Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

65

Путешествие в д. Слободка Грозовского сельсовета, которая насчитывает только двух жителей

02.07.2023
У вёсак, як і ў людзей, – свой лёс, свая гісторыя… Часам яна цікавая, яркая, часам – сумная, нават трагічная, але заўсёды адметная. Накіроўваемся ў вёску Слабодка Грозаўскага сельсавета, якая налічвае толькі двух жыхароў. Поступам  гісторыі Слабада. Слабодачка. Слабодка… Вельмі распаўсюджаныя назвы не толькі на Беларусі. На Капыльшчыне іх ажно тры. Так да адмены прыгоннага права называлі паселішчы са свабодным насельніцтвам. А яшчэ слабадой называлі невялікі пасёлак, які знаходзіўся за гарадскім валам, часцей за манастыром. У Грозаве ў ХVI стагоддзі было ажно два манастыры. Значыць, Слабодка, якая размешчана за паўтара кіламетра ад Грозава, з вялікай верагоднасцю можа быць вельмі старажытным паселішчам. На жаль, пацвердзіць гэты факт сёння немагчыма. У кнізе «Памяць. Капыльскі раён» пазначана, што Слабодка вядома з ХІХ стагоддзя як уласнасць Радзівілаў. У 1816 годзе тут налічвалася 20 двароў. Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя ўнесла свае карэктывы і ў жыццё Слабодкі. У канцы 20-х гадоў тут узнік калгас «8 Сакавіка». Вёска была вялікая, шмат моладзі і дзяцей жыло тут. Адкрылася пачатковая школа, якая, дарэчы, праіснавала да 1975 года. Пасля вайны Слабодка ўвайшла ў склад калгаса «Інтэрнацыянал». Сёння гэта маленькая вёсачка, якая жыве сваім ціхім, няспешным жыццём. А некалі тут віравалі падзеі, ламаліся лёсы людзей. У 30-х гадах многія заможныя гаспадары былі раскулачаны і высланы ў Сібір. І да сённяшняга дня ніхто не ведае, як склалася іх жыццё. Не абышла Слабодку і Вялікая Айчынная вайна. Вёска аказалася ў цэнтры партызанскай зоны: недалёка – Старыцкі лес. Многія жыхары вёскі выступалі ўдзельнікамі партызанскага руху, былі сувязнымі, ваявалі на фронце. Сярод іх – партызан Пыка Аляксандр; Хільчык Павел –сувязны партызанскага атрада; Сакалоўскі Міхаіл, партызаніў да 1944-га года, а пасля ваяваў на Заходнім фронце; Лазарэвіч Міхаіл –франтавік, сустрэў перамогу ў Югаславіі; Пыка Леанід – франтавік, загінуў у Расіі; Пыка Уладзімір, ваяваў на Заходнім фронце, вярнуўся без нагі і многія іншыя. На жаль, мала хто прыйшоў з вайны. Ужо адышлі ў вечнасць сведкі і ўдзельнікі  ваенных падзей, але з пакалення ў пакаленне перадаецца жывая гісторыя, успамін пра той цяжкі час. Напрыклад, да гэтага часу жыве ў Слабодцы памяць пра дзвюх сясцёр, Настачку і Ганну, якія схавалі ў сваёй хаце яўрэйскага хлопчыка Янку з Грозава, калі ў 1942-м фашысты наладзілі аблаву на яўрэйскія сем’і. Дзіця  ўвесь час  плакала, і бацька  хацеў пакінуць яго, каб выратавацца самому. Янка жыў у сардэчных жанчын аж да самага вызвалення, пакуль родныя не забралі яго. Шляхамі сучаснасці Сёння Слабодка, як і многія невялікія вёскі, нагадвае дачны пасёлак. Праўда, гаспадараць на дачах тут часцей за ўсё дзеці і ўнукі карэнных жыхароў. Да гасцей адносяцца насцярожана. Заўважылі: амаль у кожным двары ўстаноўлена відэакамера. Праўда, даве-даўшыся, што ў вёску завітала супрацоўнік «Слава працы», адносіны карэнным чынам змяніліся. Раённую газету ў Слабодцы чытаюць і любяць. Першая суразмоўца – жыхарка Салігорска Галіна Місько – працуе на швейным прадпрыемстве «Купалінка», у вёску едзе кожныя выхадныя. – У гэтай хаце, – Галіна паказвае на бацькоўскі дом, – вырасла ўжо чатыры пакаленні. Мяркуйце самі, колькі гадоў  ёй можа быць. Не хочацца, каб жыццё вёскі спынілася на нас, таму і едзем сюды, падтрымліваем парадак, садзім агароды, даглядаем тэрыторыю. Мінчанін Віталь Каляда, нягледзячы на тое, што нарадзіўся і вырас у горадзе, сваёй малой радзімай лічыць Слабодку: адсюль родам яго маці – Раіса Міхайлаўна, а бацька – Вікенцій Іванавіч – з суседняй вёскі, з Пятрылава. Тут яго карані, адсюль усе блізкія.  На Капыльшчыне прайшло Віталева  маленства. Кожныя канікулы праводзіў у вёсцы. Бабуля Сакалоўская Таісія Паўлаўна, настаўнік беларускай мовы, прывіла ўнуку любоў да роднага слова. Кандыдат юрыдычных навук, адвакат і выкладчык, ён вывучае капыльскія гаворкі, цікавіцца архітэктурай і этнаграфіяй, улюбёны ў сваю малую радзіму і яе гісторыю і… размаўляе на чысцюткай беларускай мове. Не кожны філолаг так патрапіць. А яшчэ Віталь – паляўнічы і аматар рыбалкі. Бясконца любіць прыроду і, хоць і сталічны жыхар, у Слабодцы не госць, а свой, тутэйшы. [caption id="attachment_134059" align="alignnone" width="500"] Віталь Каляда ў Слабодцы не госць, а свой[/caption] Адзіная, мясцовая Тым не меней, адзінай жыхаркай Слабодкі з’яўляецца Зінаіда Афанасьеўна Хільчык, а адзіным жыхаром – яе ўнук Дзмітрый. Са сваіх 84 гадоў жыцця Зінаіда Афанасьеўна ў Слабодцы пражыла 63, але да карэнных жыхароў сябе не адносіць. Сюды прыйшла замуж, яе малая радзіма – вёска Балгавічы. Бухгалтар па адукацыі, яна ўсю сваю працоўную біяграфію звязала з калгасам «Інтэрнацыянал». Спачатку была кладаўшчыком, затым трыццаць гадоў брыгадзірам. Калгас быў вялікі, працавалася складана, асабліва, калі даверылі яшчэ адну брыгаду – Дубейкаўскую. З удзячнасцю ўспамінае старшыню калгаса «Інтэрнацыянал» Абрамовіча Валянціна Яфімавіча, таленавітага і патрабавальнага кіраўніка, адданага без астатку зямлі, людзям. Пра сваю працу, пра мінулае калгаса Зінаіда Афанасьеўна можа гаварыць гадзінамі. Працавалі тады шмат і з ахвотай. У кожным двары была вялікая гаспадарка, апрацоўвалі да гектара зямлі. Зараз засталіся толькі куры. Ёсць невялікі агарод, каб зямля не гуляла. Увогуле, лёс не песціў Зінаіду Афанасьеўну: ужо сем гадоў, як пайшоў з жыцця дарагі чалавек, муж Міхаіл Іванавіч – былы брыгадзір трактарнай брыгады; тры гады, як не стала любай дачушкі Наталлі… Тым не меней, яна не адзінокая, хапае сіл жартаваць, што з’яўляецца «багатай»  бабуляй: мае чатырох унукаў, пяцёра праўнукаў. Усе адукаваныя, працавітыя. Унучка Оля – выкладчык Мінскага медуніверсітэта, Юля – супрацоўнік аднаго са сталічных банкаў, Каця, як і бабуля, бухгалтар. Сын Сяргей з нявесткай Ленай клапатліва адносяцца да яе, на зімовы перыяд забіраюць у Мінск, а летам самі кожныя выхадныя едуць у вёску. А калі родных няма побач, дапамогу аказвае сацыяльны работнік Наталля Давідоўская. [caption id="attachment_134060" align="alignnone" width="840"] «Багатая» бабуля Зінаіда Хільчык і яе сям'я[/caption] – Яна вельмі адказная, сардэчная, – сцвярджае  жанчына, – ад душы ўсё робіць. А ўнук Дзмітрый увогуле прапісаўся ў Слабодцы. На пытанне, як можна прамяняць шумнае сталічнае жыццё на неперспектыўную вёску, разважліва адказвае: – Шукаю цішыні. Тут ціха, спакойна. Люблю прыроду і паляванне. Працуючы вадзіцелем, Дзмітрый аб’ездзіў усю Беларусь і з упэўненасцю заяўляе: – Колькі ў нас цудоўных  мясцін! Колькі прыгажосці! Не разумею тых, хто шукае экзотыкі недзе за мяжой. Няма нідзе лепшай прыроды, чым на Беларусі. У сярэдзіне ліпеня ўся вялікая сям’я Хільчыкаў збярэцца за святочным сталом, каб адзначыць юбілей – Зінаідзе Афанасьеўне спаўняецца 85 гадоў. [caption id="attachment_134061" align="alignnone" width="500"] Дзмітрый Хільчык любіць прыроду і паляванне[/caption] Калі размаўляеш з Дзмітрыем Хільчыкам, Віталем Калядой, Галінай Місько, глядзіш на маладыя прыгожыя твары, улюбёныя ў родную вёску, разумееш: жыццё ў Слабодцы не спыняецца, яно працягваецца. Алена ДУБІНА Фота аўтара і з асабістага фотаальбома Віталя Каляды

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей