Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

23

Мы бережно храним фотографии, награды и просто воспоминания о наших героических предках...

03.07.2023
Мы беражліва захоўваем фотаздымкі, узнагароды і проста ўспаміны пра сваіх гераічных продкаў - Лідзію і анатоля Шкурскіх. Мая прабабуля  Лідзія Шкурская нарадзілася ў 1920 годзе ў вёсцы Балгавічы Капыльскага раёна.  У 21 год яна  пайшла на фронт і да мая 1945 года была сувязісткай у Чырвонай  Арміі. Шмат  пра вайну прабабуля не расказвала: вельмі цяжкімі былі ўспаміны. Радкі аб тых падзеях захаваліся на фотаздымках яе баявых сябровак – Шуры і Тоні. Ад іх жаночай работы залежала сувязь ваенных начальнікаў з галоўнакамандуючымі арміі. Гэтыя дзяўчаты, нароўні з мужчынамі,  падвяргаліся абстрэлам,  укрываліся ў акопах, галадалі і  спаўна зведалі ўсе пакуты вайны. Прабабуля прымала ўдзел у баях пад Саратавам, у сяле Верхазоўка, а таксама ваявала ў раёне  Гарадка Віцебскай вобласці, выконвала абавязкі старэйшага тэлефаніста-сувязіста. Гледзячы ваенныя фільмы, я кожны раз уяўляю сваю прабабулю і са слязамі на вачах успамінаю яе аповед, праўда, пераказаны ўжо маёй матуляй, аб гарадоцкай наступальнай аперацыі савецкіх войскаў 1-га Прыбалтыйскага фронту ў снежні 1943 г. У якіх цяжкіх умовах прыходзілася наступаць савецкім войскам па лясіста-балоцістай мясцовасці з мінімальнай колькасцю дарог! Ускладняла падрыхтоўку і надвор’е: наступіла працяглая адліга, лёд на балоце і рэках растаў, грунтовыя дарогі раскіслі. Боепрыпасы на пазіцыі прыходзілася дастаўляць на руках за некалькі кіламетраў. Шквал варожага агню не даваў магчымасці будаваць масты праз раку Дуброўка. Толькі з паляпшэннем надвор’я пачала актыўна дзейнічаць авіяцыя. Знаходзячыся на перадавой, прабабуля старалася падтрымліваць рэгулярную сувязь. Пад моцным артылерыйскім агнём праціўніка яна наладжвала пашкоджанні на лініі і забяспечвала бесперабойную сувязь камандзіра дывізіёна з наступальнай пяхотай, што садзейнічала своечасоваму выкліку агню нашых батарэй для падаўлення агнявых кропак праціўніка, і стралковыя падраздзяленні рухаліся наперад без страт. І яны справіліся. У выніку аперацыі быў вызвалены Гарадок і звыш 1220 населеных пунктаў. Яна змагла выжыць, выстаяць, вярнуцца. У маі 1945 года яе сустракала ўся вёска. [caption id="attachment_134023" align="alignnone" width="840"] Лідзія Шкурская (крайняя справа ў другім радзе) з аднапалчанамі, 1942 г.[/caption] Разгледзеўшы калодкі са стужкамі і баявыя ўзнагароды  прабабулі, я даведаўся, што яна была ўзнагароджана медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» і іншымі юбілейнымі медалямі. За праяўленую мужнасць была ўдастоена ордэна Айчыннай вайны II ступені. Скончыўшы педагагічныя курсы ў Бабруйску і літаратурны факультэт Баранавіцкага настаўніцкага інстытута, прабабуля працавала ў Яўсеевіцкай школе настаўнікам рускай мовы. Хутка выйшла замуж,  і ў яе нарадзіліся дачка і сын. Сын – гэта мой дзядуля Аляксандр, бацька маёй маці. Мужа Анатолія яна пахавала рана. У час вайны ён атрымаў раненне, якое моцна падарвала яго здароўе. Мой прадзед, Шкурскі Анатолій Васільевіч, лейтэнант, камандзір 7-й роты 245-га стралковага палка 123-й стралковай дывізіі 50-га корпуса з першых дзён вайны да верасня 1942 года мужна і адважна змагаўся ў баях з нямецкімі захопнікамі. Ваяваў на Валхоўскім фронце, які стварылі для абароны гарадоў Ленінградскай вобласці. 15 жніўня 1942 года ў гарачых сутычках з праціўнікам у раёне Неўскай Дуброўкі быў цяжка паранены. За выдатнае выкананне баявых заданняў камандавання ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Акрамя гэтага ў прадзеда Анатолія ёсць узнагароды: медалі  «За абарону Ленінграда»,  «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», ордэн Айчыннай вайны II ступені. Я ганаруся сваім прадзедам , тым, што ён унес уклад у вызваленне Ленінграда. [caption id="attachment_134024" align="alignnone" width="400"] Анатоль Шкурскі, 1938 г.[/caption] У Дзень Перамогі прабабуля часта прымала ўдзел у парадах, атрымлівала віншавальныя лісты і паштоўкі. І сёння гэта самае значнае свята ў нашай сям’і. Пражыла прабабуля 78 гадоў. Да апошніх дзён свайго жыцця любіла сям’ю і жыццё. Заўсёды была добрай, цярплівай і памяркоўнай. І хоць прабабулі Ліды і прадзеда Анатолія ўжо з намі няма, мы з роднымі прыязджаем у вёску, наведваем дом, падтрымліваем парадак. Вышэй за ўсё яны цанілі мір, за які мы,  унукі і праўнукі, ім удзячныя. Мы помнім… Дзяніс ПАШЧЭНЯ, юнкар «СП». Фота з сямейнага архіва

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей