Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

Клубника от Василия Карпилени из деревни Скабин

14.07.2023
Летні сезон – самы час працаваць у садзе і агародзе. І безумоўна кожны хоча збіраць багаты ўраджай са сваіх градак. Але адкуль браць правераныя парады? На прасторах інтэрнэту шмат сакрэтаў, але які сапраўды падыдзе – невядома. А хтосьці нават не марнуе час на бессэнсоўны прагляд сайтаў, а адразу звяртаецца да дасведчаных агароднікаў. Як лепш збудаваць сістэму паліву, дзе купіць правераныя ўгнаенні або які каляндар выкарыстоўваць, каб пасадзіць расаду? Як вы ведаеце, у нашай газеты ёсць чат у тэлеграме, дзе можна задаваць пытанні на агульнае абмеркаванне. І ў чэрвені вельмі часта там з’яўлялася тэма клубніц: дзе танна набыць самыя салодкія ягады, параўноўвалі з коштам у сталіцы. Даходзіла амаль да спрэчак. Шмат аматараў вырошчвання ягад цікавіліся парадамі ад вопытных садаводаў, як атрымаць багаты ўраджай. Аднойчы давялося сустрэцца з жыхаром Скабіна, які пачаставаў смачнымі ягадамі. Васіль Васільевіч Карпіленя шэсць гадоў як пенсіянер, да гэтага разам з жонкай працаваў на масласырзаводзе. Пераехаў у Скабін з вёскі Мазалі. – Што вам паказваць? Сышоў ужо сезон клубніцы, толькі крыху засталося, – пачаў размову гаспадар. – Сам я вырошчваць іх пачаў, калі перабраўся ў Скабін. Адбудавалі ў 1993 годзе свой дом, пачалі сад і агарод ладзіць. Паварочваем у Скабіне ў двор – і на вачах у мяне здзіўленне: высокі куст руж, які прыгожа ўладкаваўся на клумбе, акуратна высаджаныя лілеі абапал дарожкі. Васіль Васільевіч успамінаў, як раней замест лілей была безліч цюльпанаў, быццам поле ў Нідэрландах. Калісьці гаспадар удзельнічаў у конкурсах на лепшае падвор’е. Мінаем сад з разгалістымі дрэвамі і рухаемся да скарбніцы – на градкі. – Далей нашыя соткі зямлі з пшаніцай і бульбай – канца краю не відно. Я на маленькім трактары сам апрацоўваю. А вось і тыя «залатыя» клубніцы, – мне паказваюць на доўгую нешырокую стужку акуратна пасаджаных кустоў. Ніякіх «лайфхакаў» з пакрыццём зямлі агратканінай гаспадар не выкарыстоўвае – нязручна, дастаткова добра акучыць. Спраўляюцца з агародам самі, калі-нікалі дапамагаюць дзеці. – Зараз цяжэй стала, але ўсё-такі не запускаем агарод. Ягады нарыхтоўваем для сябе: варэнне не вельмі любім, таму пераціраем з цукрам і на замарозку да зімы. Гэтае лета вельмі спякотнае і сухое. Каб не засушыла, я самастойна зрабіў кропельны паліў на ўвесь радок клубніц. Бачыце, тоненькі шланг цягнецца сярод раслін. Але ўсё ж галоўнае – апрацаваць ранняй вясною бардоўскай сумессю і падкармліваць, каб ягады былі такія сакавітыя і ярка-чырвоныя. Васіль Васільевіч прысядае да зямлі – і раптам жменька ягад з’яўляецца ў маёй руцэ. Спрабую – а ў іх смак быццам з дзяцінства! Для падкормкі клубніцы ў гаспадара рэцэпты, якія правераныя часам. Першы – на дражджах: 100 грам спрасаваных дражджэй, 100 грам цукру на 3 літры вады. На нейкі час гэтую сумесь пакідаюць, каб пайшла рэакцыя, потым кожны куст шчодра паліваюць – на вядро вады 1 літр росчыну з дражджамі. Другі – цікавей. Калі косяць пляц, усё зелле збіраюць у адну бочку, заліваюць вадою і пакідаюць на тыдзень-другі. Ствараецца «натуральная трыхадэрма», якую разбаўляюць вадою і паліваюць расліны. Вынікам такой падкормкі гаспадар задаволены. Пакуль я смакавала ягады, стала дапытвацца, што яшчэ падабаецца вырошчваць мужчыне. Побач заўважыла дурніцы, парэчкі. Мне паказалі і бружмель, але гаспадар паскардзіўся, што няма з гэтага шыкоўнага кустоўя ягад. Пахваліўся і вінаградам: нядаўна пасадзіў тры аккуратныя саджанцы. Александрыйскі мускат, кішміш і ўстойлівы – гаспадар дбайна даглядае маладыя кусцікі, праз некалькі гадоў чакае добры ўраджай. Васіль Васільевіч прадэманстраваў самаробную канструкцыю, каб вінаградныя лозы не падалі на зямлю, а віліся ўверх, ствараючы прыгожы зялёны плот. Не толькі сад і агарод цешаць гаспадара. Яшчэ адно хобі – самастойна рабіць гарбату. Спачатку на напой выкарыстоўваліся лісточкі вішні, маліны, клубніц, а потым зацікавіла сушыць і заварваць скрыпень (Іван-чай). Элементы, якія змяшчаюцца ў гэтай духмянай траве, танізуюць арганізм, робяць косці і зубную эмаль моцнай, папярэджваюць сардэчныя захворванні. Працэс пера-тварэння лісцікаў у гарбату можа займаць цэлы тыдзень. Спачатку лісточкі скрыпеню перабіраюць і на суткі адпраўляюць у маразільную камеру альбо ў пакеце на сонца, каб лісце стала раўнамерна мяккім. Пасля гэтых сутак будучую заварку скручваюць у трубачкі, кладуць на талерку, наверх вільготны ручнік і цяжар дзесьці на тры дні – за гэты час гарбата выспявае. На трэці дзень у паветры чуецца ягадны водар – значыць заварка добра паспела. Наразаюць керамічным нажом на невялікія кавалачкі і пакідаюць сушыцца ў цені двара ці ў электрасушылцы. Гарбата ўжо гатовая, але для таго, каб адвар быў яшчэ больш смачны, а колер – яркі, заварку пакуюць у папяровыя пакеты і пакідаюць на месяц-другі. Пасля гэтага напой са скрыпеню атрымліваецца неверагодна духмяным і смачным! Надышоў час развітання. Падвор’е засталося дзесьці ўдалечыні. Але моманты прыемнай размовы надоўга застануцца ў маёй памяці. Чакаем наступны сезон клубніц! Каляндар агародніка на ліпень 2023 года Спрыяльныя дні для пасадкі: Цыбуля на зеляніну (пяро), цыбуля-сеянка – 18, 21, 22, 23, 26, 27, 28, 30, 31. Радыска, рэдзька, дайкон – 18, 21, 22, 23, 31. Зеляніна –18. Бахчавыя – 31. Аднагадовыя кветкі, двухгадовыя і шматгадовыя кветкі, цыбульныя і клубневыя кветкі, вазоны – 21, 22, 23. Самыя спрыяльныя дні – 26, 27. Спрыяльныя дні – 18, 20, 21, 22, 23, 28, 30, 31. Нейтральныя дні – 15, 16, 19, 24, 25, 29. Непажаданыя дні – 17. Ганна МАТУСЕВІЧ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ Фота аўтара

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей