«Мы цяпер жывём добра!» - так лічаць нешматлікія жыхары невялікай вёсачкі Цагельня Бабаўнянскага сельсавета, куды мы адправіліся ў чарговую вандроўку
Для карэннай жыхаркі пасёлка
Алены Ус гэтае лета ўжо восемдзесят чацвёртае. Тут, у бацькоўскім доме, нарадзілася, тут жа і жыве. Алена Аляксандраўна — вельмі прыемная ў размове бабуля, ад якой вее нейкай дабрынёй, чысцінёй, прыстойнасцю, уменнем выслухаць суразмоўцу. Ды і самой расказаць даволі эмацыянальна, упэўнена, захапляльна.
[caption id="attachment_136874" align="alignnone" width="500"]
Алена Ус ля сваёй роднай хаты[/caption]
Пачаўшы размову, пацікавіліся, чаму ж населены пункт носіць такую назву.
— Цагельня — гэта, як казалі старажылы, невялікі завод па вырабе цэглы. Ён размяшчаўся непадалёку, вунь за тымі кустамі, — паказваючы ў бок Цялядавіч, расказвае жанчына. — Мой бацька гаварыў, што тут было многа гліны, таму яе капалі і перапрацоўвалі, а людзі, якія гэтым займаліся, пабудавалі невялічкі пасёлак.
— Сапраўды, гэтыя мясціны багатыя на карысныя выкапні. Усё гэта знайшло свой адбітак у назвах навакольных вёсак. Мяркуйце самі, Старая Гута, Новая Гута, Руднікі, — уключылася ў размову старшыня Бабаўнянскага сельвыканкама Ірына Запольская.
— Алена Аляксандраўна, а ці ведаеце Вы, хто да Вас прыехаў? — пытаемся ў бабулі.
— Няўжо не. Гэта ж
Аляксандраўна наша, з сельсавета. Ну а Вы, мабыць, з газеты, — чуем у адказ. — З раёнкай не расстаюся ніколі, колькі жыву, заўсёды яе выпісваю. Люблю пачытаць навіны раёна, даведацца, што робіцца ў нашай гаспадарцы, ды і час у адзіноце хутчэй праходзіць. Хачу сказаць, што жывём мы цяпер добра. Ёсць хлеб і да хлеба. Пад самы дом пад’язджае аўталаўка — купляй, што хочаш! Некалі ў гэтую пару (час жніва) каласочкі па полі шукалі, а цяпер выбіраем, што з’есці, ці ўвогуле нос адварочваем.
— Давайце вернемся ў мінулае: дзе і як Вы працавалі?
— Пасля школы я пайшла ў брыгаду, а апошнія 10 гадоў перад пенсіяй была на штаце (на ферме ў в. Восава), — расказвае суразмоўца. — Давялося папрацаваць і на падсочках (збор смалы з сосен), на вырошчванні как-сагызу (расліна падобная да дзьмухаўца, з якой вырабляюць каўчук).
— Напэўна, адной жыць няпроста. Чаму не едзеце ў горад?
— Не, ні ў якім разе, — замахала рукамі жанчына. — Пакуль буду магчы, буду дома. У сваіх сценах я сябе зусім па-іншаму адчуваю. Разумею, што для дачкі і яе сям’і цяжар кожныя выхадныя ехаць да мяне, але пераязджаць пакуль што не збіраюся. Гарадская «шпакоўня» не для мяне. Тут я выйду ў свой двор, пакармлю курак, з сабакам пагавару, на агарод і кветкі палюбуюся. Для дачкі, зяця, унукаў і нават праўнучкі вёска — месца, дзе яны адпачываюць душой. Дзякуй богу, што жывём мы пад мірным небам, і няхай яно будзе такім заўсёды!
Другая жыхарка Цагельні
Марыя Гарнастай. На жаль, тут нас не сустрэлі з такім аптымізмам, як падчас першага знаёмства. Яно і зразумела, Марыю Яўгенаўну падводзіць здароўе, таму асаблівай радасці ў яе вачах мы не ўбачылі. Насуперак хваробе яна даглядае свой агарод, вельмі любіць кветкі. Гаворыць, што нават за апошнія грошы купляе іх, калі вельмі спадабаліся. Да выхаду на заслужаны адпачынак жанчына працавала даяркай у саўгасе. Падвор’е каля бацькоўскага дома займае каля 40 сотак, якія трэба даглядаць. Касьбой займаецца зяць, а вось праполкай — дачка, каб было не горш, чым у іншых.
[caption id="attachment_136875" align="alignnone" width="840"]
Марыя Гарнастай: думкі аб нечым асабістым[/caption]
Жыве ў пасёлку і сямейная пара.
Таіса і Фёдар Любко ў дзень нашай сустрэчы толькі што вярнуліся з аўтобуснага прыпынку: гаспадыня была па справах у Капылі. Таму, калі мы пастукаліся ў дом, яны адпачывалі. Першай выйшла Таіса Вікенцьеўна.
[caption id="attachment_136876" align="alignnone" width="840"]
Таіса і Фёдар Любко з добрым ураджаем агуркоў і грыбоў[/caption]
— Мікалаевіч мой натаміўся сёння. Пакуль я раз’язджала, ён і ў грыбы схадзіў, і агуркоў навыбіраў, — сказала, паказаўшы ў бок калодзежа гаспадыня. — Мы з ім стараемся заўсёды быць разам. Любім, калі ў нашым двары чыста і прыгожа. Таму на кветніках хараство амаль круглы год.
Была калісьці ў сям’і вялікая гаспадарка: свінні, карова, надзейны памочнік — конь. Аднак гады робяць сваё, таму ад такіх клопатаў давялося адмовіцца. А раней яшчэ і ў саўгасе працаваць паспявалі. Фёдар Мікалаевіч рабочым, а Таіса Вікенцьеўна 20 гадоў аддала прафесіі тэхніка-асемянатара, вынікі работы якой не раз лічыліся лепшымі ў раёне.
Вось і закончылася яшчэ адна вандроўка па Капыльшчыне. Мы пазнаёміліся са звычайнымі людзьмі, якія, здаецца, нічым асаблівым не вылучаюцца. Але з такімі простымі, светлымі, шчырымі, улюбёнымі ў свой край.
Сяргей КОЗЕЛ. Фота аўтара
Комментарии