У Семежаве ў Шчодры вечар правялі традыцыйны абрад “Калядныя цары”.
[caption id="attachment_15869" align="aligncenter" width="443" caption="Пачастункі - ад гаспадароў хаты."]
[/caption]
Задоўга да пачатку правядзення абраду публіка бавіла вольны час у парку адпачынку, дзе разгарнулася цэлая бакалея. Аматараў нацыянальнай беларускай кухні частавалі мясцовымі прысмакамі добра вядомыя на Капыльшчыне клубныя аб’яднанні “Лоцвінскія ўдалухі” (Лоцвінскі СДК), “Гаспадыня” (Семежаўскі цэнтр культуры і вольнага часу), “Калейдаскоп” (Песачанскі цэнтр культуры і вольнага адпачынку) і супрацоўнікі Жыліхаўскага СДК. Але, перш чым атрымаць духмяныя пачастункі, гасцям свята трэба было ці песні праспяваць, ці байкі расказаць, ці вершы прачытаць. Ды не абы–якія, а калядныя! Ну а больш удалыя і рухавыя пускаліся ў заліхвацкія скокі разам з удзельніцамі вясёлага гандлю. І паверце - на лёгкім марозіку паляндвічка ды свойская каўбаска, блінцы ды аладкі, травяны чай ды абаранкі надта доўга не “сумавалі” на шчодрых сталах.
[caption id="attachment_15870" align="aligncenter" width="443" caption="Гасцей свята вітаюць «Лоцвінскія ўдалухі»."]

[/caption]
Калі даспадобы работа майстэрская ды ўзор прыгожы – вось вам і семежаўскія тканкі: рушнікі, сурвэткі і посцілкі, якія прадставілі майстры раённага цэнтра ткацтва. А якое ж свята ды без добрай песні і вясёлых танцаў! Ад душы пад гармонік выскоквалі самадзейныя артысты Быстрыцкага і Скабінскага СДК. Народны калектыў “Спадчына” дарыў прысутным сваё вакальнае майстэрства, а ўсмешкі - народны тэатр гульні і гумару “Капыльскія пацехі”. Калі захацелі зазірнуць у будучыню і даведацца пра лёс, што наканаваны ў гэтым годзе, – заходзьце да варажбіткі або звярніцеся па дапамогу да пеўня-вешчуна.
[caption id="attachment_15871" align="aligncenter" width="289" caption="Малады састаў «Цароў»."]

[/caption]
Бліжэй да пяці гадзін вечара ў цэнтры каляднага дзейства з’явіліся доўгачаканыя “Цары”. Але ў гэтым годзе арганізатары падрыхтавалі сюрпрыз: да гледачоў выйшлі адразу два калектывы! Пасля невялікага прадстаўлення хлопцы накіраваліся па сваіх маршрутах, дзе іх ужо зачакаліся семежаўцы. Пацікавіўся ў дырэктара Семежаўскага цэнтра культуры і адпачынку Таццяны Шауры, чаму два калектывы ўдзельнічаюць у абрадзе. “У даўнейшыя часы ўвогуле на кожнай вуліцы меўся свой гурт. Семежава была вёска вялікая – 10 вуліц і на кожнай былі свае Цары, - патлумачыла яна. – Увогуле, хацела, каб сёння больш людзей убачылі гэты цудоўны абрад, зноў жа – каб прыцягнуць больш турыстаў да нас”.
[caption id="attachment_15872" align="aligncenter" width="443" caption="Калядная варажба."]

[/caption]
У суправаджэнні шматлікіх гасцей і мясцовых жыхароў наведвалі “Цары” хату за хатай, дэманструючы даўні прыгожы абрад і несучы спадзяванні на шчасце і дабрабыт у бягучым го-дзе. Гаспадары, у сваю чаргу, дзякавалі хлопцам за візіт, частуючы іх ад душы пірагамі і каўбасамі.
Калі Шчодры вечар набіраў сілу і ўжо пачало змяркацца, абрад набыў яшчэ большую відовішчнасць: хлопцы запалілі факелы. Асабліва гэта дзейства зачароўвала самых маленькіх яго гледачоў – дзяцей, якія суправаджалі царскі строй на працягу ўсяго шэсця…
[caption id="attachment_15873" align="aligncenter" width="443" caption="Вясёлыя песні і танцы ад Быстрыцкага СДК."]

[/caption]
Дзесьці такія традыцыі згублены, а сведкаў, што маглі б пра іх расказаць, ужо няма. А ёсць і такія абрады, што жывуць і сёння. «Калядныя цары» - якраз з іх ліку. І тое, што з’явіўся другі, больш малады склад калядоў- шчыкаў, прымушае верыць у доўгае жыццё гэтай семежаўскай традыцыі.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии