«Калгаснік Копыльшчыны»: пра што пісалі ў першым ваенным нумары.
Гэтымі ліпеньскімі днямі адзначаем 80-годдзе першага ваеннага выпуску папярэдніка «Слава працы» – «Калгасніка Копыльшчыны».
Калі зазірнуць у гісторыю, то мы ўбачым, што з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны многія журналісты пайшлі змагацца з ворагам не толькі пяром, але і з аўтаматам. Не вярнуліся з фронту
Малевіч Аляксандр, які быў адзначаны ордэнам Леніна,
Гаўрук Васіль, Коршак Аляксей, Ясючэня Уладзімір, Жылко Яўген і іншыя.
У перыяд акупацыі на Капыльшчыне выпускаліся падпольныя друкаваныя выданні. Напрыклад, са жніўня 1942 года выходзілі лістоўкі. Выдаваліся лісты «Весткі з фронту», звароты падпольнага райкама партыі да насельніцтва і партызан. Тэкст лістовак набіраў радыст
Уладзімір Шаршнёў. А друкаваліся яны прымітыўным спосабам: на набраныя з літар тэксты намазвалі фарбу, клалі паперу і пракатвалі валікам. Друкаванае слова заклікала насельніцтва раёна да барацьбы з гітлераўскімі акупантамі, а праўдзівыя зводкі Саўінфармбюро паведамлялі, што Чырвоная Армія штодзённа адваёўвала ў ворага акупіраваныя тэрыторыі. Гэта ўзнімала патрыятычны дух капылян, усяляла ўпэўненасць у перамозе. Неўзабаве на падмогу з Мінска прыбыла вопытная наборшчыца
Ядвіга Міхайлаўна Савіцкая, а з Узды — машыністка
Алена Георгіеўна Левановіч. У немцаў адбілі добры прыёмнік, і радыст
Марозаў прымаў зводкі.

А 12 ліпеня 1943-га выйшаў першы нумар падпольнага «Калгасніка Копыльшчыны». За час акупацыі ў цяжкіх умовах у невялікіх і халодных зямлянках было выпушчана 63 нумары названай падпольнай райгазеты, усяго распаўсюджана 56 700 экзэмпляраў газет і лістовак. Адказнымі рэдактарамі ваеннай газеты былі
Клюйка К.М.,
Ліннік І.І.,
Дарашэвіч М.К., а набірала газету камсамолка
Гурыновіч А., друкаваў
Плюта Я.
Пра што ж пісаў той першы ваенны нумар «Калгасніка Копыльшчыны»?
Большую частку першай паласы заняў артыкул «
На помсту нямецкім акупантам», галоўнай тэмай якога стаў заклік да жыхароў Капыльшчыны падняць «сцяг барацьбы супроць ненавістных акупантаў». У ім жа расказвалася пра тое, што «ад багатых і квітнеючых савецкіх сёл – Старыцы, Вялікай Раёўкі, Прус, Руднага, Жавалак, Калодзезнага, Масявіч з іх школамі, клубамі, бальніцамі і сельмагамі – засталіся толькі папялішчы… Руіны, віселіцы, магілы – вось сляды двухгадовага разбойніцкага гаспадарання і жортскага тэрору нямецка-фашысцкіх людаедаў у нашым раёне… Кожны дзень павялічваецца ў Капылі колькасць магіл нямецкіх салдат і афіцэраў, жандармаў і паліцэйскіх, які сведчыць пра ўсё ўзрастаючую народную помсту».
«
Магілы і папялішчы» – гэта назва другога матэрыялу, змешчанага ў газеце. І прысвечаны ён трагедыі вёскі Жавулкі. «Прыгожая была вёска Жавалкі. Заможна і культурна жылі калгаснікі. Вечарамі на шырокай калгаснай вуліцы ярка гарэлі электрычныя фанары. Весела свяціла лампачка Ільіча ў кожнай сялянскай хаце. Багаты быў калгас «Чырвонаармеец». Чатыры фермы давалі прыбытак. На СТФ было 700 свіней. МТФ налічвала 400 галоў буйной рагатай жывёлы і маладняка, 160 добрых коней, шмат авец, кролікаў, вялікую пчолапасеку. 850 гектараў добрай, урадлівай зямлі, 25 гектараў саду мелі калгаснікі. На калгасным полі працавалі трактары, камбайны, іншая сельскагаспадарчая тэхніка.
Весела і культурна праводзілі калгаснікі час адпачынку. У вялікім прыгожым клубе часта бывала гукавое кіно. У хаце-чытальні слухалі радыё, чыталі газеты і кніжкі. А колькі радасці было на вечарах самадзейнасці калгаснай моладзі. У прыгожым будынку змяшчалася школа. Далёка чутны былі звонкія, жыццярадасныя песні дзяцей…
І вось прыйшла дзікая арда фашысцкіх разбойнікаў і душагубаў. Нястала радасці і вяселля. У першыя месяцы нямецкія акупанты аграбілі калгас, забралі жывёлу і хлеб. Зімою гэтага года (1943-га – Рэд.) гітлераўскія разбойнікі ўчынілі ў Жавалках страшэннае злачынства. Раніцаю, калі ўсе сяляне былі дома, нямецкія бандыты расстралялі ў хатах усіх лю-дзей, у тым ліку старыкоў, жанчын і дзяцей, а хаты з трупамі забітых запалілі. Так гітлераўскія палачы забілі амаль 600 чалавек нявіннага мірнага насельніцтва і спалілі ўсю вёску. Некалькі дзён абгарэлыя трупы і косці спаленых людзей валяліся на папялішчах і толькі былі пахаваны сялянамі суседніх вёсак. Квітнеючую савецкую вёску фашысцкія людаеды ператварылі ў могілкі. Вось які новы парадак прынеслі нам гітлераўскія «вызваліцелі».
Сыны і дочкі беларускага народу, помсціце за спаленыя вёскі, за тысячы растраляных, павешаных, спаленых і замучаных нашых братоў і сясцёр, бацькоў і мацярэй, жонак і дзяцей».
«
Зверствы нямецкіх акупантаў» – так называўся яшчэ адзін артыкул, змешчаны на другой старонцы, размова ў якім ішла пра зверствы немцаў у саўгасе імя Дзяржынскага:
«Гэта было зімою ў дзень 25-й гадавіны Чырвонай Арміі. На світанні саўгас імя Дзяржынскага быў акружаны немцамі і паліцаямі. Як бы з мэтаю праверкі дакументаў, усіх рабочых гітлераўцы сагналі ў адзін барак. Калі ўсе з сем’ямі былі сабраны, гітлераўскія людаеды ўчынілі нечуванае злачынства. Яны падпалілі барак з жывымі людзьмі, каб апошнія не ўцяклі, бандыты безупынна стралялі па вокнах з кулямётаў. Дванаццацігадоваму хлопцу
Кясенка Леаніду ўдалося выскачыць з агню. Жандарм злавіў яго і жывым кінуў у агонь. Страшэннай смерцю загінулі 64 чалавекі. Паміраючы ў полымі агню, у жудасных муках, бязвінныя ахвяры фашысцкіх бандытаў прасілі адпомсціць за іх».
Акрамя мясцовых навін чытачоў таксама праінфармавалі пра падзеі на франтах Айчыннай вайны і па-за межамі краіны. Артыкулы падпісаны сціпла: «
Сцяпан Д., Рэдкалегія». Фотаздымкаў, вядома, не было. Але ў некаторых іншых ваенных экзэмплярах надрукаваны партрэт Сталіна або патрыятычныя малюнкі.
Сёння ў музеі рэдакцыі захоўваюцца электронныя (ёсць і папяровыя) экзэмпляры «Калгасніка Копыльшчыны» і таго самага першага ваеннага, і пераможнага за 9 мая 1945 года. Іх даслалі па нашым запыце з Нацыянальнай бібліятэкі. Мы беражліва ставімся да сваёй гісторыі. Таму, калі ў вас, паважаныя чытачы, ёсць што-небудзь цікавае з гісторыі друкаванай справы на Капыльшчыне, звяртайцеся або проста заходзьце ў госці! Мы будзем вам вельмі ўдзячны.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
P.S. Арфаграфія, пунктуацыя і стыль колішніх публікацый захаваны.
Комментарии