Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

26

О том, как на Копыльшчине наводят порядок, рассказывает председатель Совета депутатов Ирина Кисляк

09.08.2023
Укласці часцінку душы ў свой край Прыгажосцю і чысцінёй капыльскай зямлі не стамляемся захапляцца не толькі мы самі, але і госці, якія прыязджаюць у раён. Навядзенне парадку на сваёй малой радзіме даўно ўжо стала справай усіх і кожнага, што пацвярджаюць і праведзеныя суботнікі, і рэгулярныя санітарныя дні, у якіх нашы землякі прымаюць самы актыўны ўдзел. Але добраўпарадкаванне — гэта не толькі ўборка смецця. Гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў, які ўключае навядзенне парадку на дарогах, месцах адпачынку, могілках і г.д. — усёй інфраструктуры горада і сельскіх населеных пунктаў. Гэтае пытанне перыядычна разглядаецца на пасяджэннях выканкама, на сесіях раённага Савета дэпутатаў. Больш падрабязна пра гэта гутарым са старшынёй райсавета Ірынай КІСЛЯК. — Ірына Мікалаеўна, жыхары раёна актыўна наводзяць парадак на замацаваных тэрыторыях, вуліцах і парках. Горад і вёскі прыкметна прыгажэюць, але ці ўсё з запланаванага зроблена? — Зроблена, сапраўды, шмат чаго. Але навядзенне парадку на зямлі — не разавая акцыя. Работа ідзе з ранняй вясны і да позняй восені. Добраўпарадкаванне — гэта, у першую чаргу, стаўленне людзей да навакольнага асяроддзя, звычка і традыцыя жыць у чысціні. Добры гаспадар штодня сочыць за сваім асабістым падвор’ем. А ўсе мы — такія ж гаспадары свайго краю, і клапаціцца пра яго трэба з такой жа адказнасцю і неабыякавасцю... На жаль, не ўсе гэта разумеюць. Узяць, напрыклад, стыхійныя звалкі, якія час ад часу з’яўляюцца як у межах горада, так і на раёне. Па магчымасці мы шукаем вінаватых, караем, але смецце з’яўляецца зноў і зноў. Або грамадзянскія могілкі. Парадак там наводзіўся напярэдадні Радаўніцы і іншых свят. А цяпер зноў прыбіраем, але ўжо хлам, пакінуты людзьмі пасля наведвання магілак. Многія так і разважаюць: прыедуць і прыбяруць. Але ж гэта нашыя сваякі, і мы самі павінны шанаваць іх памяць: без мінулага не будзе і будучыні. — Кажучы пра могілкі... Нярэдка чуваць скаргі на аварыйныя дрэвы, якія трэба прыбіраць. — Так, гэтае пытанне застаецца адкрытым. Тыя дрэвы, якія можна было спілаваць, не пашкодзіўшы магілкі, мы прыбралі. Засталіся самыя складаныя выпадкі, якія патрабуюць вялікіх матэрыяльных затрат. Вось тут таксама варта падключыцца мясцовым жыхарам: правесці сход, вызначыць, што трэба зрабіць у першую чаргу, і сумесна паўдзельнічаць у фінансаванні. А сельсаветы такую ініцыятыву абавязкова падтрымаюць. Дарэчы, за сем месяцаў гэтага года на ўтрыманне могілак жыллёва-камунальнай гаспадаркай патрачана больш за 5 тыс. рублёў. -— Не сакрэт, што выгляд вёскі псуюць пустыя вокны закінутых домаўладанняў... Што робіцца ў гэтым напрамку? — Вёска старэе, і нічога з гэтым не зробіш. Але безгаспадарныя дамы не проста выяўляюцца, ідзе іх пастаянны знос. З пачатку года іх ужо пахавана 36. Тэмп не вельмі высокі. І гэты від работ патрабуе большай увагі. — Якія пытанні Вы яшчэ лічыце праблемнымі? — На мой погляд, да іх можна таксама аднесці знос будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца, і збудаванняў. Выклікаюць заклапочанасць заваленыя кантэйнерныя пляцоўкі, для чаго неабходна карэкціроўка працы смеццявозаў. Пры гэтым раён не выконвае даведзенага задання па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў. Дарожнымі арганізацыямі недастатковымі тэмпамі робіцца выдаленне сухастойных і аварыйных дрэў на палосах адводу аўтамабільных дарог. Патрабуе асаблівай увагі аўтамабільная дарога Р-91 (участак ад уезду з боку Шышчыц і да Старыцы), таксама неабходна расчыстка паласы адводу дарогі Р-61 (участак Гулевічы-Блеўчыцы), а таксама шмат сухастойных аварыйных дрэў на ўчастку дарогі Гулевічы-Чырвоная Слабада. Нагадваю, што ў сувязі са зменамі, унесенымі ў правілы добраўпарадкавання населеных пунктаў, нагрузка з мясцовых бюджэтаў пераносіцца на арганізацыі і жыхароў, таму звяртаю ўвагу ўсіх: і арганізатараў, і кіраўнікоў на неабходнасць зладжанай сістэмнай працы. Ёсць рашэнні райвыканкама, сельвыканкамаў аб замацаванні арганізацый за аб’ектамі добраўпарадкавання, тэрыторыямі сельсаветаў, горада, якія павінны дакладна выконвацца. Вядома, хацелася б больш ініцыятывы і разумення ад жыхароў раёна наконт таго, што парадак неабходна не толькі наводзіць, але і падтрымліваць. Калі кожны ўкладзе хаця б часцінку сябе, сваёй душы ў гэтую працу, тады з’явіцца і адказнасць за сваю вуліцу, горад ці вёску. І — гонар за край, у якім мы жывём. Гутарыў Сяргей КОЗЕЛ Фота Таццяны БОХАН і Наталлі ДАВЫДЗЕНКІ

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей