3 ліпеня ў г. Капылі прайшлі святкаванні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня Рэспублікі) і 79-й гадавіны вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці капыляне і госці горада сустракалі радасна, з добрым настроем.
Ля помніка вызваліцелям Капыля сабраліся ветэраны, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь Капыльшчыны. Урачысты мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці, адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта
Сяргей Пілішчык. «У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя падзеі, якія становяцца пунктам адліку новага этапа ў яго развіцці, — адзначыў Сяргей Міхайлавіч. — У беларускай гісторыі гэта дзень 3 ліпеня 1944 года, калі наша краіна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта гэты дзень мы адзначаем як Дзень Незалежнасці. Гэта свята, у якім зліліся ў адзінае цэлае сапраўды святыя паняцці — вызваленне, перамога і незалежнасць».
Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць усіх, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, у гэтым журботным спісе і каля 15 тысяч жыхароў Капыльскага раёна. «Памятаючы пра мінулае, нам трэба з аптымізмам гля-дзець у будучыню, — гаварыў Сяргей Міхайлавіч. — Галоўным клопатам кожнага з нас павінен быць клопат пра паступальнае развіццё нашай краіны, нашага раёна, кожнага працоўнага калектыву. Ніякія крызісы не змогуць напалохаць дзяцей і ўнукаў салдат Перамогі!»
Свае віншаванні ўдзель-нікам мітынгу адрасавалі старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі СШ №3 г. Капыля
Святлана Шыманская, намеснік старшыні Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў
Ірына Сташэўская, раённы ваенны камісар
Сяргей Маргалік. Да помніка воінам-вызваліцелям былі ўскладзены вянкі і кветкі.
Далей святкаванне перамясцілася ў зону адпачынку. Дзеці з захапленнем асвойвалі электрамабілі і батут, арэлі і іншыя забавы.
Яшчэ большую ўвагу гараджан прыцягнула святочная праграма, якая прайшла ў зоне адпачынку. Лепшыя выканаўцы і калектывы раёна падарылі гледачам самы цудоўны настрой і радасць сустрэчы з творчасцю падчас канцэрта «Сэрца зямлі маёй». Тут жа працавалі інтэрактыўныя і тэматычныя пляцоўкі, гандлёвыя кропкі, пункты грамадскага харчавання і інш.
Вялікую асалоду атрымалі і тыя жыхары і госці нашага горада, якія наведалі ў гэты дзень канцэрты раённага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Дзень добры, свет!», эстрадны «У далонях маёй Беларусі» і выступленне вакальнай групы “Чысты голас”.
Заключным акордам свята стала вячэрняя танцавальная праграма і феерверк на цэнтральнай плошчы горада. Надзвычай хвалюючымі былі тыя некалькі хвілін, калі капыляне разам з усёй краінай у адзіным патрыятычным памкненні спявалі Гімн сваёй незалежнай Беларусі.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии