Наш знакаміты зямляк
Алесь Іванавіч Бельскі адзначае сваё 60-годдзе. Родам пісьменнік з мястэчка Цімкавічы, дзе з’явіўся на свет 23 ліпеня 1963 года. Доктар філалагічных навук, прафесар, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская мова і літаратура», да нядаўняга часу ён быў загадчыкам кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ (цяпер працуе на пасадзе прафесара), аўтар і суаўтар больш чым 20 кніг і дапаможнікаў па беларускай літаратуры, звыш 700 артыкулаў і рэцэнзій. У сваім родзе Алесь Іванавіч трэці прафесар за 100 гадоў, а яго прадзед
Сільвестр скончыў літаратурны і фізіка-матэматычны факультэты Віленскага ўніверсітэта (1820), быў кандыдатам філасофіі і прафесарам гісторыі.
[caption id="attachment_135680" align="alignnone" width="500"]
Алесь Іванавіч Бельскі [/caption]
Творчасць: асноўнае
Алесь Бельскі са школьных гадоў захапляецца краязнаўствам. Нядаўна ўбачыў свет вялікі нарыс «Капыльшчына літаратурная» у складзе кнігі «Мелодыі роднай зямлі». Твор рыхтаваўся да Дня беларускага пісьменства, які праходзіў у Капылі два гады таму.
А аўтарская краязнаўчая трылогія бярэ пачатак у 2014 годзе. Тады выйшла першая кніга «Тут іх карані і вытокі». У 2018-м наступная «Тут наша радзіма» і ў 2021-м надрукавана трэцяя – «Тут жыцця пачатак».
Шмат часу Алесь Іванавіч аддаў падрыхтоўцы і выданню спадчыны пісьменнікаў, якія загінулі ў гады вайны: трохтомнік «Скрыжалі памяці» (2005), зборнік «Недаспяваныя песні» (2015). У 2020 годзе ўбачыла свет навукова-каментаванае выданне – анталогія «Паэзія перыяду Вялікай Айчыннай вайны» (серыя «Залатая калекцыя беларускай літаратуры»). Дзякуючы намаганням Алеся Іванавіча і пры яго непасрэдным удзеле, быў рэалізаваны кніжны праект «Цімкавіцкая сярэдняя школа імя Кузьмы Чорнага: гісторыя і сучаснасць» (2016).
Цімкавіцкія вытокі
Дарэчы, пісаць Алесь Іванавіч пачаў яшчэ ў час вучобы ў Цімкавіцкай сярэдняй школе. Вялікі ўплыў на яго творчае развіццё і будучае прафесійнае станаўленне мелі цімкавіцкія настаўнікі
Іван Рыгоравіч Масакоўскі, Вольга Ільінічна Марціновіч, Генадзь Іосіфавіч Казак, Соф’я Барысаўна Пакалевіч (Нусянсон). Дзякуючы настаўнікам, а таксама бібліятэкарам
Ніне Нікалайчык і
Веры Клішэвіч, будучы пісьменнік перачытаў усіх беларускіх класікаў. Ён сэрцам і душою палюбіў родную мову. Таму перавагу сярод школьных прадметаў аддаваў менавіта беларускай мове і літаратуры, якую ў старшых класах выкладала Вольга Ільінічна Марціновіч, заслужаная настаўніца Беларусі. Заўважым, Алесь Бельскі з Цімкавіч, дзе гадаваўся і сталеў знакаміты пісьменнік, класік беларускай прозы Кузьма Чорны.
Алесь Іванавіч лічыў сваім абавязкам пісаць пра таленавітых землякоў. Таму з цягам часу на старонках друку з’явіліся яго артыкулы пра Кузьму Чорнага, Анатоля Астрэйку, Адама Русака, Аляксея Коршака, Цішку Гартнага...
Крокамі таленту
У школьныя гады Саша Бельскі, апрача раёнкі «Слава працы», супрацоўнічаў з піянерскімі газетамі «Зорька», «Піянер Беларусі», часопісам «Бярозка». Яшчэ школьнікам друкаваўся ў газеце «Чырвоная змена», часопісе «Работніца і сялянка». Асаблівую ўдзячнасць у сэрцы захаваў да сваёй раёнкі, на старонках якой змешчана шмат яго допісаў і твораў. З цеплынёй згадвае наш зямляк
Віктара Адамавіча Семянкевіча, Івана Іванавіча Пракарыну, Рыгора Навумавіча Швеца. У 1981 годзе Алесь стаў студэнтам філалагічнага факультэта БДУ, дзе па волі лёсу працуе і па цяперашні час. У 1989 го-дзе скончыў аспірантуру, у 1998 – дактарантуру. Прайшоў шлях ад выкладчыка да прафесара і загадчыка кафедры. Уганараваны званнем «Заслужаны работнік БДУ» (2023). Адначасова некалькі год узначальваў лабараторыю літаратурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, а потым быў галоўным навуковым супрацоўнікам гэтай установы. Старшыня рэдакцыйнай калегіі навукова-метадычнага часопіса «Роднае слова», уваходзіць у склад рэдкалегій шэрагу навуковых выданняў Беларусі і замежжа. Як празаік выступае пад псеўданімам
Алесь Ветах. У 2000 годзе — лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа. Выдаў зборнікі прозы «Ружовая знічка» (1994), «Хроніка смутку» (1999), «Сны пра дзяцінства» (2014), «Хрыстос між нас» (2015). У 2021 годзе выйшла кніга-перакрутка «Летуценні і цені» (паэзія) і «Лібрэта лета» (мікрапроза). Вершы часу юнацтва і маладосці склалі зборнік «Між маладзіком і ветахам» (2018). З’яўляецца адным з аўтараў канцэптуальных дакументаў у галіне літаратурнай адукацыі, шматлікіх навучальных праграм, дапаможнікаў для настаўнікаў і вучняў.
На працягу прафесійнага шляху і плённай працы Алесь Бельскі быў удастоены ганаровых грамат БДУ, грамат Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, адзначаны Падзякай аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і інш.
Час не стаіць на месцы. У творчым актыве вучонага і пісьменніка з’яўляецца нешта новае. Хутка будзе надрукаваны артыкул «Гэта адтуль, сапраўднае: Цімкавічы ў жыцці і творчасці Кузьмы Чорнага». Празаічныя творы Бельскага чытачам прапануюць часопіс «Полымя», штотыднёвік «Літаратура і мастацтва». Алесь Іванавіч не адзін год выкладае і робіць шмат на карысць навукі і літаратуры, а круглая дата нагадвае пра тое, што на шляху знакамітага земляка новыя падзеі і вехі, а галоўнае — з’явяцца новыя навуковыя і мастацкія кнігі.
Згадваючы бабулю Ганну
«Гідка», – бабуля гэтак казала
Пра паганае, брыдкае,
Пра ганебнае, слізкае,
Абуралася і мудравала.
«Любата», – міжволі
яна выдыхала
Пра гожае, пекнае,
Пра дзіўнае, светлае,
Цешылася і спявала.
Разгледзець бабулька ўмела
І розную дрэнь, і красу.
А болей пакуты цярпела
І прад Богам несла віну.
***
На Кацярынінскім тракце
Камень да каменю
шчыльна збіты –
Гасцінец пралёг праз
вёску здаля.
Колісь па ім здзяйснялі
візіты
Князі Радзівілы да Капыля.
Вандравалі паны і падпанкі,
Фаэтон стралою нёсся за рог.
Балаголы на золкім світанку
Селядзец везлі з няблізкіх
дарог.
Бог на малітву вёў да касцёла,
Галота цугам ішла за труной.
Дзецям была тут вольная
воля –
Рэхвы каталі па бруку
гурбой.
З іржаннем абозы чужыя
Даганялі гулкі конны паход…
Тракт стагнаў у тыя годы ліхія,
Як вермахт пёр на Москаў,
на ўсход.
Гладкім, ветлым шлях пры
бярозах
Быў па вятранні
салдат-землякоў.
Стома брыла ў кірзавых ботах,
Ды камень цяплеў
ад пяшчотных слоў.
Брукаванка былая сягоння
Сцята ў асфальтавым кажусе.
Рэха таго каменнага ўлоння
Таемна прыцягвае да сябе.
***
Маёй настаўніцы
Вользе Ільінічне Марціновіч
З яе вуснаў слова лілося
песняй,
Мо гучала і напаўсілы,
Нібы ручаёк утрапёны весні:
“Мой родны кут, як ты мне
мілы!”
Усмешка яе сонцам ціхім
свяціла,
Колькі цяпла аддала нам
з табою!
Вершам яна пяшчоту і чуласць
будзіла:
“Зорка Венера ўзышла над
зямлёю…”
Сэрца яе боль і смутак
зазнала,
За правіны і мне засталося.
Годнасць і мужнасць яна
гартавала:
“Цвёрда трымаўся юнак на
дапросе…”
Слова цудоўнаю сілай сваёй
Рабіла чалавекам,
не хлусам.
Дзякую настаўніцы, апякунцы маёй,
Што стаў на зямлі беларусам.
Наталля ДАВЫДЗЕНКА
Фота аўтара і з архіва пісьменніка
Комментарии