Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

98

На Копыльщине прошел районный праздник «Зажинки-2023»

13.07.2023
Эпізод II. Ёсць «Зажынкі», будуць і «Дажынкі» Наступіла самая адказная пара для хлебаробаў. Трэба ўбраць ураджай якасна, своечасова і без страт. Ад гэтага будзе залежаць уклад раёна ў агульны каравай вобласці і краіны ў цэлым. Па шматгадовай традыцыі гэты час пачынаецца са старажытнага абрадавага свята «Зажынкі». Сёлета раённае мерапрыемства прайшло ў ААТ «Капыльскае». У пасляабедзенны час серады на полі каля вёскі Кіявічы сталі збірацца госці з усяго раёна. Хлебная ніва цешыла не толькі паспелымі каласамі. На ўскрайку стаялі дзяўчынкі-прыгажуні ў нацыянальных касцюмах і мясцовыя жнеі. Вакол разляталіся мілагучныя матывы беларускіх песень. У святкаванні прыняў удзел намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска Аляксандр Яўсееў. — Для працаўнікоў сельскай гаспадаркі наступіў самы адказны этап — уборачная кампанія, — адзначыў старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык. — З даўніх часоў сімвалам дабрабыту любой краіны лічыўся хлеб. Свята «Зажынкі» — добрая традыцыя, якая дасталася нам ад продкаў. Абрад сімвалізуе пачатак уборачнай кампаніі і падводзіць вынікі шматдзённай працы сялян, якія нямала зрабілі для фарміравання добрага ўраджаю. Укладзены вялікія матэрыяльна-тэхнічныя і чалавечыя рэсурсы. Уборка ніколі не была лёгкай, а цяпер задачу яшчэ больш ускладніла моцная засуха. Сёлета ў гаспадарках раёна трэба будзе правесці жніво на вялікіх плошчах — збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць больш за 33 000 гектараў. Неабходна рэалізаваць дзяржзаказ у аб’ёме больш за 19 000 тон збожжа. Для паспяховага правядзення ўборачнай кампаніі ёсць 124 камбайны, сярэдняя нагрузка на адну адзінку — 310 га. Сяргей Пілішчык акцэнтаваў, што гэтая лічба сур’ёзная, аднак пры добрай арганізацыі працы паспяховае выкананне пастаўленых задач магчыма. Цалкам убраць хлеб з палёў плануецца за 25 дзён. А каб у працы Бог дапамагаў, благачынны Капыльскай царкоўнай акругі, настаяцель храма Узнясення Гасподняга г. Капыля іерэй Андрэй Еўшаль памаліўся і асвяціў механізатараў, камбайны і іншую тэхніку перад выхадам у поле. Самы хвалюючы момант свята — зажынанне першага снапа. Жнеі падышлі да спелай нівы, перахрысціліся і прамовілі: — Дапамажы, Божа, у добрую гадзіну пачаць і ў добрым здароўі скончыць. Каб лёгка жылося, каб машыны не ламаліся, каб надвор’е дапамагала, а наш хлеб дожджык не заліваў. З гэтымі словамі зжалі першыя каласы і звязалі ў снапы. Па традыцыі іх некалькі разоў падкідвалі: на добрае надвор’е, багаты ўраджай, добрае здароўе. А пасля снапы ўручылі ганаровым гасцям і кіраўніку ААТ «Капыльскае» Дзмітрыю Палевікову, пажадаўшы ўсім здароўя і сіл вытрымаць будучую гарачую пару. Затым усе погляды звярнуліся на камбайнераў і тых, хто будзе перавозіць ураджай. Ім дзяўчынкі ў нацыянальных касцюмах уручылі караваі са старога ўраджаю, а таксама снапы са свежых каласоў, якія механізатары часцей за ўсё пакідаюць у камбайнах як сімвал добрага ўраджаю і лёгкай уборкі. — Галоўнае, каб у поле ўсе выходзілі ў добрым настроі, — звярнуўся да прысутных Дзмітрый Палевікоў. — Та-ды ўсё ў нас атрымаецца. Ну і, вядома, каб не забывалі пра асцярожнасць у працы з тэхнікай. Памяталі, што ўсіх вас чакаюць дома, дзе рады бачыць не толькі здаровымі, але і з добрымі даходамі. А для гэтага трэба працаваць старанна, не пакладаючы рук, часта не лічачыся з часам. Пры такім стаўленні да справы заўсёды будзем з хлебам. Усялякае дзеянне на свяце, як і належыць, суправа-джалася песнямі. Добры настрой стваралі самадзейныя артысты Капыльскага раённага цэнтра культуры. Нялёгка прыйдзецца земляробам у бліжэйшыя некалькі тыдняў. Праца ад світання да світання, павышаная адказнасць, неспакой за тэхніку, хваляванне за надвор’е і за кожны каласок... Але калі ёсць «Зажынкі», то абавязкова будуць і «Дажынкі»! А пакуль для механізатараў раздаецца доўгачаканае: «Экіпажы! Па машынах!». Дзмітрый Палевікоў дае каманду, пасля чаго магутныя камбайны адзін за адным выстройваюцца перад спелай нівай. Яшчэ імгненне і жаткі апусціліся ў залатыя каласы, а ў бункеры пацяклі першыя зярняты. Крысціна ЖОГАЛЬ Фота аўтара

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей