У пошуках папараць-кветкі.
Ноччу з 6 на 7 ліпеня адзначаецца старажытнае свята Купалле: маладыя водзяць карагод вакол вогнішча, дзяўчаты плятуць вянкі, пускаюць іх па вадзе, варожаць на лёс. Як жа Капыльшчына сустрэла свята ў гэтым годзе?
Прырода адчувала, што набліжаецца Купалле – ранішнія навальніцы ўвечары змяніліся на сонечную цеплыню. У зоне адпачынку Капыля ўсіх, хто пажадаў прыняць удзел у свяце, чакалі майстры з Лясноўскага сельскага дома культуры і Скабінскага клуба-бібліятэкі: калі не паспелі сплесці вянок, то яго можна было танна набыць у іх. Не праходзілі прысутныя міма кутка варажбіткі са Старыцкага сельскага дома культуры: цягнеш паперку – яна дае падказку на будучы лёс, напрыклад “Не нажыць каб даўгоў – не ясі шмат пірагоў”.

Загучала мелодыя – на сцэну выйшлі акцёры тэатральнага відовішча “
Ноч на Івана Купалу”, якое падрыхтаваў раённы цэнтр традыцыйнай культуры сумесна з артыстамі
Валянцінай Шыманскай з “Лоцвінскіх удалух”
, Захарам Нікіценкам з раённага цэнтра культуры,
Мікітам Зарамбоўскім, навучэнцам Капыльскага каледжа, і
Ксеніяй Валошынай з Цімкавіцкага сельскага дома культуры. Гледачы зацікаўлена сачылі за момантамі сельскага жыцця: суседскія спрэчкі, сямейная драма, згублены абутак і шчаслівы фінал – як можа быць інакш! На сцэне таксама гучалі песні ў выкананні капыльскіх артыстаў
Людмілы Давідоўскай, Дзяніса Сельвановіча, Сафіі Бохан і Станіслава Цвіркі.

Што ж, сямейны разлад выправілі – самы час збірацца на купальскае ігрышча! Адзіны вялікі карагод абступіў сімвал свята – ляльку Мару, якую ўсталявалі над дровамі. Па традыцыі, спачатку запалілі маленькі агонь, ад якога далі іскру вялікаму вогнішчу. Ярка гарэла Мара, з гарачынёй агню кожны адпускаў крыўду і злосць, што накапіліся за гэты год. Дзяўчаты з хлопцамі перакідвалі вянок праз агонь, скакалі праз яго, каб захаваць адносіны на доўгія гады.

Пакуль дагараў вялікі агонь, людзі пачалі варажыць, як гэта было стагоддзі раней. Хлопцы і дзяўчаты, якія ў гэтым годзе не знайшлі сваё каханне, кідалі на дрэва вянок – калі пападзеш на галіну, значыць будзе шчасце ў асабістым жыцці. Абавязкова ў святочную ноч трэба было загадаць жаданне і павязаць стужку на бярозу.
Далей Купалле напоўнілася сучаснай музыкай і танцамі. А маладыя, якім не танцавалася, выйшлі на пошукі папараць-кветкі. Спадзяёмся, што закаханым, якія знайшлі таямнічую кветку, далей будзе толькі шчасціць!
А больш момантаў са свята шукайце ў нашым Telegram @slavapracy і TikTok @kopyl_life.
Ганна МАТУСЕВІЧ,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ
Комментарии