Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

89

Каб не страціць святое штосьці

09.06.2010
Калі б нашы продкі мелі магчымасць зірнуць з таго свету і ўбачыць тыя перамены, якія адбыліся ў нашым жыцці, яны былі б моцна здзіўлены. Сучасная тэхніка, новае абсталяванне, камп’ютэрызацыя розных устаноў, аўтаматызацыя вытворчасці і многае іншае, што паступова ўвайшло ў наш быт і без чаго мы не можам зараз уявіць сабе наша жыццё, сапраўды ўражваюць. Уражвае таксама і тое, што робіцца па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі ў вялікіх гарадах і маленькіх вёсачках. Абноўленыя фасады будынкаў, асфальтаваныя вуліцы, пабудаваныя аграгарадкі з усімі выгодамі радуюць вока нашых жыхароў і гасцей з бліжняга і далёкага замежжа. Робіцца вельмі многае, а іншы раз, здаецца, і немагчымае. I патрэбна адзначыць, што вялікі ўклад уносяць у гэтыя перамены нашы людзі. Вельмі многае робіцца па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні грамадзянскіх могілак у населеных пунктах. Праводзяцца суботнікі па ўборцы смецця, высечцы кустарнікаў, замене агароджаў. Напрыклад, толькі на тэрыторыі Цімкавіцкага сельсавета размешчана 7 грамадзянскіх могілак. У мінулым годзе на двух была заменена агароджа: замест драўлянай устаноўлена бетонная. Работу праводзілі талакой з удзелам работнікаў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета. Таксама ў мінулым годзе распачата работа на могілках у аграгарадку Цімкавічы. Плошча могілак вялікая і складае каля 4 га. На самым старым участку захаванняў, на жаль, не ў кожнай магілы ёсць  гаспадары.  Парадак  наводзім з удзелам работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў. Мясцовых жыхароў дазвацца на суботнікі не заўсёды ўдаецца, а калі і прыходзяць, то прыбіраюць захаванні сваіх родзічаў. Агульная плошча могілак іх цікавіць менш за ўсё. А вось выкінуць смецце пад суседнюю магілу ці ў бліжэйшую канаву - гатовы многія. Агульныя месцы на могілках яны лічаць справай добрага дзядзькі, хаця парадак наводзіць павінны мясцовыя жыхары, так запісана ў санітарных правілах. Здаўна лічылася, што могілкі - гэта твар вёскі і тых людзей, якія жывуць у ёй. Хацелася б, каб гэты твар быў заўсёды чыстым і прыбраным. Непакоіць іншае. Усе, хто быў на суботніку па вывазе смецця на Цімкавіцкіх могілках, былі ўзрушаны ганебным  фактам. Малады жыхар аграгарадка Аляксандр Сафонаў вывез з дому на могілкі (!) бытавое смецце: дзіцячыя памперсы, ніжнюю бялізну, скавароды і многае іншае. Восенню мінулага года з кантэйнера на могілках таксама былі выкінуты бульбяныя лупіны, гнілыя буракі, шкляныя слоікі, дзіцячая і дарослая вопратка. На жаль, гаспадара гэтага дабра тады вылічыць не ўдалося. Людзі! Апамятайцеся! Пабойцеся Бога і расплаты за зробленае!.. Чалавек заўсёды стаіць перад выбарам: па якой дарозе пайсці, што зрабіць. I тут чалавек, які гэта рабіў, таксама стаяў перад выбарам: па якой дарозе пайсці? Як у той казцы: пойдзеш налева - сметнік (усяго 150 м), пойдзеш направа - месца, дзе пахаваны людзі (200 м). Выбраў другое. Чаму? Адказу на гэтае пытанне няма. Прычым, зрабіў гэта не вагаючыся. Бо калі была зроблена заўвага і выказана прапанова прыбраць смецце, у адказ прагучала пахабшчына... Шаноўныя! На нас глядзяць нашы дзеці і бяруць з нас прыклад. Які прыклад можа даць свайму дзіцяці той жа Аляксандр Сафонаў?.. Баюся, што такія сафонавы не перавяліся і ў іншых сельсаветах. Паважаныя! Могілкі заўсёды лічыліся святым месцам. Вялікім грахом было ўзяць што-небудзь, а тым болей зрабіць якую-небудзь шкоду на іх. Я думаю, што і зараз нічога не змянілася, і за грахі патрэбна плаціць. Няхай гэты дрэнны выпадак будзе напамінкам нам усім, што трэба жыць у згодзе з самім сабой і сваім сумленнем, каб пасля не было сорамна за свае ўчынкі перад нашчадкамі. Алена ОСТРЫКАВА, старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей