Сваімі меркаваннямі дзеліцца настаўніца музыкі СШ №2 г. Капыля Таццяна ЕРМАЛОВІЧ.
САМАЕ ЗАПАМІНАЛЬНАЕ
Гэты тыдзень для мяне асабліва значны. Мае выхаванцы – дзяўчынкі і хлопчыкі, якія займаюцца ў вакальных гуртках, прымаюць самы актыўны ўдзел у шматлікіх фестывалях і конкурсах. Вось і зараз Марыя Брылеўская знаходзіцца ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, дзе адстойвае гонар Капыльшчыны на рэспубліканскім конкурсе дзіцячай творчасці “Звонкая раніца-2”. А іншыя салісты і ўдзельніцы вакальнага ансамбля “Элегія” гэтымі днямі прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе дзіцячай вакальнай творчасці і мастацтва “Вікторыя”, што праходзіць у Палацы чыгуначнікаў у Мінску. Спадзяёмся, што вернемся з добрымі вынікамі.
АБРАДАВАЛА
Увогуле я чалавек жыццярадасны, пазітыўны. Часта радуюць, здавалася б, звычайныя, простыя рэчы. Напрыклад, зараз можна парадавацца надыходу сапраўднай зімы. Усе даўно чакалі марозу, снегу. Хаця і ўзніклі некаторыя складанасці для дарожнікаў, камунальнікаў, тым не менш у многіх людзей з’явіліся станоўчыя эмоцыі.
АБУРАЕ
Мяне заўсёды бударажыць несправядлівасць у жыцці. Нават бываюць такія моманты, што з-за гэтага апускаюцца рукі і не можаш нічога рабіць. Змагаюся з ёю ўвесь час, стараюся неяк пераадолець. У многім дапамагае пазітыўны жыццёвы стан душы.
ПРЫМУШАЕ ЗАДУМАЦЦА
Калі аналізуеш сваё жыццё, з’яўляюцца такія моманты, над якімі можна задумацца. Напрыклад, у асабістым жыцці больш увагі, на мой погляд, надаю працы, а не сваёй сям’і, родным і блізкім людзям. Але трэба спадзявацца і верыць у лепшае, настройваць сябе на добры лад, кажучы па-музычнаму – на мажор!
Запісаў Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии