Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

83

А вы знали, что в Копыле была электростанция? Нет? Читайте ...

03.08.2023
КАПЫЛЬ: тут была электрастанцыя Гісторыя Капыля цікавая і загадкавая. Шмат чаго мы ведаем, але шмат пра што яшчэ трэба даведацца. І дапамагаюць у гэтым як успаміны землякоў, так і друкаванае слова. Напрыклад, нямала цікавага ўдалося даведацца са старонак часопіса «Чырвоная Беларусь» за 1930 год, які зусім нядаўна трапіў на вочы. «Памірае стары Капыль. Старога Капыля ўжо няма, праз гады два яго ўжо зусім нельга будзе пазнаць. Памірае стары рамесніцкі і вясковы Капыль». На першы погляд артыкул мае зусім не аптымістычны пачатак, але, чытаючы далей, разумееш, што не ўсё так сумна. І нават наадварот. мяркуйце самі. Крокамі прагрэсу Амаль сто гадоў таму, у пачатку 30-х ХХ стагоддзя, у Капылі былі свае электрастанцыя, млын, лесапілка ды іншыя прадпрыемствы, якія месціліся ў так званым камбінаце (знаходзіўся на месце сучаснага магазіна «Санта»). Дзякуючы сваёй электрастанцыі ў мястэчку запальваліся ліхтары, і электрычнае святло залівала вуліцы. Здавалася, яшчэ зусім нядаўна ў хатах гарэлі лямпы-газоўкі, якія па-капыльску называлі «смаркачыкі». Напрыклад, у Рыгора Шкілевіча нават і напрыканцы 20-х гадоў ХХ стагоддзя на прыпечку стаяла газоўка ды ледзь-ледзь асвятляла хату. А праз нейкіх чатыры месяцы ў яго ўжо вісела лямпачка Ільіча. «Ці ж думаў хто раней, што ў гэтым далёкім захалусным мястэчку будзе электрычная станцыя? Дзе там! Гэта сталася толькі пры таварышох», – разважаў сабе дзядзька Рыгор. І на самай справе, акрамя электрычнай станцыі бальшавікі пабудавалі пільню, сукнавалку, крупадзёрку і двухвальцоўку. Справы шматнацыянальныя… Быў у той час у мястэчку яўрэй Каваленчык, які жыў з таго, што сеяў агуркі і прадаваў іх на рынку. А яшчэ быў ён балаголам (извозчиком – Рэд.). У студзёную зімовую ноч, у дажджлівую восень, і ў вясенняе разводдзе ехаў ён на сваёй фурманцы, шукаў пасажыраў, каб зарабіць які рубель. І такіх у Капылі было шмат. Акрамя таго, што ездзілі яны на Мінск ці Слуцк, курсіравалі таксама ад вёскі да вёскі. Шмат жыло ў мястэчку краўцоў, шаўцоў, гарбароў, сталяроў з яўрэяў. Акрамя прадстаўнікоў гэтай нацыі, жылі таксама і татары. Адзін з іх Х. Байрашэўскі, як і яго дзед з бацькам – адвечныя гарбары. Яны пасяліліся каля рэчкі, каб бліжэй было насіць мачыць скуры. Яго жонка, як і шмат іншых татарак, улетку садзіла агарод. Дарэчы, раннюю расаду капусты ды бручкі ўвесну можна было знайсці толькі ў татар. Цяжка жылося і саматужніку-стальмаху Паўлюку Дземідовічу, якому прыходзілася працаваць аднаму, разгінаць абады ды нацягваць іх на спіцы, бо ўжо стаў стары ды сіл не хапала. А вось у «гаспадара» Андрэя Шкірыча – сям’я вялікая: сем душ і зямлі тры гектары, з якой ён павінен быў і пракарміцца, і апрануцца. Таму прыходзілася яму то з сякераю, то з пілкаю, то з лапатаю шукаць работы па людзях. Аднак былі ў Капылі і заможныя людзі, якіх называлі «канкулёўныя» – кулакі ці гандляры. Па-капыльску кажучы, гэта быў «пракіткі» народ. Яны зрывалі сходы, запалохвалі ці падкуплівалі беднякоў, каб тыя не ішлі ў калгас. Напрыклад, кулакі двойчы падпальвалі гумны Балогі і Іваноўскага. Аднак калгас усё ж такі стварылі і назвалі імя Варашылава, у яго склад увайшло больш за 100 сямействаў капылян. І арганізавалі ў ім падсобныя цэхі: шавецкі, кравецкі, ткацкі, кавальскі, гарбарны. …і антырэлігійныя А 13 студзеня 1929 года ў нардоме (былы яўрэйскі дом, а зараз будынак загса) сабралася шмат капылян, каб паслухаць ды абмеркаваць на пашыраным прэзідыуме Капыльскага райвыканкама пытанне аб перадачы царквы пад культурныя патрэбы калгасу. Пад заявай падпісаліся 1137 калгаснікаў і настойліва патрабавалі зрабіць там клуб. Так, па жаданні насельніцтва была ліквідавана царква і передадзена калгасу пад свіран – вялікая каменная царква стала месцам, куды ссыпаюць насенне. Пад дом культуры была прыстасавана вялікая яўрэйская сінагога, а таксама татарская мячэць. У нардоме гучала радыё ды пускаліся «туманныя карціны», інакш кажучы кіно. Кінаапарат быў набыты ў 1928 годзе за народныя сродкі, і кіно круцілі два разы на тыдзень. Працавалі ў нардоме і гурткі: сельскагаспадарчы, драматычны, палітычны, харавы і шахматны. Па ўсім было відаць, як расце культурны ўзровень мястэчка. Пабудаваны будынкі для беларускай і яўрэйскай сямігодак. Разгорнута сетка школ і пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці. У пачатку 30-х гадоў у Капылі выдаваліся і свае вусныя газеты: «Капыльская праўда» і яўрэйская вусная газета. Яны карысталіся вялікім аўтарытэтам у народа. А капыляне шчыра верылі, што праз год-другі мястэчка не пазнаеш. На шырокіх палях вырастуць цагельні, вапнавыя заводы, адзін ужо нават дзейнічаў у тым жа 30-м. Будзе свой завод па перапрацоўцы садавіны, малочны ды тарфяны. Арганізоўваюцца вялікія сельскагаспадарчыя майстэрні, на што было адпушчана 30 тысяч рублёў. У гэтых майстэрнях будуць каваць плугі ды рамантаваць сталёвыя «коні» – трактары. Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота з архіва «СП» і з часопіса «Чырвоная Беларусь» Паважаныя чытачы! Калі ў вас захаваліся цікавыя гістарычныя фотаздымкі, падзяліцеся з намі. А мы ў сваю чаргу надрукуем іх у газеце і тым самым захаваем для памяці.

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей