўвання. Практычна ўсе працэсы ў нашай бібліятэцы ажыццяўляюцца ў аўтаматычным рэжыме. Мы маем доступ да базы даных «Універсітэцкая бібліятэка», выхад у Інтэрнэт, выконваем паслугі па ксеракапіраванні і сканіраванні літаратуры. Ствараем фактаграфічную і поўнатэкставую базу краязнаўчых матэрыялаў. Рыхтуем тыдні краязнаўства і літаратурныя хвілінкі, прысвечаныя нашым землякам і беларускім пісьменнікам-юбілярам года. Бібліятэка заўсёды рада бачыць сваіх чытачоў на нашых мерапрыемствах. Так, мы запрашаем прыхільнікаў чытання на літаратурны вечар «У маёй сям’і ўсе любяць кнігу», на выставы-прагляды новай літаратуры «Дзень добры, кніжка беларуская», на цыкл гутарак, прысвечаных знакамітым землякам, «Светлы след на роднай зямлі» і на іншыя мерапрыемствы. Паважаныя чытачы, Год кнігі толькі пачынаецца, і мы спадзяёмся, што кожны з вас прыйдзе да нас і знойдзе месца кнізе і друкаванаму слову ў сваім жыцці. Ірына ПЯТРОВІЧ, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Капыльскай ЦРБ ім А. Астрэйкі  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей