Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

51

Песня о райской жизни

28.07.2023
Алена Кіш... Сёння гэта імя – сімвал нацыянальнай культуры ХХ стагоддзя, а элементы з яе творчасці выкарысталі пры стварэнні лагатыпу ІІ гульняў краін СНД. Гэтая таленавітая жанчына амаль без біяграфіі, аднак прозвішча яе ўвайшло ў энцыклапедыю чалавечай памяці. Яе маляваныя дываны з казачна-экзатычнымі сюжэтамі «Рай», «Дзева на водах», «Ліст да каханага», адметныя кампазіцыйным майстэрствам і ўнікальнай вобразнасцю, змешчаны ў «Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва», выдадзенай у Югаславіі ў 1984 годзе. У выданні 800 імёнаў мастакоў з 50 краін свету. Ад Беларусі ў энцыклапедыю ўключана Алена Кіш – наша слынная зямлячка. Ну як было не напісаць пра яе? Кніга «Песня аб райскім жыцці» (маляваныя дываны Алены Кіш) выйшла ў выдавецтве «Беларусь» у 2016 годзе. Сёння ў фондах гісторыка-культурнага музея-запа-ведніка «Заслаўе» калекцыя маляванак А. Кіш прадстаўлена 11 дыванамі. Гэта з тых 300, якія зрабіла за сваё жыццё ўнікальная мастачка з народа. Вярнуў з небыцця гэтыя 11 твораў і слаўнае імя мастачкі – мастак Уладзімір Басалыга. Нарадзілася Алена Андрэеўна Кіш (1896 – 1949) у Слуцкім павеце Мінскай губерні ў мястэчку Раманава, а магіла яе знаходзіцца ў аг. Грозава Капыльскага раёна. Тут устаноўлены надмагільны помнік – дыпломная работа мастака Уладзіміра Ламейкі, улюбёнага ў творы мастачкі. Алена Кіш – мастачка-самародак з непаўторным бачаннем навакольнага свету. Такіх называюць наіўнымі мастакамі, прымітывістамі, інсітнымі творцамі. Якой жа адметнасцю вызначаецца творчасць Алены Кіш? Як мы ведаем, на пачатку ХХ стагоддзя ва ўмовах савецкай ментальнасці ішло сцвярджэнне сацыяльнага, калектыўнага, грамадскага. Алена Кіш процістаяла гэтаму сваёй асаблівасцю, не залежнасцю. Яна загаварыла аб духоўным, асабістым, трапяткім і цнатлівым. Мастачка заглядвала сваімі карцінамі ў душу, прывівала новы тып самаўсведамлення – любоў і павагу да Асобы! Гэтым, на мой погляд, яна падобна да мастакоў эпохі Адраджэння, бо гэта яны ставілі ў цэнтры ўсяго Асобу, сцвярджэнне яе суверэнных правоў. Яны напоўнілі новым сэнсам праблему чалавечай годнасці. Жыццёва-творчая гісторыя Алены Кіш не звязана з «вялікай гісторыяй» савецкага часу. У яе работах не прадстаўлены сцэны натхнёнай працы, якія былі характэрны для мастацтва сацыялістычнага рэалізму, дзе ўслаўляўся народ-працаўнік, народ-стаханавец, народ-пераможца… Работы А. Кіш адрозніваюцца ад канона, які дамінаваў у тую эпоху. Іх можна ахарактарызаваць і як «окно в частную жизнь белорусской крестьянки», і як «советское Зазеркалье» (А. Усманова). Усе свае надзеі на лепшае (не калектыўна-калгаснае, а дзявоча-жаноцкае!), жаданае, мройнае, спадзявана-ўзнёслае мастачка ўвасобіла ў сваёй творчасці, таму што надзею на лепшае нельга забіць у народнай душы. Багатая фантазія мастачкі нараджала сюжэты рамантычныя, узнёслыя, светлыя, з казачна-рамантычнымі матывамі. Сярод беларускіх мастакоў-прымітывістаў А. Кіш была першай, хто шчодра насыціў нацыянальнае мастацтва міфалагічна-казачным святлом. На яе карцінах нябесны рай сышоў на беларускую зямлю. Гэта быў рай, у якім няма трагічнага «антуражу» – разрухі, нішчымніцы, голаду, сіроцтва… А. Кіш стварала свае дываны, бадай, ці не ў самы цяжкі для нашай дзяржавы час – у 1930 – 1940-я гады… За мех бульбы (столькі каштавала праца) яна малявала дзівосную казку, райскую ідылію. Мы бачым драпежнікаў з добрымі вачыма, якія служаць чалавеку і аберагаюць яго ад усяго дрэннага… Дываны майстрыхі – гэта свята народнага ўяўлення пра хараство і прыгажосць, песня суладдзя. Знаўцы народнага мастацтва адзначаюць, што і кампазіцыйная смеласць, і яркая дэкаратыўнасць, і багацце фантазіі аўтара, канечне ж, ад беларускага фальклору, народнага меласу (г.зн. мае меладычны, песенны пачатак). Мне асабіста ўвесь жыццёвы і творчы шлях Алены Кіш уяўляецца самотнай песняй, з адчаю кінутай у райскія парыванні, якія завяршыліся трагічна. Пасля вайны мастачка перабралася да сваёй малодшай сястры ў Грозава. Там яна і загінула. Малюючы свае дываны, Алена хацела пазбыцца той бязрадаснасці, а часам і роспачы, што спадарожнічалі ёй у штодзён-ным жыцці, а яе называлі гультайкай, нахлебніцай… Сціплыя звесткі пра жыццё Алены Кіш разам з дзівоснымі карцінамі райскага жыцця на яе дыванах сфарміравалі атмасферу таемнасці вакол яе асобы. Вада на яе дыванах, як метафара няспыннай плыні часу і быцця, нібы прадказвае і ўтойвае смерць самой мастачкі, якая ўтапілася ў рацэ. Ці ёсць аналагі творам Алены Кіш? Яўген Сахута, доктар мастацтвазнаўства, піша так: «Сярод традыцыйных маляваных дываноў Беларусі нічога блізкага ні па характары выканання, ні па ўзроўні майстэрства пакуль не знойдзена...» Творчая спадчына А. Кіш – арыгінальная, самабытная, непаўторная з’ява ў нашай культуры, якая яшчэ чакае належнага асэнсавання». Алену Кіш з поўным правам можна аднесці да нацыянальнай эліты. Такія творцы – гэта залаты фонд нацыянальнай культуры! Ніна КАЛЕНЧЫКАВА, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Талісманам ІІ гульняў краін СНД стала самабытная беларуская Рысь (Рыся). У геральдыцы Рысь заўсёды вызначалі як спрытную і хуткую жывёлу, якая валодае інтэлектам і вострым розумам – усе якасці, якія ідэальна падыходзяць для спартыўнага талісмана. Наша Рысь асаблівая, яна быццам выйшла з фантазій Алены Кіш. Жывёла нясе ў сабе паэзію і сілу ўнікальных беларускіх дыванкоў-маляванак. Яна гарэзная і самабытная, прыцягальная і вясёлая. Сваім моцным характарам Рысь натхняе на яркую гульню!

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей